Аб грамадзянскай вайне ў Беларусі

07.06 12:26

5 чэрвеня беларуская служба Радыё Свабода зьмясьціла на сваім сайце тэкст «Халодная грамадзянская вайна». У тэксьце пераказваецца артыкул у аўстрыйскай газэце “Der Standard” пра беларускіх рок-музыкаў і эміграцыю інтэлекту з нашае краіны. Тэкст завершаны гэтакім сказам: “Са словаў сьпевака Лявона Вольскага, якія прыводзяцца ў артыкуле, у краіне ідзе «халодная грамадзянская вайна», паколькі нацыя расколатая”.

 

Маю ўвагу працягнулі як загаловак тэксту, гэтак і Лявонавы словы. Трохі займаючыся гісторыяй ідэяў і тэрмінаў (да гэтага змушае дасьледчыцкая праца), я парадаваўся за Валера Карбалевіча.

 

Думку пра тое, што ў Беларусі ідзе халодная грамадзянская вайна, Валер Карбалевіч ці не ўпершыню выказаў у эфіры, выступаючы 20 студзеня 2011 году на БелСаце. Фрагмэнт гэтае перадачы можна знайсьці ў інтэрнэце: http://www.youtube.com/watch?v=ePCBowvDvYo.

 

5 сакавіка мінулага году словы Валера Карбалевіча пра грамадзянскую вайну цытавала Эўрапейскае радыё: 5 сакавіка http://euroradio.fm/ru/node/12196.

 

Паколькі я, апроч футболу, ніякіх тэлеперадачаў не гляджу, а пра хвалі Эўрапейскага радыё ня маю ўяўленьня (няхай дзяўчаты і хлопцы з ЭР мне даруюць), то, лічу, выказаў, думку пра халодную грамадзянскую вайну ў Беларусі незалежна ад Валера Карбалевіча. Летась 5 кастрычніка я напісаў, а 6-га разьмясьціў на сваёй старонцы ў ЖЖ артыкул “Нельга даць ашукаць сябе і самім падмануцца”. У гэтым артыкуле я пісаў: “Давялося чытаць, што Беларусь 17 год знаходзіцца на ваенным становішчы. Можна ўдакладаніць: у Беларусі вось ужо 17 год ідзе халодная грамадзянская вайна”. І прыводзіў свае аргумэнты.  

 

Цяпер, пакорпаўшыся ў сеціве, я прызнаю аўтарства і прыярытэт Валера Карбалевіча у выказваньні абсалютна слушнае думкі наконт халоднае грамадзянскае вайны ў нашай краіне. 

 

У тым, што пэўная думка слушная, можна пераканацца тады, калі яна паўтараецца іншымі людзьмі незалежна ад яе сапраўднага аўтара (гэтым іншым быў я), калі яна пайшла “гуляць” сама па сабе і калі аўтара ўжо цяжка або цяжкавата знайсьці. Так здарылася і з выказваньнем Валера Карбалевіча. Пра тое сьведчаць ня толькі цытаваныя аўстрыйскай газэтай словы Лявона Вольскага. Гэтую думку ў тым жа сеціве я вычытаў сёньня ў адным з камэнтароў да пэўнага тэксту на сайце Хартыі’97: http://www.charter97.org/ru/news/2012/5/21/52556/comments/.

 

Не магу не стрымацца, каб не дадаць: у адрозьненьне ад нашых маладзейшых палітолягаў, Валер Карбалевіч мае за плячыма гістарычны факультэт БДУ, калі студэнты мусілі чытаць (а старанныя студэнты і самі чыталі) і “Клясавую барацьбу ў Францыі”, і “18 брумэра Люі Банапарта”, і “Грамадзянскую вайну ў Францыі”, і “Рэвалюцыю і контаррэвалюцыю ў Нямеччыне”. Нашы маладзейшыя магістры і нават дактары палітычных навук, як правіла, клясыкаў не чыталі, а таму пэрыядычна трызьняць аб лібэралізацыі і нават беларусізацыі рэжыму.

  

Анатоль Сідарэвіч

6 чэрвеня 2012 г.