Алег Дзьячкоў: Расейцы цяжка ўспрымаюць той факт, што ў нас з імі розная гісторыя

26.04 09:04

23-24 красавіка Беларусь масава ахапіў Фэст экскурсаводаў. Чатыры экскурсіі прайшлі і на Магілёўшчыне. Самую першую экскурсію па гістарычным цэнтры Магілёва пад назвай “Будынкі і людзі” вёў старшыня магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, краязнаўца і прафесійны экскурсавод Алег Дзьячкоў. Хоць у дзень экскурсіі 22 красавіка і стаяла халоднае надвор’е, але людзей сабралося багата - прагнуць беларусы да роднай гісторыі. Мы пагутарылі з Алегам Дзьячковым пра асаблівасці нацыянальнага турызму на Беларусі.



Каму і навошта патрэбны Фэст экскурсаводаў?


Мы і раней праводзілі бясплатныя экскурсіі, прымеркаваныя да Міжнароднага  дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін, які ладзіцца 18 красавіка. Але ў гэтым годзе далучыліся да Фэсту, каб яшчэ больш людзей пазнала Магілёў. Калі вы будзеце ведаць гісторыю свайго месца, вы будзеце берагчы гэты горад, будзеце ганарыцца ім.


Мы кожны год шукаем новыя формы правядзення экскурсій, каб прыцягнуць новыя колы людзей. Бясплатныя экскурсіі - адна з магчымасцяў. Але ў мінулым годзе намі была вынайдзена яшчэ адна паспяховая плыня - гэта велаэкскурсіі. З траўня 2016 года  мы пачынаем праводзіць раз на месяц экскурсіі на роварах па новаму маршруту. І першая роварная экскурсія запланавана ўжо на 17 траўня. Экскурсія будзе касцюміраваная, але гэта пакуль яшчэ сакрэт...




Хто звычайна замаўляе экскурсіі па Магілёве? Хто вашыя турысты?


Беларусы ў Магілёў едуць у апошнюю чаргу, калі ўжо наведалі астатнія абласныя гарады. Думаюць, тут няма чаго глядзець, просяць паказаць ім горад за 6 гадзін. У гістарычным цэнтры Магілёва вельмі шмат захавалася цікавых будынкаў, а гісторый, звязаных з імі, яшчэ болей. Пасля экскурсіі турысты прызнаюцца, што недаацанілі Магілёў і трэба яшчэ не раз вярнуцца.


У сувязі з крызісам сёння расейскіх турыстаў паменіла, але яшчэ едуць. Магілёў для расейцаў звычайна становіцца вялікім адкрыццём. Яны думаюць, што тут раней панавала літоўская мова, а я іх заводжу ў Ратушу і паказваю ім статут ВКЛ, каб паглядзелі на беларускую мову XVI стагоддзя.


Расейцы цяжка ўспрымаюць той факт, што ў нас усё ж такі розная гісторыя. Напрыклад, мы звыкліся з савецкіх часоў, што Пётр І - агульны нацыянальны герой, а тут яны даведваюцца, што Пётр І спаліў Магілёў і не толькі яго, але і Віцебск і Воршу - палову Беларусі спаліў. Але ў той жа час у іх Пятру І ўсталяваны 30-метровы помнік у Маскве… Я ім тлумачу, што ў вас свае нацыянальныя героі, а ў нас - свае. Расейцаў гэта вельмі ўражвае і яны кажуць: “Вось пры саюзе ўсе былі патрыётамі, а зараз вырасла такое пакаленне, як вы - нацыяналістаў”.



Ці ўзнікаюць на фоне гістарычнай спадчыны спрэчкі?


На гістарычнай падставе вельмі шмат спрэчак, але яны абгрунтаваны няведаннем сваёй гісторыі. Адметнасць расейцаў у тым, што яны едуць глядзець замежжа перад тым, каб пазнаёміцца са сваёй радзімай. Калі паказваю ім Паднікольскі манастыр, яны кажуць, што такой прыгажосці ніколі не бачылі. Сапраўды ніколі і нідзе? А ці былі вы ў Навадзевіччым манастыры ў Маскве? Не былі… Таму раю, перад тым, як ехаць кудысьці ў Егіпет, у Турцыю, ў Гішпанію ці ў Беларусь, вы самыя выбітныя мясціны Масквы наведайце і пабачыце той манастыр, які будавалі беларусы ў XVIІ стагоддзі. Дзівяцца, што Круціцкі манастыр - рэзідэнцыю маскоўскіх патрыярхаў - таксама будавалі беларусы - Сцяпан Полубес - майстар па вырабу кафлі з Мсціслава. У савецкія часы расейцы вывучалі, што, наадварот, гэта яны, рускія неслі ўсюды асвету, усё новае, перадавое. Але гэта не так. Ужо даўно выдадзена і прадаецца ў крамах кніжка, якую я раю набываць расейскім турыстам - “Беларусы Масквы XVIІ стагоддзя”.



На якой мове праводзіце экскурсіі?


Калі магілёўскія турфірмы замаўляюць для маленькіх дзетак, пачатковых класаў, то экскурсіі для іх праводжу на расейскай мове. Бо яны і па-рускі яшчэ слаба разумеюць. Калі старэйшыя класы, то 50/50, усё залежыць ад настаўніка: скажа, што мы вывучаем беларускую мову, гісторыю Беларусі, давайце на мове - будзе так, а скажа, што надакучыла нам гэтая мова - будзе інакш.


Калі для дарослых замаўляюць, то 80% бяруць экскурсіі на беларускай мове. Заўважыў, што чым менш гарадок, тым больш у іх комплекс, што яны ўсё ж такі “адукаваныя” людзі, ім трэба на рускай мове. Для гасцей з Бялыніч неяк праводзіў, яны кажуць: “Давай нам, Алег, па-рускі, а то мы нічаво не панімаем”. А калі буйныя гарады - Менск, Гомель і інш, то 90% дарослых на беларускай мове просяць. Сталічныя госці  больш за ўсё беларускамоўвых экскурсій замаўляюць.


Расейскія групы просяць, каб нешта ім распавёў на мове. Я і сам заўсёды пачынаю экскурсію для расіян па-беларуску. Вітаюся з імі, яны пачынаюць усміхацца, а пасля нейкі фрагмент прапаную ім на беларускай мове паслухаць. Яны кажуць, што калі б дзень-два, то пачалі б і разумець, а так адразу цяжка. Украінскія групы прыязджаюць, я з імі па-беларуску, яны са мной па-украінску і адзін аднаго разумеем. Ва аўтобусе для ўсіх стаўлю звычайна беларускія гістарычныя мульцікі, іх вельмі станоўча ўспрымаюць.



 

Чаму ў Магілёў турысты едуць у самую апошнюю чаргу?


У плане турызму сапраўды Магілёў і вобласць аутсайдары. У нас мала што захавалася, мы не аднавілі нешта такое яскравае з помнікаў архітэктуры і прыроды. У нас няма Белавежскай пушчы, няма Міра і Нясвіжа, хоць Быхаўскі замак мог бы вяглядаць ня горш. Што такое Мірскі замак 50-100 год таму? Там адны сцены былі! У такім жа стане сёння знаходзіцца і Быхаўскі замак. Калі яго аднавіць, зрабіць ягоную рэстаўрацыю, рэканструкцыю, гэта будзе выбітны помнік і турыстычны аб’ект на ўзроўні Мірскага замку. Лепшая людвісарня (майстэрня па вырабу гарматаў на Беларусі) была менавіта тут, у Быхаве. Але сёння там усё ў руінах.


У кожным абласным горадзе ёсць нешта такое, што піярыцца на ўвесь свет. У Віцебску - гэта Марк Шагал, у Гомелі - Палац Румянцавых і Паскевічаў, а Магілёў як брэнд не раскручаны. Самы цікавы і эфектны аб’ект у нас - Ратуша, але хто яе рэкламуе?



Затое прамоцыі набірае леў з Магілёва…


Леў з’яўляецца сімвалам прыкладна паловы гарадоў Еўропы. З Гданьску была група і яны мне падаравалі бірольку са львом: кажуць, а вось сімвал нашага гораду. Таму леў Магілёва - чарговы леў у Еўропе. А ў нас ёсць тое, гістарычнае адметнае, чаго няма ні ў кога - наш Машэка. Добры ці не, гэта не істотна, гэта легенда, якая мае сваё ўвасабленне ў рэчаіснасці: мастацкі фільм “Магіла льва” зняты з сэкс-сімвалам СССР Алегам Відавым, паэма пра Машэку “Магіла льва” напісана Янкам Купалам, верш “Машэка” Уладзіміра Караткевіча надрукаваны ў 1955 годзе,  пастаўлены спектаклі, опера ёсць.



Што замінае беларускаму турызму?


Дзяржаўная падтрымка павінна быць на больш сур’ёзным узроўні. Трэба выдаткоўваць сродкі на рэкламу нашых турыстычных аб’ектаў. Побач з намі Масква, 20-мільённы горад. Прыкладна 1 мільён расіян на навагоднія святы прязджае ў Беларусь. Яны едуць неарганізаванымі групамі і складаюць свой маршрут самастойна. Чаму б загаддзя аб гэтым не падумаць і не закінуць у Маскву і Піцер нашыя відэаролікі, банэры, буклеты, каб прапіярыць свае турыстычная напрамкі?


Акрамя добрага мэнэджменту ў турызме патрэбныя яшчэ і добрыя апавядальнікі. Я езджу па ўсёй Беларусі і часта сутыкаюся, што нават у сталіцы спецыяліст двух словаў звязаць не можа. Супрацьлеглы прыклад, прыязджаем у глухую занядбаную вёску Завоссе на радзіму Адама Міцкевіча, там нас сустракае спадар Анатоль Еўмянькоў і яго слухаюць ўсе ад мала да вяліка. Пасля экскурсіі людзі называюць ягоны аповед самым цікавым момантам усёй экскурсіі, куды былі уключаны і Мір і Нясвіж. Людзі едуць не на аб’ект, а на асобу. Не будзе такога экскурсавода, ніхто не паедзе.  


Таму праблема нават не ў помніках і музеях, а ў кадрах: вельмі мала спецыялістаў і зацікаўленых людзей.




Галерэя