Алесь Агееў: У Магілёве ў спісе першых на ўшанаванне стаяць Цішка Гартны і Аляксандр Дамбавецкі

27.06 13:22

У Магілёве распачата грамадскае абмеркаванне пытання аб перайменаванні плошчы Арджанікідзэ. Сябра Тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме, у якую і паступіла такая прапанова, гісторык Алесь Алееў распавёў нам, у якім выпадку і як праводзіцца перайменаванне тапанімічных аб’ектаў у Магілёве.


Чым займаецца Тапанімічная камісія і хто ўваходзіць у яе склад?


Тапанімічная камісія - гэта дарадчы орган пры гарвыканкаме, ён не прымае самостойных рашэнняў, абавязковых для выканання. Мы павінны разгледзець усе прапановы, якія паступаюць да нас адносна тапанімікі горада, і ўхваліць іх ці не.


Я бы назваў тапанімічную камісію вельмі ўдалай формай папярэдняга грамадскага абмеркавання, бо камісія складаецца з самых розных людзей, што забяспечвае розныя падыходы і погляды. Сярод сябраў камісіі гісторыкі, архітэктары, ідыёлагі, навуковыя супрацоўнікі, ветэраны, дэпутаты і іншыя.


Адно з апошніх пытанняў, якое разглядала Тапанімічная камісія - аб перайменаванні плошчы Арджанікідзэ. Хто выступіў з гэтай ідэяй і ў чым яна палягае?


У дадзеным выпадку з ініцыятывай выступіла група праваслаўных актывістаў. Да 300-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага (будзе адзначацца ў 2017 годзе) яны хочуць перайменаваць плошчу Арджанікідзэ ў гонар святара. Вернікі таксама просяць ухваліць іх ідэю аб усталяванні помніка Георгію Каніскаму.


Пад час рагледжання гэтага пытання ў Тапанімічнай камісіі супярэчнасцяў не ўзнікла. Супастаўляючы вагу для магілёўскай гісторыі постаці Каніскага і Арджанікідзэ, то гэта велікан і карлік. Калі ўзважваць гэтыя дзве фігуры, безумоўна, Архіепіскап Магілёўскі і Беларускі Георгій Каніскі мае перавагу.



І што далей, які механізм дзеянняў? Ці будзе плошча дакладна перайменавана і  якую назву атрымае?


Зараз нельга казаць, што плошча Арджанікідзэ дакладна атрымае новую назву, а калі атрымае, то мы не ведаем, якую. Грамадскае абмеркаванне дзеля таго і адбываецца, каб вызначыць усе акалічнасці. Людзі могуць выказвацца праз мясцовы друк. Дастаткова напісаць ліст з асабістым меркаваннем ці прапановай у Магілёўскія дзяржаўныя газеты. Таксама можна выкарыстаць і форму звароту на сайте Магілёўскага гарвыканкаму.


Вынікі грамадскага абмеркавання зноўку будуць разглядацца на тапанімічнай камісіі, а затым прапанова паступіць у гарвыканкам. Але і ён не вырашае канчаткова. Далей справе пойдзе ў гарадскі Савет, потым можа сказаць сваё слова і абласны. Пасля іх пытанне абавязкова раглядаецца Міністэрствам юстыцыі, дзе правяраюць усе дакументы на адпаведнасць беларускаму заканадаўству. Як раз да 2017 года павінны паспець прайсці ўсе інстанцыі.


А якія ёсць варыянты перайменавання плошчы Арджанікідзэ, паміж чым выбіраць?


Варыянты ад “пакінуць, як ёсць” да зусім іншай назвы. Першы варыянт звычайна агучваюць ветэраны-камуністы, якія не жадаюць пазбаўляцца савецкіх назваў.  Бывае і такое, што людзі, якія супраць, нічога не прадпрымаюць. І калі ў грамадстве не агалошваюцца іншыя прапановы, то гэта падстава думаць, што ўсе падтрымліваюць першапачатковую прапанову.


Пакуль у тапанімічнай камісіі ёсць два варыянты, як перайменаваць плошчу Арджанікідзэ: кароткі “плошча Георгія Каніскага” і даўгі “плошча свяціцеля Георгія Каніскага”. На этапе ўзгаднення ў Міністэрстве юстыцыі могуць узнікнуць пытанні наконт другой назвы: чаму ў свецкай дзяржаве, якой з’яўляецца Беларусь, у тапанімічных назвах ужываюцца рэлігіёзныя тэрміны (слова “свяціцель”).



А чаму не разглядаецца пытанне надання плошчы старой, дасавецкай назвы?


Плошча Арджанікідзэ не мела такой назвы. Гэтая плошча, як тапанімічны аб’ект, сфармавалася ўжо ў пасляваенны час, калі па Магілёву пачалі пракладаць тралейбусныя лініі.


У раёне сённяшняй плошчы Арджанікідзэ перакрыжоўваецца некалькі гістарычных назваў: вуліца Малая Садовая (сённяшняя Піянерская), вуліца Падвальная (пад Архіерэйскім валам Каніскага) і Касцерня - маленькая плошча, дзе сёння знаходзіцца паркоўка і запраўка Белнафтахім.


Пакуль ідзе рэканструкцыя ўчастка ад плошчы да пачатку маста праз Днепр, варта было б пачаць гаворку яшчэ аб адным перайменаванні. Гэты кавалак дарогі сёння нібыта з’яўляецца часткай вуліцы Чалюскінцаў, але раней ён насіў назву вуліца Падвальная. У беларускім прамаўленні “Падвалле” - і з гісторыяй звязана, і мае лагічнае абгрунтаванне (знаходзіцца пад валам), адразу можна пажартаваць, і бачна, што назва не ўзята ніадкуль. Было б добра гэты кавалак дарогі сёння назваць менавіта так.


Чаму вы асабіста падтрымалі ідэю аб перайменаванні плошчы?


Я падтрымліваю саму ідэю і неабходнасць абмеркавання такіх пытанняў. Мне падаецца, маладзейшае пакаленне падтрымае гэтую ініцыятыву, толькі б пазбавіцца яшчэ адной савецкай назвы. Маладое пакаленне проста не ведае, хто такі Сярго Арджанікідзэ. А я прытрымліваюся той кропкі гледжання, што Сярго быў выбітным савецкім дзеячам, у свой час яго імя грымела на ўвесь саюз, у яго гонар называлі не толькі плошчы, але і гарады. Час змяніўся. Трэба прызнаць, што ў гісторыі Магілёва Сярго не пакінуў важнага следу, у адрозненні ад Георгія Каніскага, якога ведаюць і па школьных падручніках, імя якога ўзгадваецца ў тэксце гімна горада Магілёва. Беларусам вельмі патрэбна сёння пашыраць веды ў сваёй гісторыі, таму, чым больш узгадак аб яе будзе ў горадзе, тым лепей. У гэтым сэнсе перавага за наданнем.



Як часта ў Тапанімічную камісію звяртаюцца з прапановамі аб перайменаванні?


Сёння менш стала прапаноў аб перайменаванні вуліц у Магілёве. На маю думку, гэта звязана з украінскімі падзеямі. Людзі сталі асцярожней. А раней вельмі часта пісалі: “давайце назавём мікрараён ля праспекта Дзімітрава, 78 “Абвгдейка”, бо там дамы стаяць ў парадку а-б-в-г-д; “а давайце адбудуем Багаяўленскі сабор” - пасля аднаўлення Ратушы на хвалі ўздыму ад вяртання гістарычнай спадчыны было шмат такіх прапаноў.


У тапанімічнай камісіі нават спіс ёсць, каго і як трэба ўшанаваць. У першай чарзе стаяць асобы Цішкі Гартнага і Аляксандра Дамбавецкага. Хацелася б, каб Магілёў меў помнікі ў гонар славутых людзей, але ўсё ўпіраецца ў грошы. Калі нейкія актывісты захочуць распачаць збор сродкаў на гэтыя мэты, мы першыя падтрымаем і далучымся да збору. Не так даўно сіламі актыўных грамадзян удалося ўсталяваць памятную дошку Валянціну Ермаловічу, выбітнаму рэжысёру і актору.


На ваш погляд, на каго ў развіцці ці аднаўленні гарадской тапанімкі Магілёву трэба раўняцца?


У плане насычанасці гарадской прасторы помнікамі мне падабаецца Віцебск. Асабліва той факт, што там навучыліся ўспрымаць сваю гісторыю і аднолькава ставіцца да розных яе этапаў. Аб гэтым сведчыць суседства ў адным горадзе помнікаў князю Альгерду і Аляксандру Неўскаму. Не трэба ўспрымаць помнік, як ідал, я асабіста бачу ў ім ўспамін аб нейкай падзеі, аб гісторыі.


У Магілёве да прапаноў расейскага боку паставіць у нас помнік (бясплатна!) нейкаму расейскаму дзеячу ставяцца крытычна. Але ж гэта таксама частка нашай гісторыі. Я згодзен, што для Магілёва важна ўшанаваць такіх асобаў, як Янка Купала, Аляксандр Дамбавецкі, Цішка Гартны, але і Кацярыне ІІ, Пятру І, ці нават Карлу ХІІмы таксама можам паставіць помнікі.


У плане ж перайменавання вуліц для мяне паказальны прыклад Менска, дзе  вярнулі шмат гістарычных назваў. У свой час я збіраў подпісы за “Тапанімічны маніфест”, з якога ішла прапанова хаця б паміж сабой ужываць старажытныя назвы вуліц. Каб людзі іх ведалі, трэба ўсталяваць на гэтых вуліцах адпаведныя шыльды: Карла Маркса - Зялёная, Лазарэнкі - Віленская, Ленінская ад Болдзіна да плошчы Славы - Ветраная і г.д. Дарэчы, у гэтым маніфесце для плошчы Арджанікідзэ прапаноўвалася назва Касцерня. Галоўнае, каб гэтыя веды былі, а ўжо час, сацыяльная практыка самі пакажуць больш спрыяльныя назвы.



 

Галерэя