Аляксандр Буракоў: не прызнаю галоўнакамандаючага, таму адмаўляюся прымаць прысягу

11.05 12:00

 

Калі ўся краіна рыхтавалася з размахам адзначыць Дзень перамогі, некаторыя хлопцы рыхтаваліся да паўнавартаснай службы, бо ў актыўнай фазе ідзе чарговы прызыў. Мы паразважаем аб вайсковым абавязку ў Беларусі з сёлетнім прызыўніком Аляксандрам Бураковым. Хлопец не згодзен з рашэннем прызыўной камісіі аб прызнанні яго прыдатным да службы ў войску і збіраецца яго абскардзіць.  


Вы знаходзіцеся ў прызыўным узросце, чаму дагэтуль не служылі?


Мабілізацыйны працэс у беларускае войска ажыццяўляе ваенкамат. Туды я прыходзіў не аднойчы, але мяне раней не бралі. Спачатку далі адтэрміноўку для навучання ў ВНУ на пяць год, потым год адтэрміноўкі праз навучанне ў магістратуры. Восенню 2015 года мяне ўпершыню пачалі неяк цягаць. Я праходзіў медыцынскія абследванні, пасля якіх мне выставілі дыягназ “часова непрыдатны”. У лютым, перад пачаткам новай прызыўной кампаніі, я зноўку з’явіўся ў ваенкамат па позве. І тут усё як завярцелася, як закружылася!


У выніку 26 красавіка мяне прызналі прыдатным да службы ў войску. Але я з гэтым рашэннем не згодны і збіраюся дамагчыся яго адмены.



Што менавіта выклікала вашую нязгоду, што стала падставай для скаргаў?


26 красавіка медыцынская камісія пазначыла, што я “абмежавана прыдатны” да вайсковай службы, з чым я не згодны, бо пакутую ад захворванне каленных суставаў.


Іншая праблема паўстала ў тым, што я хацеў патрапіць на пасяджэнне гарадской прызыўной камісіі, на падставе рашэнняў якой прымаюць у войска, але не змог. Нават калі я выказаў яснае жаданне прысутнічаць на гэтым пасяджэнні, у мяне не атрымалася туды патрапіць. На маю ўласную думку, сама камісія, якая вырашае далейшы лёс прызыўнікоў, 26 красавіка ўвогуле не збіралася. Да таго, я заўважыў фармальныя парушэнні заканадаўства ў рашэнні ГПК.



Вашыя далейшыя дзеянні?


Я падаў скаргі ў абласную прызыўную камісію і пракуратуру Магілёва, у якіх прашу адмяніць рашэнне гарадской прызыўной камісіі, па якім мяне прызналі прыдатным да службы ў войску, бо лічу гэтае рашэнне неабаснаваным і незаконным. Маю прэтэнзіі і да рашэння медыцынскай камісіі, якая раптам прызнала мяне “абмежавана прыдатным”, хоць я і маю захворванне, якое, на маю думку і думку знаёмых лекараў суадносіцца са статусам “непрыдатны ў мірны час”. Таму прашу прызнаць мяне “НПЧ”, ці назначыць незалежную медыцынскую экспертызу.


А самі ці маеце жаданне ісці ў войска?


Я не супраць свайго канстытуцыйнага абавязку. Аднак усё павінна быць па закону. Вельмі простая рэч: калі б у ваенкамаце па вул. Крупскай, 99 лепш ставіліся да прызыўнікоў, калі б нахабна не парушаліся законы, калі б не было адкрытага ціску, у мяне б і думкі не было за нешта змагацца. Але калі я бачу, што, як толькі ты пачынаеш скардзіцца на нейкія медыцынскія праблемы, да цябе адразу стаўленне, як да “касінера”. Вы не ўяўляеце, як там могуць адказваць “лекары”, калі малады хлопчык, гадоў 18-20, пачынае нешта мармытаць аб тым, што ў яго праблемы са здароўем. На яго могуць проста пачаць крычаць, што яму нічога не баліць і адправіць вельмі далёка.


Я не супраць абараняць дзяржаву, але ж дзяржава хоча, каб гэта было не патрыятычнае жаданне, а рабалепскае паслушанне прыказам зверху.



Пракаментуйце вашае рашэнне напісаць адмову ад прыняцця прысягі


У тэксце прысягі ёсць словы аб тым, што я павінен выконваць прыказы камандзіраў. Аднак у мяне цікавае пытанне - калі, напрыклад, трэба будзе ахвяраваць жыццём дзесяці чалавек дзеля абароны жыцця кіраўніка дзяржавы, што выбяруць камандзіры? Добра. А калі я лічу, што сённяшні галоўны камандзір, які з’яўляецца і кіраўніком дзяржавы, нелегітымны? Калі я ведаю ад маіх сяброў-праваабаронцаў, дакладаў АБСЕ, што ўсе выбары пасля 1994 - сфальсіфікаваныя? Я не настойваю - кожны можа верыць у тое, што хоча. Хоча хтосьці ісці і прысягаць - калі ласка, гэта пазіцыя і выдатна, калі яна ўвогуле ёсць. Але чаму я буду клясціся ў вернасці таму, каму я не давяраю? Не буду, і я гэта сказаў прама. Я вельмі люблю сваю краіну, аднак яна з дзяржавай - гэта розныя рэчы.


Пры гэтым яшчэ раз паўтару, што не супраць канстытуцыйнага абавязку. То бок на альтэрнатыўную грамадскую службу я б пайшоў з задавальненнем, бо там я хоць буду бачыць карысць ад сваёй дзейнасці. Асабліва калі яна будзе звязана з дапамогай людзям.


Што думаеце пра беларускае войска?  Якая ад яго галоўная карысць?


Не думаю, што я маю права разважаць на гэтую тэму. Нажаль, войска ў сённяшняй знешнепалітычнай сітуацыі проста неабходна. Іншая справа, якім яно павінна быць. Ці сапраўды гэта доўг дзяржаве, або год ці паўтара гады выкарыстанне цябе, як “юніта”? І ці могуць быць даўгі перад дзяржавай, калі ў людзей у дзяржсектары заробак - 100-150$, неверагодныя па сваёй сутнасці падаткі, жыллёвыя праблемы? Гэта, канечне, больш рытарычнае пытанне. Вялікае пытанне, што можа зрабіць армія “тэрміноўнікаў” з высакаякаснымі кантрактнікамі, якія ёсць у НАТА і ў Расеі.



Ведаеце выпадкі ўкланістаў, ці можа наадварот, людзей, якія вяртаюцца з арміі новымі людзьмі? Аб чым сведчаць гэтыя прыклады?


Укланістаў сярод маіх знаёмых няма - у каго сапраўдныя адтэрміноўкі ёсць, а хто проста адслужыў. Ёсць чалавек, які прайшоў паўтара гады службы, дасягнуў звання сяржанта, зараз будзе працаваць у дэпартаменце аховы ў Менску - годны, сумленны чалавек, якога я паважаю. Не думаю, што армія занадта штосьці адкрывае ў чалавеку знутры. Адкрывае, магчыма, любы мужчынскі калектыў.


Што думаеце аб выказванні: “не служыў - не мужык?”


Ага, а калі не п’еш, то хворы? Смешная заява. З тых, хто так лічыць, можна добра парагатаць, бо, хутчэй за ўсё, гэтыя людзі лепш памятаюць праграму ТБ, чым школьную праграму.


На сённяшні дзень адчуваеце нейкую небяспеку? Там - вайна, там  -  тэрарысты. Хто будзе абараняць Беларусь, калі нешта здарыцца?


Ізноў-такі, што такое абараняць Беларусь? Сцяг? Герб? Уладу? Зямлю? Для мяне на першым месцы - сям’я і дарагія людзі, людзі, якіх я паважаю. За іх я гатовы браць зброю і абараняць ці то ад расейцаў, ці то ад натаўцаў, ці то ад лятучых драконаў.



Ці надае Дзень перамогі нейкае натхненне прызыўнікам?


Вялікія перамогі патрэбны нацыям для станаўлення - і гэта той выпадак, калі на базе перамогі над нацызмам выбудоўваецца пэўная ідэалогія маладой краіны. Я нават не магу сказаць, што гэта дрэнна. Але праблема ў тым, што перамогу атрымаў Савецкі саюз. А мы - Беларусь. СССР - неад’емная частка нашай гісторыі, аднак як можа стаць моцным нацыянальны патрыятызм, калі твая перамога - гэта яшчэ і перамога Расіі, Украіны?


І канечне я не згодзен, што гэта - светлае свята. Мільёны загінутых, згвалтаваных, дзеці, жанчыны - гэта дзень смутку, прычым для ўсяго чалавецтва, якое ў 1939-1945 гадах засталося сам насам з сабою і ідэяй “звышнацый”. Ні водная перамога не можа змыць кроў, якая засталася пасля бойкі.


Ці мае патрыятызм нешта агульнае з арміяй?


Патрыятызм павінен мець шмат агульнага з мазгамі. Патрыятызм - гэта і армія таксама. Але патрыятызм - гэта яшчэ і праца праваабаронцаў, праца медыкаў і настаўнікаў, праца тых людзей, якія хочуць абараняць не нейкую абстрактную тэрыторыю ці ўладу, ці ідэю. Гэта людзі, якія абараняюць адзін аднаго - свае сем’і, сваіх сяброў, суайчыннікаў. І няма вялікай розніцы - робіш ты гэта як праваабаронца, які дапамагае рэпрэсаваным, настаўнік, які апавядае гісторыю сваёй краіны, ці як вайсковец са зброяй у руках.

 

Галерэя