Аналітыка “Права выбару-2018”: Дэмакратычныя кандыдаты нясуць найбольшыя страты пры рэгістрацыі

01.12 07:25

Юрыдычныя аспекты рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты рэгулюецца арт. 68 “Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты” Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У нашым выпадку (выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў) прэтэндэнты ў дэпутаты рэгіструюцца тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй за 30 дзён да выбараў.

У адпаведнасці з арт. 66 “Дакументы аб вылучэнні кандыдата ў дэпутаты, якія прадстаўляюцца ў акруговую, тэрытарыяльную выбарчую камісію” кандыдатат у дэпутаты мусіць прадаставіць не пазней чым за 40 дзён да дня выбараў пісьмовую заяву аб згодзе балатавацца па дадзенай выбарчай акрузе, копію пашпарта, біяграфічныя звесткі (звесткі аб наяўнасці судзімасці ўносяцца ў біяграфію), копіі дакументаў, якія пацвярджаюць адукацыю, месца працы, займаймую пасаду, пісьмовую заяву аб згодзе пры выбранні дэпутатам на вызваленне ад займаемай пасады або на спыненне адпаведных паўнамоцтваў, дэкларацыю аб даходах і маёмасці.

Пры вылучэнні кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў палітычнай партыяй для рэгістрацыі дадаткова прыкладаюцца: пратакол кіруючага органа арганізацыйнай структуры (сходу пярвiчнай арганiзацыi) палiтычнай партыi аб вылучэннi кандыдата ў дэпутаты; копія пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі палітычнай партыі; копія статута палiтычнай партыi; копія пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі (пастаноўцы на ўлік) арганізацыйнай структуры палітычнай партыі, якая вылучыла кандыдата ў дэпутаты; копія дакумента, якi пацвярджае членства ў палiтычнай партыi асобы, якая вылучана кандыдатам у дэпутаты.

Для вылучэння у абласны і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў прыкладаецца не менш за 150 подпісаў выбаршчыкаў; у раённы, гарадскi (горада абласнога падпарадкавання) Савет дэпутатаў – не менш за 75; у гарадскі (горада раённага падпарадкавання), пасялковы і сельскі Савет дэпутатаў – не менш за 20. У падпісных лістах павiнны быць подпiсы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчай акругі.

Выбаршчыкі, якія вылучылі кандыдата ў дэпутаты шляхам збору подпісаў, маюць права да здачы падпісных лістоў у акруговую, тэрытарыяльную выбарчую камісію зняць свае подпісы ў падпісных лістах, падаўшы аб гэтым заяву ў адпаведную выбарчую камісію.

Арт. 681 “Адмова ў рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты”вызначе выпадкі, калі тэрытарыяльная камісія можа адмовіць у рэгістрацыі кандыдату ў дэпутаты:

  • неадпаведнасці асобы, якая вылучана кандыдатам, патрабаванням, што прад’яўляюцца Выбарчым кодэксам, да кандыдата;

  • наяўнасці судзімасці ў асобы, якая вылучана кандыдатам;

  • незахавання патрабаванняў, прадугледжаных Выбарчым кодэксам, да вылучэння кандыдата;

  • непрадстаўлення аднаго або некалькіх дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата;

  • недастатковай для рэгістрацыі кандыдата колькасці сапраўдных подпісаў выбаршчыкаў, сабраных у падтрымку вылучэння кандыдатам;

  • выкарыстання ў інтарэсах выбрання грашовых сродкаў або іншай матэрыяльнай дапамогі замежных дзяржаў і арганізацый, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, міжнародных арганізацый, арганізацый, заснавальнікамі (удзельнікамі, уласнікамі маёмасці) якіх з’яўляюцца замежныя дзяржавы, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства;

  • наяўнасці ў падпісных лістах па вылучэнню кандыдата ў дэпутаты больш 15 працэнтаў несапраўдных подпісаў ад агульнай колькасці правераных подпісаў выбаршчыкаў;

  • у іншых выпадках неадпаведнасці парадку вылучэння патрабаванням Выбарчага Кодэкса.

Акруговая, тэрытарыяльная выбарчая камісія мае права адмовіць у рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты ў выпадку:

  • прадстаўлення ў дэкларацыі аб даходах i маёмасцi асоб, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты, звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і маюць істотны характар;

  • выкарыстання пераваг службовага становішча ў інтарэсах выбрання, указаных у частцы другой арт. 73 Выбарчага кодэкса;

  • удзелу адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў, прымушэння ў працэсе збору подпісаў і ўзнагароджання выбаршчыкаў за ўнясенне подпісу;

  • паўторнага парушэння асобай, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты, або ініцыятыўнай групай патрабаванняў Выбарчага кодэкса i iншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, калі раней ім было вынесена папярэджанне.

Рашэнне акруговай, тэрытарыяльнай выбарчай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам з указаннем падстаў адмовы ў рэгістрацыі выдаецца не пазней чым на наступны дзень пасля прыняцця рашэння.

Рашэнне акруговай, тэрытарыяльнай выбарчай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў можа быць абскарджана асобай, якая вылучана кандыдатам у дэпутаты, у вышэйстаячую тэрытарыяльную выбарчую камісію ў трохдзённы тэрмiн з дня прыняцця рашэння, а рашэнне вышэйстаячай тэрытарыяльнай выбарчай камiсii ў той жа тэрмiн можа быць абскарджана адпаведна ў абласны, Мінскі гарадскі, раённы суд. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з’яўляецца канчатковым.

Кандыдат у дэпутаты можа быць пазбаўлены рэгістрацыі ў адпаведнасці з арт. 701 “Адмена рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты за парушэнне патрабаванняў Выбарчага кодэкса”.

Акруговая, тэрытарыяльная выбарчая камісія мае права без папярэдняга папярэджання адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі у дэпутаты ў выпадку:

  • незахавання абмежаванняў пры правядзенні перадвыбарнай агітацыі, устаноўленых Выбарчым кодэксам;

  • паўторнага парушэння патрабаванняў Выбарчага кодэкса i iншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, калі раней было вынесена папярэджанне;

  • перавышэння больш чым на 20 працэнтаў гранiчнага памеру расходавання сродкаў выбарчага фонду, указанага ў частцы трэцяй арт. 481 Выбарчага кодэкса, або выкарыстання ў гэтых жа памерах грашовых сродкаў акрамя сродкаў выбарчага фонду;

  • удзелу адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў, прымушэння ў працэсе збору подпісаў і ўзнагароджання выбаршчыкаў за ўнясенне подпісу;

  • прадстаўлення ў дэкларацыі аб даходах i маёмасцi асоб, указаных у абзацы другiм часткi другой арт. 681 Выбарчага кодэкса, звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і маюць істотны характар;

  • выкарыстання пераваг службовага становішча ў інтарэсах выбрання, указаных у частцы другой арт.73 Выбарчага кодэкса;

  • парушэння патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да перадвыбарнай праграмы кандыдата.

Акруговая, тэрытарыяльная выбарчая камісія без папярэдняга папярэджання адмяняе рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты:

  • пры выкарыстанні ў інтарэсах выбрання грашовых сродкаў або іншай матэрыяльнай дапамогі замежных дзяржаў і арганізацый, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, міжнародных арганізацый, арганізацый, заснавальнікамі (удзельнікамі, уласнікамі маёмасці) якіх з’яўляюцца замежныя дзяржавы, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства;

  • у выпадку страты асобай, зарэгістраванай кандыдатам, права выбірацца дэпутатам;

  • у выпадку ўстанаўлення пасля рэгістрацыі кандыдата у дэпутаты акалічнасцей, прадугледжаных часткай першай арт. 681 Выбарчага кодэкса.

Рашэнне акруговай, тэрытарыяльнай выбарчай камісіі аб адмене рашэння аб рэгістрацыі кандыдата з указаннем падстаў адмены рашэння выдаецца не пазней чым на наступны дзень пасля прыняцця рашэння.

Рашэнне акруговай, тэрытарыяльнай выбарчай камісіі аб адмене рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў можа быць абскарджана кандыдатам у вышэйстаячую тэрытарыяльную выбарчую камісію ў трохдзённы тэрмiн з дня прыняцця рашэння, а рашэнне вышэйстаячай тэрытарыяльнай выбарчай камiсii ў той жа тэрмiн можа быць абскарджана адпаведна ў абласны, Мінскі гарадскі, раённы суд. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з’яўляецца канчатковым. У выпадку прыняцця рашэння аб адмене рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты абласной, Мiнскай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй гэта рашэнне можа быць абскарджана кандыдатам у Цэнтральную камісію ў трохдзённы тэрмiн з дня прыняцця рашэння. Рашэнне Цэнтральнай камісіі абскарджваецца ў парадку, прадугледжаным часткай чацвёртай гэтага артыкула.

 

Падставай для нерэгістрацыі кандыдатаў могуць стаць звычайныя тэхнічныя памылкі

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што ў Беларусі склалася ўстойлівая практыка адстрэлу дэмакратычных кандыдатаў яшчэ да ўступлення іх у перадвыбарчы бой.

На фота Алесь Сілкоў

- Улада вельмі часта нейтралізуе моцных дэмакратычных кандыдатаў выкарыстоўваючы адміністрацыйныя працэдуры. Страты дэмакратычнага лагеру ў мінулыя гады былі вельмі істотнымі, аднак на фоне так званай лібералізацыі пад час парламенцкіх выбараў 2016 года колькасці адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты стала значна меншай, аднак усё-роўна нельга сказаць што працэдура рэгістрацыі адбываецца гладка, - гаворыць Алесь Сілкоў.

Палітык адзначае, што асноўнай праблемай для нерэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты з’яўляецца няправільна запоўненая дэкларацыя.

Адной з ахвяр мінулай парламенцкай кампаніі, хто пацярпеў ад нерэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты стаў магілёўскі актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Леанід Падбярэцкі.

На фота Леанід Падбярэцкі

- У мінулую выбарчую кампанію мяне не зарэгістравалі праз тое, што я нібыта недакладна падаў звесткі ў дэкларацыі. Я нічога не ўтойваў і пісаў усё, як ёсць у адпаведнасці з тымі дакументамі, што ў мяне былі на руках, а апынулася, што трэба было ўсё рабіць у адпаведнасці з тымі даведкамі, якія выдае зямельны кадастр, - гаворыць сацыял-дэмакрат.

Падбярэцкі тлумачыць, што ў дакументах на зямлю, якія былі ў яго на руках быў пазначаны ўчастак, які знаходзіцца ў яго ў арэндзе. Другая частка гэтага ўчастка па дакументах належыла яго брату. У дэкларацыі ён пазначыў толькі сваю частку, аднак у даведцы з зямельнага кадастра, якая прыйшла ў акруговую камісію ўчастак, палова якога належыць яму, а другая палова яго брату - лічыўся цалкам ягоным. У даведцы ж, якую атрымаў яго брат было пазначана, што ўвесь ўчастак належыць брату, а не Леаніду Падбярэцкаму.

- На падставе вось гэтай недарэчнасці мяне і не зарэгістравалі, хоць у 2012 годзе, калі я балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў, гэта не стала перашкодай. Лічу гэта недарэчнасцю з-за якой нельга было выбіваць мяне з выбарчай гонкі, - падсумоўвае магілёвец.

Зрабіць змены ў дэкларацыі Леаніду Падбярэцкаму члены камісіі не дазволілі.

 

Найбольш кандыдатаў адсейваецца праз недакладныя звесткі ў дэкларацыі

Метадыст-аналітык кампаніі назірання “Права выбару-2018” Леў Марголін таксама вылучае няправільна запоўненую дэкларацыю ў якасці асноўнай прычыны для нерэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

На фота Леў Марголін

- У мінулую выбарчую кампанію да рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ставіліся адносна ліберальна. Некаторыя працэдуры былі спрошчаны, таму цяжка казаць, ці будуць праблемы з рэгістрацыяй у кандыдатаў у дэпутаты ў 2018 годзе. Адносна запаўнення дэкларацыі я лічу, што ёсць яшчэ моманты, якія неабходна паляпшаць. Гэта ў першую чаргу датычыцца адсутнасці наўмыснага скажэння фактаў наяўнасці пэўнага памеру заробку кандыдата, ці яго маёмасці. Тэхнічныя памылкі не могуць быць вызначаючымі пры рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, - гаворыць эксперт.

Леў Марголін падкрэслівае, што вялікіх праблем пры рэгістрацыі не павінна быць, асабліва калі сабраныя подпісы з’яўляюцца сапраўднымі, а выпісаныя накіраванні ад палітычных партый дакладнымі.

- Значна лягчэй вылучацца кандыдатам у дэпутаты ад палітычнай партыі, аднак і гэта не гарантуе таго, што цябе зарэгіструюць, як гэта было ў мінулую кампанію з намеснікам старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым. У яго прычапіліся да дэкларацыі і ён не быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты, - працягвае Марголін.

Эксперт таксама адзначае, што раней вельмі часта прычынай для адмовы ў рэгістрацыі былі заявы жыхароў, якія спачатку падпісаліся ў падтрымку вылучэння кандыдата ў дэпутаты, а затым пісалі заявы аб адкліканні сваіх подпісаў. У апошнія часы пра такія выпадкі ўжо не было інфармацыі, аднак няма ніякай гарантыі, што гэта не паўторыцца ў часы бягучай кампаніі ў мясцовыя Саветы.

 

Ігар Барысаў,

спецыяльна для “Права выбару-2018”