Анатоль Сідарэвіч:" А Я ДУМАЎ..."

03.05 13:02

Прачытаў сёння на сайце “Нашай Нівы”, што адным з лаўрэатаў прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў стаў Руслан Гарбачоў за тэкст «Как убивали “всебелорусского старосту””. 

 

Прызнацца, дасёння я не бачыў гэты тэкст. І ніхто з маладых гісторыкаў, якія ведаюць кола маіх зацікаўленняў і “плаваюць” у інтэрнэце, не звярнуў на яго маю увагу. 

 

Пасля публікацыі на сайце “НН” паведамлення аб прысуджэнні прэміі Руслану Гарбачову я кінуўся шукаць ягоны тэкст: што ж такое цікавае, арыгінальнае знайшоў гэты аўтар? І быў здзіўлены: за што далі прэмію? Нічога новага з тэксту Руслана Гарбачова я не даведаўся. Усё тое я чытаў у бээсэсэраўскіх газетах міжваеннае пары, у іншых публікацыях...

 

А былі ж у мінулым годзе даволі цікавыя, арыгінальныя журналісцкія публікацыі з гісторыі Беларусі. Калі не памыляюся, летась Сяргей Крапівін напісаў некалькі матэрыялаў ў цыкле “Нефарматная вайна”. У прыватнасці, грунтуючыся на архіўных дакументах, ён у папулярнай форме расказаў у “Народнай Волі” пра балгараў і французаў, якія былі калі не акупантамі, дык памочнікам нацыстаў у Беларусі ў час Другой сусветнай вайны. Пра гэта, наколькі мне вядома, да Сяргея Крапівіна ніхто не пісаў.

 

Пры жаданні бажаўскае журы магло знайсці і іншыя арыгінальныя публікацыі, а не кампілятыўны артыкул, для ўганаравання прэміяй.