Баранавічы: Статкевіча-старэйшага павіншавалі з Днём Перамогі

12.05 10:52

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый горада 9 траўня наведалі і павіншавалі Статкевіча-старэйшага з Днём Перамогі. Віктар Паўлавіч гасцінна сустрэў гасцей і, як заўжды, за кубачкам гарбаты гаварылі пра лёсы палітвязняў, цяперашнія затрыманні і асуджэнні ў Мінску актывістаў, пра сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі, пра Украіну, чыталі лісты Мікалая Статкевіча да Віктара Паўлавіча і грамадскіх актывістаў Баранавічаў. Успомнілася, як немец забіў яго бацьку, як у гады вайны сяляне вадзілі на ноч свае каровы ў суседнюю вёску Рачкавічы да паліцаяў, каб зберагчы сваю хатнюю жывёлу ад партызанскіх канфіскацый, як партызаны ўсё ж такі забралі каня.

 

У свае 87 гадоў Віктар Паўлавіч шмат чытае і добра разбіраецца ў складаным міжнародным становішчы, у сучаснай палітыцы і сацыяльна-эканомічным становішчы нашай краіны. Развіталіся ў добрым настроі і з надзеяй сустрэцца як мага хутчэй, – паведаміў грамадскі актывіст Віктар Сырыца.

 

ПЦ "Вясна"



http://spring96.org/be/news/70954