Беларускія грэка-католікі – перашкода для Ватыкана?

08.05 13:28

На пытанні карэспандэнта “Нашага Магілёва” Ігара Барысава 

адказвае гісторык Анатоль Сідарэвіч 

 

-- Учора ў Беларусь прыехаў ватыканскі госць – сакратар Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў архібіскуп Цырыль Васіль.

-- Беларускае вуха больш прывычнае да імя Кірыла, Кірыл...  

 

-- Гэта высокая пасада?

-- Над уладыкам Кірылам стаіць Прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў, а над Прэфектам –Папа.

 

-- Колькі ўсходніх цэркваў прызнаюць галавою Паўсюднай Царквы рымскага біскупа?

-- Ёсць ватыканскі статыстычны гадавік – Annuario Pontificio. Дык вось, у выпуску за 2010 год можна прачытаць, што такіх цэркваў дзевятнаццаць. 

 

-- У тым ліку і Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква (БГКЦ)?

-- Беларускай Царквы ў Annuario Pontificio няма, бо юрыдычна яна не існуе. Як сказаў Папа Бенядыкт, у Беларусі маецца руплівая грэка-каталіцкая супольнасць. Каб гэтая супольнасць стала Царквою, трэба, каб Ватыкан надаў ёй пэўны юрыдычны статус: ці то Апостальскі Экзархат, ці то епархія. І трэба, каб на чале гэтай адзінкі быў пастаўлены біскуп, бо дзе няма біскупа, там няма Царквы. Такое правіла і ў католікаў, і ў праваслаўных.

 

-- Перад прыездам архібіскупа Кірыла апублікавана паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі. У паведамленні між іншым напісана, што Каталіцкая Царква адзначае сёлета 70-гадавіну арышту нацыстамі Апостальскага Экзарха грэка-католікаў Беларусі Антона Неманцэвіча. Значыць, у Беларусі быў Апостальскі Экзархат?

-- Раз быў экзарх, быў і экзархат. 

 

-- А потым яго ліквідавалі? 

-- Наколькі вядома, не ліквідавалі. І грэка-каталіцкае духавенства Беларусі ў сваім лісце да Папы Бенядыкта таксама лічыць, што дэ-юрэ грэка-каталіцкая, уніяцкая Беларусь застаецца Апостальскім Экзархатам.

 

-- Што за ліст такі? Яго публікавалі? 

-- Ліст да Папы напісаны 9 кастрычніка 2009 г. і апублікаваны 17 снежня таго ж года ў грэка-каталіцкім квартальніку “Царква”. Яго падпісалі 14 святароў. Адсутнічае подпіс, здаецца, аднаго святара, які ў той час знаходзіўся ў Рыме. Увосень 2011 года, калі ў Беларусь прыехаў новы Апостальскі Нунцый, ужо свецкія грэка-католікі ўручылі яму ліст на імя Папы з просьбай паставіць біскупа. Гэты ліст падпісалі даволі вядомыя людзі, якія жывуць у Менску. 

 

-- Ватыкан даў адказ на гэтыя лісты?

-- Фармальны адказ не даў, а фактычны даў, таму што па-ранейшаму ў Беларусі няма ні біскупа, ні Царквы.

 

-- А раптам архібіскуп Кірыл прывёз фармальны адказ?

-- Не выключаю такой магчымасці. Усё высветліцца калі не сёння, дык заўтра. 

 

-- Па-мойму, магчымыя два варыянты адказу: аднаўляецца экзархат і будзе пастаўлены біскуп або экзархат па-ранейшаму застаецца ў замарожаным стане.

-- Магчымы і трэці варыянт: Ватыкан прызначае ардынарыем для грэка-католікаў Беларусі кагосьці з рыма-каталіцкіх біскупаў. Як у Расіі.

 

-- Гэты варыянт задаволіць грэка-католікаў?

-- Гэты варыянт самы непажаданы.

 

-- Чаму?

-- З прызначэннем лацінскага ардынарыя грэка-каталіцкая Царква ў Беларусі не з’явіцца. І гэта галоўнае. Па-другое, не ведаю, як каму, а мне смешна бачыць, як адзін і той самы біскуп у касцёле служыць у шатах Рыма-Каталіцкай Царквы, а прыйшоўшы да грэка-католікаў, апранаецца ў такія ж шаты, што і ўсходнія біскупы. Гэта нагадвае спектакль з пераапрананнем. Не менш важна і тое, што цяпер у Беларусі няма ніводнага лацінскага біскупа, які б глыбока ведаў грэцкі абрад і трыдыцыі. Апроч таго, стагоддзі Уніі ў Беларусі паказалі, што паміж рыма-католікамі і грэка-католікамі не было сапраўднага братэрства: лаціннікі ўвесь час імкнуліся дамінаваць, дыктаваць уніятам свае правілы, перацягваць вернікаў з грэцкага ў лацінскі абрад. 

 

-- Я чуў, што галоўная прычына адсутнасці грэка-каталіцкага біскупа ў Беларусі ў тым, што гэтая супольнасць малаватая для экзархату ці епархіі. 

-- Зазірніце ў Annuario Pontificio, і вы ўбачыце, што ёсць такая Царква, якая падзяляецца на два экзархаты. У адным з гэтых экзархатаў 1 (адна) парафія і 25 (дваццаць пяць) грэка-католікаў, а ў другім – тры парафіі і адзінаццаць святароў. На чале гэтай Царквы, натуральна, стаіць біскуп. Ёсць яшчэ адна краіна, у якой 9 парафій і біскуп. Праўда, ён не экзарх, а Апостальскі Адміністратар. У Беларусі прыблізна такое становішча, як у Балгарыі, дзе Царква складаецца з 21 парафіі. 

 

-- Цікава: адна парафія – і экзархат... Як я разумею, кананічных перашкод для аднаўлення Апостальскага Экзархату ў Беларусі і для прызначэння экзарха ў сане біскупа няма. Ці не значыць гэта, што прычыны сучаснага становішча грэка-каталіцкай супольнасці Беларусі не ў нейкіх кананічных перашкодах, а ў чымсьці іншым? 

-- Ваша выснова абсалютна лагічная. З XV стагоддзя Ватыкан хоча пасябраваць з Маскоўскай Царквой. Апошнія дваццаць гадоў Масква сцвярджае, што сяброўству і сустрэчы Патрыярха Маскоўскага з Папам перашкаджаюць украінскія грэка-католікі. Сярод рыма-каталіцкіх іерархаў і багасловаў раздаюцца галасы, што лепш было б, калі б грэка-католікаў не было і заводу. Дзеля сяброўства з Маскоўскай Патрыярхіяй Ватыкан не аднавіў Апостальскі Экзархат у Расіі, а тамтэйшых грэка-католікаў аддаў пад апеку лацінскага біскупа. Аднаўляць Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву Ватыкану таксама не з рукі. Ствараць дадатковыя перашкоды на шляху да жаданага сяброўства з Масквой яму не хочацца.

 

-- Па-вашаму, сяброўства Ватыкана і Маскоўскай Патрыярхіі магчымае? 

-- Ватыкан памыляецца. Сяброўства з Масквою, якая лічыць сябе “трэцім Рымам”, не будзе. Апроч таго, значэнне Маскоўскай Патрыярхіі ў праваслаўным свеце паступова падае, і яна ўжо не самая  вялікая. Па колькасці вернікаў, якія рэгулярна ходзяць у храмы, спавядаюцца і прычашчаюцца, яна, па-мойму, саступае Румынскай Праваслаўнай Царкве. Калі абваліцца аўтакратыя ў Беларусі, Украіне і Расіі, Маскоўская Патрыярхія распадзецца і ў яе не застанецца нават палавіны таго, што яна мае цяпер. 

Ватыкан спрабуе злавіць жураўля ў небе. Замест таго, каб даць імпульс унійнаму руху ў Беларусі, Ватыкан знеахвочвае людзей, бо ў каталіцкай сям’і яны пачуваюцца незаконнымі дзецьмі. Добра, калі яны вяртаюцца ў праваслаўе, пераходзяць у лацінскі абрад, але ж нямала такіх, якія наогул адыходзяць ад Цэркваў.

 

-- І ніякай надзеі на паляпшэнне сітуацыі?

-- Ватыкан – гэта дзяржава. І яго паводзіны ў Беларусі залежаць ад палітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне. Зрэшты, паслухаем, што скажа ўладыка Кірыл.