Бяспамяцтва польскіх палітыкаў

01.06 16:44

Польскі палітычны клас на вушах. Прэзідэнт Злучаных Штатаў ужыў выраз “польскі лагер смерці” замест таго, каб сказаць “нацысцкі лагер на тэрыторыі Польшчы”.

 

Гэтая памылка, як піша “Газета Выборча”, распаўсюджана даволі шырока, і польскія ўстановы змагаюцца супраць яе паўтораў заходнімі палітыкамі і ў заходніх медыях.  

 

Паўтарыў гэтую памылку і Абама, а дакладней – той хто пісаў для Абамы тэкст. Памылка была выпраўлена, і СМІ атрымалі рэліз, у якім “польскі лагер смерці” атрымаў адэкватны назоў.  

 

Памылка Белага дома дала магчымасць паказаць сябе патрыётамі шмат каму з польскіх дзеячоў, ад прэзідэнта Браніслава Камароўскага і прэм’ер-міністра Дональда Туска пачаўшы. Туск склікаў адмысловую прэс-канферэнцыю і заявіў, што словы Барака Абамы закранулі (dotknęły) ўсіх палякаў і намякнуў, што сваё шкадаванне аб здзейсненай памылцы павінен выказаць не прадстаўнік Белага дома, а сам гаспадар. Вось заключныя словы Туска ў падачы “Газеты Выборчай”: “Jestem przekonany, że stać naszych amerykańskich przyjaciół na reakcję mocniejszą bardziej dobitną, niż samo sprostowanie i ubolewania jakie usłyszeliśmy do rzecznika Białego Domu. Przyjmujemy te słowa, ale wydaje się, że dla USA byłoby rzeczą ważną, by wyjść z tej sytuacji z klasą. Stać na takie zachowanie naszych sojuszników”.

 

Адзначым, што словы Барака Абамы закранулі толькі трохі больш за 60 працэнтаў апытаных полек і палякаў, анітрохі ж не закранулі 23 працэнты. Так што прэм’ер-міністр перабраў меру, калі казаў пра ўсіх палякаў.

 

У гэтай гісторыі мяне больш за ўсё ўражвае жаданне польскіх афіцыйных асоб прадставіць сваю краіну беленькай і пушысценькай.

 

Гаворка не пра тое, што ў 1938 годзе Польшча разам з Нямеччынай дзяліла Чэхаславакію.

 

Тут варта нагадаць, што задоўга да нацысцкіх на тэрыторыі сучаснай Польшчы з’явіліся лагеры польскія, у якіх масава паміралі ад голаду і хваробаў сыны беларускага народу – найперш народныя настаўнікі, якія, трапіўшы ў царскую армію, сталі афіцэрамі, а па распадзе арміі вярнуліся дамоў. Калі нямецкая ўлада ў 1918 годзе толькі рэгістравала такіх мужчын, дык польскія акупанты ў 1919–1920 гг. імкнуліся да іх фізічнага знішчэння. Дзеля гэтага і былі створаны ПОЛЬСКІЯ КАНЦЭНТРАЦЫЙНЫЯ ЛАГЕРЫ, якія для многіх сталі ЛАГЕРАМІ СМЕРЦІ.

 

Польскім палітыкам варт было б кожны дзень памятаць і пра БЯРОЗУ КАРТУЗСКУЮ – бастыён “польскай цывілізацыі” і “польскай талеранцыі” на тэрыторыі Беларусі. Калі яны гэтага не памятаюць, ім варт гэта рэгулярна напамінаць. 

 

Першыя на тэрыторыі Беларусі свае лагеры стварылі бальшавікі, а потым – Польшча. Гітлераўцы прыйшлі ў Беларусь пазней.

 

Анатоль Сідарэвіч.

30 траўня 2012 г.

в. Задуб’е Ганцавіцкага раёна