Чэмпіянат Беларусі па стральбе з лука стартуе ў Магілёве

30.06 21:12

У Магілёве з 1 па 4 ліпеня пройдзе чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па стральбе з лука. Удзел у ім возьмуць каля 90 спартсменаў, траціна з якіх - прадстаўнікі Магілёўшчыны, распавёў галоўны суддзя турніру Уладзімір Даўганосаў.

Вызначаць чэмпіёнаў будуць у індывідуальных спаборніцтвах сярод мужчын і жанчын, а таксама камандных - сярод абласцей.

"Магілёўскія лучнікі ў стане змагацца за самыя высокія месцы, - кажа Уладзімір Даўганосаў, - прэтэндуем на перамогу".

На турніры таксама выступяць юнакі і дзяўчаты, юніёры і юніёркі. Для іх чэмпіянат стане добрай падрыхтоўкай да першынства Еўропы ў Румыніі.

Адкрыццё спаборніцтваў адбудзецца 2 ліпеня на базе лучнікаў (пр-т Міра, 4) у 10:00, завершыцца турнір у панядзелак, 4 ліпеня, у 13:00.