Ці падтрымліваюць магілёўцы ідэю “рускага свету”?

22.06 10:37

Калі вы жыхар Магілёва, альбо госць нашага горада, верагодней за ўсё адна важная рэч не застанецца вамі незапрыкмечанай: магілёўскія вуліцы літаральна запалоненыя аўтамабілямі з пачэпленымі на іх георгіеўскімі стужкамі.

Гэтыя стужкі можна заўважыць на радыятарах, антэнах, унутры аўтамабіляў, у выглядзе налепак на шкле: “Я помню. Я горжусь”, “1941-1945 Можем повторить”, “Спасибо деду за победу” і г.д. Падаецца, нічога незвычайнага, людзі памятаюць выбітную падзею, ганарацца подзвігам продкаў, але зараз - гэта сымбаль акупацыі і украінскіх сепаратыстаў з так званых непрызнаных утварэнняў ДНР і ЛНР.

Важна адзначыць, што ў Беларусі георгіеўская стужка знаходзіцца пад негалоснай забаронай. Як альтэрнатыва ёй існуе бутаньерка “кветка вялікай перамогі”. Нягледзячы на гэта, Магілёў вылучаецца незлічоным мноствам “каларадскіх” стужак на сваіх вуліцах.

У мінулым годзе ўжо быў інцыдэнт, звязаны з налепкай з георгіеўскай стужкай і антыўкраінскім зместам. Як аказалася ўладальнікам аўто апынуўся расеец з відам на жыхарства ў Магілёве. Тады міліцыянты прымусілі яго зняць налепку і выпісалі яму мінімальны штраф.  

Нярэдка можна назіраць і расейскія сцягі ў салонах аўтамабіляў, прычым не ў пары з беларускімі, а як асобную, самастойную рэч.

Абыякавасць грамадзян і праваахоўных органаў ствараюць спрыяльныя ўмовы для ўкаранення ў горадзе ідэі “рускага свету”. Шчыруюць тут у першую чаргу прарасійскія арганізацыі.  

Прычым жыхары, часта самі таго не разумеючы, папулярызуюць гэтую ідэю сярод магілёўцаў.



Галерэя