Дзе затаварываюцца магілёўскія “ватамабілісты”?

06.05 10:10

Магілёўскі блогер Аляксандр Шаўцоў знайшоў месца, дзе прадаюцца налепкі і сімволіка для фанатаў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Гэта ГЦ “Армада авто”, што каля Віленскага рынка.  

Сярод асартыменту павільёна разнастайныя георгіеўскія стужкі, якія пасля падзеяў ва Ўкраіне многія пачалі называць “каларадскімі”.

Акрамя георгіеўскай сімволікі можна натыкнуцца і на нямецкую свастыку, якая знаходзіцца пад забаронай у Беларусі. Відаць, што ўладальнік гандлёвай кропкі на гэта не звяртае ўвагі.  

Розныя пафасныя налепкі “За деда”, “Победа за нами, Можем повторить” (Што паўтарыць? 25 мільёнаў загінулых грамадзян у СССР? Ці гомасэксуалізм?) прадаюцца таксама ў гэтым месцы.

Натуральна, што мода на Перамогу і адпаведная сімволіка прыйшла да нас з цяперашняй Расіі, якая адчувае крызіс ідэнтычнасці і выкарыстоўвае перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, якая ва ўсім свеце называецца Другой Сусветнай вайной, выключна каб запоўніць ідэйны вакууўм, які ўтварыўся ў свядомасці расіян пасля распаду СССР. Гэта спроба паказаць велічнасць свайго народа і адначасова аццягнуць увагу ад эканамічнага крызісу, які напаткаў расіян.

Тым часам ветэранаў, якія ваявалі і былі рэальнымі ўдзельнікамі баявых падзеяў засталося не так ўжо і шмат. Ім мусіць быць не менш за 90 год. У сувязі з гэтым мы становімся сведкамі наяўнасці фэйкавых ветэранаў, якія ніколі не ваявалі, аднак маюць поўныя грудзі медалёў. Іх недасведчанае грамадства шануе за сапраўдных ветэранаў.

У Казахстане забаранілі выкарыстанне георгіеўскай стужкі, ва Ўкраіне прыдумалі свой сымбаль перамогі  - мак, у Беларусі – гэта бутаньерка.  

Трэба таксама адзначыць, што “георгіеўская” стужка не мае ніякага дачынення да Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сімвал Царскай Расіі, які актыўна выкарыстоўваўся ў медалях падчас Першай сусветнай вайны. У Другую сусветную вайну “георгіеўскую” стужку актыўна выкарыстоўвалі калабаранты накшталт генерала Ўласава, чаму ёсць шматлікія пацвярджэнні.

У СССР у медалях выкарыстоўвалася “гвардзейская” стужка, якая па колеру больш светлая, чым “георгіеўская”. У такім выпадку ўзнікае пытанне – чаму сучасным сімвалам перамогі стала “георгіеўская”, а не “гвардзейская” стужка і ці гэта не наўмысная падмена?



Галерэя