Фотафакт: вечны даўгабуд

17.06 13:37

“НАШ Магілёў” працягвае знаёміць чытачоў і чыноўнікаў выканкамаў з магілёўскімі даўгабудамі. Гэтым разам гутарка пойдзе пра, як кажуць мясцовыя жыхары, вечны даўгабуд на новым мікрараёне “Спутнік”.Гэта раён дома №25 па вуліцы Пысіна. Два гады таму будаўнікі абнеслі плотам частку зоны адпачынку, дзе часцяком шпацыравалі мамы з каляскамі. Вось так выглядае цяпер прыгажун-мікрараён з вечнай будпляцоўкай:

Пра тое, што будоўля будзе вечнай мясцовыя жыхары даведаліся з пашпарту аб’екта. Галоўнае тут не адсутнасць датаў пачатку і канца будаўніцтва, а цыдулка з надпісам “Продаётся”:

Пакуль што гэты аб’ект ніхто не купляе, нягледзячы на тое, што жыхары мікрараёна незадаволеныя наяўнасцю цесных прадуктовых крамаў побач і дарагога супермаркета “Рублёўскі” на адлегласці і з дрэнным асартыментам. ТАА “Цыркон” здолела толькі закласці бетонныя блокі ў падмурак упрытык да 10-павярховіка і на гэтым усё спынілася:

Прычыны замарозкі крамы №85 па генплане мікрарёна “Спутнік” простыя. Калі зірнуць з супрацьлеглага боку, бачна, што побач – да суседняга 10-павярховіка ўжо прыбудавалі падобны гандлёвы аб’ект. Спачатку там была мясная крама, потым піва і гэтак далей – раз на паўгады гандлёвы аб’ект зачыняецца, бо хранічна стратны:

Так і стаіць будпляцоўка гадамі і прадаецца разам з будматэрыяламі:

І нават з будаўнічым смеццем, што падбіралі на суседніх аб’ектах:

Цяпер пра зручнасць для жыхароў раёна. Дастаткова зірнуць толькі на гэтае фота, каб ўсё зразумець:

Трэба адзначыць, што хоць аб’ект і не ахоўваецца, плот зроблены досыць надзейна, без дзірак. Мясцовыя нават выкарыстоўваюць яго, як дошку аб’яваў. Дарэчы, агароджа абапіраецца на жалезны плот стадыёна школы – ці гэта па нормах?

Здзіўляюць спробы ўласнікаў прадаць аб’ект – аб’яўкі клеяцца на тым жа плоце, дзе і абвесткі пра рамонт абутку і продаж курсавых работ. Нібыта павесіўшы іх тут, можна прадаць мшатмільённую будоўлю. Няўжо яны разлічваюць на тое, што жыхары мікрараёна кожны дзень купляюць-прадаюць крамы ці гандлёвыя цэнтры? Ці можа гэта прапанова скінуцца на тое, каб закапаць фундамант дый аднавіць зону адпачынку?



Галерэя