Газету “НАШ Магілёў” зноўку раздавалі на вуліцах горада

20.06 15:28

Чарговыя нумары незалежнага выдання №100 і №101 патрапілі да сваіх чытачоў.

У распаўсюдзе газеты “НАШ Магілёў” традыцыйна прынялі ўдзел актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Алесь Сердзюкоў і Мікіта Фартух.

-          Інфармацыйны голад – гэта стан, у якім знаходзяцца жыхары Магілёва, бо не заўжды маюць магчымасць атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў горадзе. Дзякуючы газеце “НАШ Магілёў” гэтае пытанне часткова вырашаецца, - гаворыць актывіст Мікіта Фартух.

Другі распаўсюднік незалежнай прэсы адзначае, што хітом гэтага сезону з’яўляецца антыкарупцыйная кампанія, якую праводзіць незалежнае выданне.

-          Людзей вельмі цікавіць тэма карупцыі, асабліва сярод чыноўнікаў і асобаў, якія з’яўляюцца набліжанымі да гэтай улады. Таму шмат хто з грамадзянаў браў не адзін асобнік выдання, а адразу некалькі, - кажа Алесь Сердзюкоў.

Трэба адзначыць, што распаўсюд выдання “НАШ Магілёў” на вуліцах горада становіцца традыцыйным. Ужо ў трэці раз за апошні час мясцовыя сацыял-дэмакраты з’яўляюцца на вуліцах і распаўсюджваюць нумары незалежнага выдання. Гэтым разам было распаўсюджана каля 600 нумароў.



Галерэя