Ірына Вештард: Галасаваць трэба ў асноўны дзень выбараў – у адваротным выпадку лепш на выбары зусім не хадзіць.

20.06 10:45

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард адказала на пытанні прэс-службы кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару-2018”.

 Ірына Зянонаўна, якія ў вас чаканні ад кампаніі ў мясцовыя Саветы 2018 года?

 Такія ж, як і ад выбараў у мясцовыя Саветы 2014 года. Я думаю, што дэпутатаў ад апазіцыі ў мясцовых Саветах не будзе. Нават калі яны перамогуць, то ім не дадуць стаць дэпутатамі. Мы даўно не лічым выбары выбарамі і называем выбары ў цяперашнім варыянце кампаніяй, у якой мы прымаем удзел выключна для папулярызацыі нашых каштоўнасцяў, працы з насельніцтвам, павелічэння сваіх партыйных шэрагаў. Калі ж нічога не рабіць зусім, то шлях у маргінэз нам запачаткаваны, хоць мы і не далёка стаім ад гэтай мяжы дзякуючы цяперашняй уладзе.

 Ці не зашмат у нас дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў?

Я лічу, што зашмат. Гэта больш за 18 тысяч мандатаў. Ужо улада, часам, не ў стане закрываць усе выбарчыя акругі сваімі кандыдатамі, не кажучы пра дэмакратычныя сілы. Беларусі ўжо даўно патрэбен новы адміністрацыйны падзел і скасаванне сельскіх Саветаў. Мы распрацавалі новую праграму дзеянняў БСДП. Неўзабаве яна будзе зацверджана Цэнтральным камітэтам партыі. У гэтай праграме мы прапаноўваем новы адміністрацыйны падзел – 18 акругаў і118 валасцей замест існуючых абласцей і раёнаў. Гэта скароціць колькасць дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў амаль у тры разы.

 Ці лічыце вы, што кампанія пройдзе па традыцыйнаму сцэнару фальсіфікацыі выбараў?

 Думаю, што ў арганізацыі і правядзенні выбараў нічога не зменіцца. Члены камісій як лічылі галасы, так і будуць іх лічыць. Назіральнікі ж зноўку нічога не ўбачаць, бо ці тое тры метры, ці два метры ты стаіш ад стала, а калі не бачыш бюлетэнь і галачку за каго прагаласаваў выбаршчык, лічы, што ты быў на падліку галасоў і нічога не бачыў. Касметычныя змены ў арганізацыі працэса выбараў, якія традыцыйна з’яўляюцца ў рэкамендацыях Цэнтрвыбаркама і мяркуецца, што дзякуючы ім робіцца крок у бок дэмакратыі, мяркую, не будуць уплываць на канчатковыя вынікі галасавання.

 Ці будзе БСДП удзельнічаць у выбарах і чым абгрунтавана такое рашэнне?

 У нас ёсць пазіцыя большасці сябраў партыі, якія жадаюць ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Гэта дае магчымасць працаваць легальна, чаго фактычна нельга рабіць у міжвыбарчы перыяд. Тым часам я не прытрымліваюся той пазіцыі, што варта падганяць тых сябраў партыі, якія адмаўляюцца ад удзелу ў іх. Я маю на ўвазе нашых байкотчыкаў. Гэта іхная пазіцыя і тут галоўнае, каб гэтыя людзі не заміналі і не перашкаджалі працы астатніх сяброў. Калі ж мы не будзем як партыя ўдзельнічаць у выбарах, то як мы можам даваць ацэнку выбарам?

 Ірына Зянонаўна, ці лічыце вы, што трэба мяняць выбарчае заканадаўстве, каб выбары адбываліся свабодна і справядліва?

 Я лічу, што і дадзены закон дазваляе правесці выбары адкрыта, свабодна і справядліва. Я шмат разоў прымала ўдзел у выбарах і перамагала, 16 год была дэпутаткай. Я перамагала ў першым туры з шасці кандыдатаў і калі на выбарчым участку сумленная старшыня выбарчай камісіі, то і галасы лічацца сумленна, нават калі нехта папрасіў не лічыць сумленна. У мяне былі магчымасці бачыць, хто як галасаваў.

 Цяперашняя праблема ляжыць у правапрымяняльнай практыцы, якая мае шмат адмоўных момантаў. І каб гэтая правапрымяняльная практыка была не толькі інструкцыяй ці рэкамендацыяй яе варта прапісаць на заканадаўчым узроўні. Я маю на ўвазе, што назіральнік мусіць бачыць у бюлетэні за каго стаіць галачка, чаго зараз няма, прапісаць адлегласць на якой мусіць знаходзіцца назіральнік, а гэта не далей чым паўметра ад стала, дзе адбываецца падлік галасоў.

 Другі элемент, які варта мяняць – гэта абавязковая прысутнасць ў выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі, ці прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты. Зараз у камісіі хочаць ўключаюць прадстаўнікоў апазіцыі, а хочуць не ўключаюць, таму іх колькасць у камісіях мінімальная.

 Трэці элемент, які варта ліквідаваць – гэта датэрміновае галасаванне, якое ўплывае на вынікі галасавання, бо прасачыць за тым,што адбываецца з бюлетэнямі немагчыма і лічбы ў выніках з датэрміновага галасавання і галасавання ў асноўны дзень разыходзяцца ў разы.

 Ці будзе БСДП удзельнічаць у назіранні і што дае партыі назіранне за выбарамі?

Не толькі БСДП, але большасць апазіцыйных структур будзе удзельнічаць у выбарах. Калі не ўдзельнічаць у назіранні, то разважаць аб выбарах можна толькі ўмоўна на ўзроўні меркаванняў. Варта не толькі меркаваць і лічыць, а бачыць, як усё гэта адбываецца, таму ўдзел у назіранні патрэбен дэмакратычным сілам.

 Як будуць выкарыстаны вынікі назірання за выбарамі і на што яны маюць уплыў?

 Вынікі назірання будуць выкарыстаны для інфармавання сваіх грамадзян аб тым, як прайшлі выбары, а таксама для інфармавання міжнароднай супольнасці. Кантроль за выбарамі прымушае ўладу быць больш адказнай. Гэтыя вынікі стануць часткай абмеркавання, што прымусіць шмат якіх палітыкаў, у тым ліку замежных, спасылацца на гэтыя вынікі пры будаўніцтве дыялогу з дзеючай уладай. А гэта для нашай улады заўжды балючы момант.

 Калі ўлада не правядзець свабодныя выбары, але прызначыць некалькі дэпутатаў ад БСДП, што вы будзеце рабіць?

 Калі такі момант адбудзецца, то будзем думаць і разважаць, што з гэтым рабіць. З такімі выпадкамі ў нашай партыі мы яшчэ не сутыкаліся. Тым часам, мы маем вопыт працы ў парламенце дзвюх дэмакратычных кандыдатаў і ва ўсім дэмакратычным асяроддзі існуе паразуменне таго, што гэтыя дэпутаткі не былі абраныя, а былі прызначаныя. Я адна нічога ў партыі не вырашаю, так што будзем думаць, як паступаць.

 Што пажадаеце грамадзянам?

 Я жадаю удзельнічаць у выбарах як мага большай частцы беларусаў і заклікаю прыходзіць на выбары ў асноўны дзень галасавання – у адваротным выпадку лепш іх прапусціць.