Кіраўніцтва ФК "Днепр" абвінавачана ў незаконным атрыманні 2,5 млрд. рублёў дзяржпадтрымкі

13.04 10:02

Генеральны дырэктар і галоўны трэнер магілёўскага футбольнага клуба "Днепр" звольненыя па абвінавачанні ў фінансавых парушэннях.

Як паведамілі ва УДФР па Магілёўскай вобласці, у ходзе праверкі дзейнасці клуба за 2014—2015 гады, праведзенай фінансавай міліцыяй і Камітэтам дзяржкантролю, былі выяўлены шматлікія парушэнні, у тым ліку пры атрыманні сродкаў, выдзеленых па ўказе прэзідэнта ад 15 красавіка 2013 года № 191 "Аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту".

Як сцвярджаюць праваахоўнікі, клубам у 2014 годзе з магілёўскага гарадскога бюджэту былі незаконнага атрыманы 2,5 млрд. рублёў. Паведамляецца, што ЗАТ "Футбольны клуб "Днепр" атрымала грошы, падаўшы ў гарвыканкам недакладныя звесткі аб адсутнасці запазычанасці па плацяжах у фонд сацыяльнай абароны і не ўказаўшы пра пратэрмінаваны доўг па крэдыце банка.

Акрамя таго, клуб абавязаны быў не менш за 25% сродкаў, атрыманых ад спонсараў, накіроўваць на развіццё дзіцяча-юнацкага спорту і інфраструктуры футбола. Аднак, як паказала праверка, гэта абавязацельства выконвалася толькі на паперы.

Асноўнымі крыніцамі даходаў клуба, паводле дадзеных кантралюючых органаў, з'яўляліся сродкі гарадскога бюджэту (30% ад усіх паступленняў) і бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі (35%). Разам з тым галоўны артыкул выдаткаў у клубе складала зарплата трэнерам і спартсменам (больш за 60% ад усіх выдаткаў).

Таксама ў клубе выяўлена неэфектыўнае выкарыстанне нерухомай маёмасці і зямельных участкаў. Амаль усе наяўныя ў клуба аб'екты былі бязвыплатна перададзены дзяржавай яму ва ўласнасць для ўмацавання матэрыяльнай базы. Пры гэтым клуб не ўкладваў інвестыцый у іх мадэрнізацыю і рэканструкцыю за ўвесь час выкарыстання.

Так, клубу ва ўласнасць былі перададзены былыя санаторый-прафілакторый "Бурштын" і піянерскі лагер каля вёскі Чаромушкі Магілёўскага раёна. Сёння большая частка будынкаў не выкарыстоўваецца, прыходзіць у заняпад і руйнуецца, заявілі ў фінансавай міліцыі.

Па выніках праверкі клуба яму была адменена дзяржпадтрымка ў памеры 2,5 млрд. рублёў, даналічаны падатак на дададзены кошт у суме 352 млн. рублёў, пяць работнікаў і юрыдычная асоба аштрафаваныя на агульную суму 2,6 млрд. рублёў.

 Па фактах нявыплаты падатку распачата справа па ч. 1 арт. 243 Крымінальнага кодэкса, паведамляе БелаПАН.

У 2015 годзе гендырэктарам "Дняпра" быў Валерый Стральцоў, а галоўным трэнерам - Уладзімір Геваркян. На свае пасады яны былі прызначаны ў лютым мінулага году. Тады ж была заслухана справаздача аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і спартыўных выніках за 2014 год. Праца клуба за той сезон была прызнана нездавальняючай, піша сайт Магілёўскага аблвыканкама.

Цяпер на месцы гендырэктара - Аляксандр Ластачкін, а галоўны трэнер - Аляксандр Сяднёў, паведамляецца на сайце клуба.