Леанід Платоненка: У раёне Падніколля мусіць паўстаць батанічны сад

25.05 13:29

Магілёў - унікальны горад, бо мае вялізную зялёную зону ў самым цэнтры горада. Яе ўдалось захаваць у першую чаргу дзякуючы таму, што апошнія 70 год тут нічога не рабілася. І сёння, калі ўжо не раз уздымалася пытанне забудовы Падніколля, трэба спрабаваць уплываць на тое, каб максімальна захаваць гэтую прыродную зону. Так лічыць аўтар петыцый на change.org i petition.by за стварэнне на тэрыторыі Падніколля Батанічнага сада гісторык і краязнаўца Леанід Платоненка, з ім сёняшняя размова.



Якая гісторыя Падніколля? Ці спрыяе яна стварэнні тут зялёнай зоны?


Падніколле - адзін з самых старажытных раёнаў Магілёва, самая старая частка якога была заселена яшчэ ў ХІІ стагоддзі і насіла назву Могілка (пазней Школішча). Большая частка жылой забудовы гэтага раёну была зруйнавана толькі пад час Другой сусветнай вайны. На працягу шмат год на Падніколлі не існавала ніякай гаспадарчай дзейнасці, таму сёння мы маем ў цэнтры горада ўнікальную зялёную зону.


Размовы аб стварэнні на тэрыторіі Падніколля прыроднага парка вядуцца яшчэ з савецкіх часоў. Нават паспелі пасадзіць вязы, паставіць указальнік, што ў хуткім часе тут з’явіцца ахоўны аб’ект - прыродны парк. Але справа замарудзілася. І ўжо сучаснае кіраўніцтва горада ў 2014 годзе зноў пачало казаць аб стварэнні парка. Пасля чаго былі праведзены маштабныя працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, вёўся конкурс на распрацоўку канцэпцыі парка, праводзіліся грамадскія слуханні.



Які вынік грамадскіх слуханняў? Ці мае горад сёння дакладны план на распрацоўку парка?


Мы ўдзельнічалі ў грамадскіх слуханняў, якія праходзілі на пачатку 2016 года. Дзякуючы абмеркаванню мы зразумелі, што з пункту гледжання заканадаўства менавіта стварэнне на Падніколлі батанічнага сада лепш за ўсё паспрыяе захаванню  зялёнай зоны. Усе ўдзельнікі дыскусіі сыходзіліся ў адным - парк трэба рабіць, але якім чынам? Падыходы выказваліся розныя. Што ў выніку вырашыў рабіць гарвыканкам, нам яшчэ не вядома. Таму мы хочам афіцыйна прадставіць уладам свой пункт гледжання, што і як павінна рабіцца на Падніколлі.


Мы стварылі петыцыю на двух сайтах, бо ў першую чаргу разглядаем петыцыю як магчымасць атрымаць падтрымку шырокіх колаў грамадскасці. Сёння нас падтрымала ўжо каля 500 чалавек, але мы чакаем шматтысычнай падтрымкі. Нашая петыцыя будзе накіравана ў выканаўчыя органы: магілёўскія гар- і аблвыканкамы, Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а таксама ў Акадэмію навук. Але калі нас падтрымае яшчэ больш чалавек, то шанец быць пачутымі павялічыцца.


Што дакладна вы прапануеце гораду?


Мы прапануем зрабіць на Падніколлі Батанічны сад у кантэксце агульнага парка. Гэта будзе муніцыпальны батанічны сад, які будзе належыць гораду ці нейкай арганізацыі, напрыклад, Зелянбуду. Уваход у парк будзе вольны для ўсіх грамадзян, але могуць быць і асобныя памяшканні, кшталту цяпліц з кактусамі, як у тым жа мінскім батанічным садзе. Трэба будзе саджаць тут рэдкія дрэвы, але не такія, каб на наступны дзень іх скралі. Такім чынам Магілёў атрымае добраўпарадкаваную зялёную тэрыторыю ў самым цэнтры горада.



У чым розніца паміж вашай прапановай і прапановай гарвыканкама?


Мы робім акцэнт на астраўным будаўніцтве. Калі ва ўладаў існуюць ідэі аднаўлення тут гістарычных каштоўнасцяў ці пабудовы нейкіх кавярняў ды гатэляў, то мы падтрымліваем такі падыход, але толькі ў рамках асобнага будаўніцтва, каб не ствараць на Падніколлі суцэльнай забудовы. Былі размовы аб аднаўленні гістарычных вуліц Школішча (тэрыторыя Падніколля), дык мы прапануем аднавіць іх без шкоды зялёным насаджэнням. Калі хочаце пракласці вуліцу, то зрабіці яе ў выглядзе алеі з дрэвамі, але без ўсялякіх камунікацый, асфальту ды бетона.


Ці ёсць сёння ў горада магчымасці, каб рэалізаваць ідэю Батанічнага саду?

Пітомнікам для раслін будучага батанічнага саду можа стаць ужо існуючы ў Магілёве дэндрарый геаграфічнай базы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова. Калі ў бюджэце не стае нейкіх сродкаў, то высаджваць дрэвы можна пад час суботніка. Не абавязкова выкарыстоўваць толькі бюджэтныя сродкі: чым больш агранізацый, структур, зацікаўленых асоб, інвестараў і проста грамадзян мы прыцягнем, тым лепей. Зможам адбудаваць батанічны сад, як кажуць, усім светам.



І галоўнае пытанне, каму і навошта патрэбны Батанічны сад у цэнтры горада?


Парк у самым цэнтры горада патрэбны ўсім грамадзянам. Гэта і адпачынак, і культурнае асяроддзе, і добрая экалогія таксама. Адначасова з рэкрэацыйнай функцыяй парк можа выконваць і адукацыйную: тэрыторыя Падніколля амаль не даследавана, тут можна і патрэбна разгарнуць навуковую працу школьнікам, студэнтам, выкладчыкам.


За апошнія 70 год на Падніколлі стварылася асобная экасістэма і сёння нельга яе парушаць. Трэба падтрымліваць і развіваць унікальную зону ў цэнтры горада, дзеля гэтага мы і прапануем тут стварыць Батанічны сад.



Галерэя