Летась беларусы купілі каля 50 тысяч новых аўтамабіляў

04.02 07:58

А за ўвесь 2014 год у нашу краіну ўвезлі больш за 70 тысяч машын.

Рынак новых аўтамабіляў Беларусі ў мінулым годзе склаў каля 50 тысяч адзінак. Пра гэта паведаміў старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч. Паводле яго слоў, са згаданых 50 тысяч аўтамабіляў беларускія аўтадылеры прадалі толькі палову — каля 25400.

Адзначаецца, што такая значная колькасць набытых аўто з'явілася ў выніку масавага ўвозу машын з Расіі, які быў адзначаны ў снежні мінулага года. Як паведамляла Еўрарадыё, толькі за снежань 2014-га беларусы прывезлі з Расіі ажно 48 тысяч легкавых аўтамабіляў (новых і патрыманых). Месяцам раней, у лістападзе, — толькі 14 тысяч. Пры гэтым з усяго іншага свету беларусы за 2014 год прывезлі машын менш, чым з Расіі ў снежні — толькі 40 тысяч аўтамабіляў.

БЕЛТА інфармуе, што ў нашу краіну за 2014 год было ўвезена больш за 70 тысяч аўтамабіляў (у тым ліку і новых). А ў 2013 годзе беларусы набылі за мяжой, у тым ліку ў Расіі, каля 73 тысяч аўтамабіляў.