Лукашэнка зьвязаў пратэсты «дармаедаў» з замежнымі прэтэнзіямі на беларускія землі

01.03 08:29

Падчас наведваньня Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплянтацыі органаў і тканак Аляксандар Лукашэнка заявіў пра намер уключыць у школьныя падручнікі новы погляд на станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці ў IX стагодзьдзі.

Кажучы пра новы погляд на працэс фарміраваньня тэрыторый усходнеславянскіх раньнедзяржаўных утварэньняў у Полацку і Віцебску, Лукашэнка нечакана зьвязаў пытаньне гісторыі з маршамі «недармаедаў».

 

«Сёньня некаторыя пад выглядам „дармаедзтва“, яшчэ чагосьці спрабуюць гэтую лодку разгайдаць і даказаць нам, што гэта ня нашы зямлі, а нечыя. Таму для нас гэта вельмі актуальна. „Дармаеды“ павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёньня выкарыстоўваць у самых карысьлівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсьць, зьнішчыць на корані тое, што мы адрадзілі, каб ня даць нам замацавацца. І яны будуць выкарыстоўваць усе» - цытуе кіраўніка краіны агенцтва Белта.

 

26 лютага, падчас Маршу «недармаедаў» у Віцебску, некалькі ўдзельнікаў акцыі паспрабавалі скандаваць воклічы «Слава России». Прарасейскія лёзунгі прысутныя на плошчы не падтрымалі і працягвалі скандаваць «Жыве Беларусь».

 

«Трэба прапісаць і ўкараніць у розумы нашых людзей праўду. Тут калі і ёсьць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм здаровы» — падкрэсьліў Лукашэнка, кажучы пра неабходнасьць новага погляду на фарміраваньне беларускай дзяржаўнасьці.