Магілёў і Чжэнчжоу падпісалі праграму супрацоўніцтва

28.06 17:23

Вынікам візіту 26-27 чэрвеня ў Магілёў кітайскай дэлегацыі на чале з віцэ-мэрам Чжэнчжоу Сюэ Юньвэем стала падпісанне праграмы супрацоўніцтва двух гарадоў на 2016-2017 гады.

Нагадаем, 12 чэрвеня 2014 года прадстаўнікі выканаўчай улады Магілёва і Чжэнчжоу, сталіцы кітайскай правінцыі Хэнань, падпісалі пагадненне аб усталяванні пародненых адносін.

"Два гады таму назад мы ўсталявалі пабрацімскія адносіны паміж Магілёвам і Чжэнчжоу. За гэтыя гады мы ўжо прыгледзеліся адзін да аднаго і абмяняліся некалькімі дэлегацыямі як дзелавых колаў, так прадстаўнікоў сацыяльнай сферы. Многія мерапрыемствы былі праведзеныя ў рамках супрацоўніцтва як у адным горадзе, так і у другім. Дэлегацыя, якая сёння знаходзіцца ў горадзе, таксама прыехала з канкрэтнымі прапановамі. Наша задача № 1 - зрабіць пабрацімскія адносіны ўзаемавыгаднымі для абодвух гарадоў і абедзвюх краін", - заявіў журналістам старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

Кітайскія госці наведалі прадпрыемства "Бабулін гладыш" і Магілёўскі мясакамбінат. "Ім спадабалася наша вытворчасць і прадукцыя, якая вырабляецца на гэтых прадпрыемствах. Думаю, што найбліжэйшым часам наша прадукцыя будзе пастаўляцца ў горад-пабрацім", - сказаў Цумараў, адзначыўшы, што пры развіцці паставак магілёўскай прадукцыі мае сэнс стварэнне ў горадзе структурнага падраздзялення кітайскай лагістычнай кампаніі.

Акрамя таго, магілёўскае кіраўніцтва прапанавала кітайскім партнёрам стварыць на базе "Магілёўтрансмаша" сумеснае прадпрыемства па вытворчасці мікрааўтобусаў. "Магілёўтрансмаш" мае абсталяванне, адпаведныя кадры, каб гэтую праграму рэалізаваць. Зараз кітайскі бок вывучае дакументацыю аб магчымым адкрыцці сумеснага прадпрыемства", - паведаміў Цумараў.

Кіраўнік выканаўчай улады Магілёва, дзе прыкладна 370 тыс. жыхароў, станоўча ацэньвае развіццё сувязяў з 10-мільённым Чжэнчжоу. Гэта датычыцца ў першую чаргу культурных і дзелавых абменаў. У той жа час, на яго думку, неабходна зрабіць упор і на ўзаемнае развіццё турызму. "Мы маем намер нашу дружбу, нашы сувязі паставіць на колы эканомікі ў інтарэсах двух гарадоў і двух народаў", - сказаў ён.

Кіраўнік кітайскай дэлегацыі ў гутарцы з журналістамі выказаў задавальненне падпісаннем праграмы і ў цэлым вынікамі наведвання Магілёва. Паводле яго слоў, першая пробная партыя малака "Бабушкін гладыш" найбліжэйшым часам адправіцца ў Чжэнчжоу. "Хочам супрацоўніцтва ў гандлі, каб якасныя беларускія тавары з іншых абласцей прадаваліся ў нашым горадзе і нашай краіне", - заявіў Сюэ Юньвэй.

Віцэ-мэр Чжэнчжоу станоўча ацаніў геаграфічнае становішча Магілёва, у прыватнасці блізкасць да Расіі і Еўрасаюза. "Мы перададзім гэтую інфармацыю нашым прадпрыемствам, каб яны больш даведаліся пра ваш горад", - сказаў ён пасля азнаямлення з эканамічным патэнцыялам Магілёва і магчымасцямі інвеставання.

Кітайскія госці таксама выказалі цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з абласным цэнтрам у культуры, спорце, адукацыі, медыцыне, турызме, запрасіўшы магілёўцаў наведаць Чжэнчжоу.