Магілёўскае ўпраўленне гандлю прызнала Крым украінскім

30.05 10:55

Упраўленне гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама не рэкамендуе прадаваць карты і глобусы, на якіх прыналежнасць Крыму адрозніваецца ад агульнапрызнанай.

У канцы сакавіка першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) магілёвец Ігар Барысаў накіраваў скаргу ва ўпраўленне гандлю і паслуг, а таксама ва ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама, у якой запатрабаваў зняць у Цэнтральным універмагу з продажу глобусы з межамі дзяржаў, якія не прызнанымі Рэспублікай Беларусь. На прадаваных глобусах Крым быў пазначаны як расійская тэрыторыя. Па сцвярджэнні палітыка, Беларусь прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і афіцыйна не прызнае анэксію Крыма Расіяй, на што, па яго словах, неаднаразова звяртаў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"27 сакавіка 2014 года Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю 68/262 (мае рэкамендацыйны характар), якая падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах і якая не прызнае змяненняў статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым і г.Севастопаля па выніках праведзенага 16 сакавіка 2016 года агульнакрымскага рэферэндуму", - гаворыцца ў адказе намесніка начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага гарвыканкама Таццяны Абрамовіч, накіраваным 25 мая Ігару Барысаву.

Чыноўніца таксама паведамляе палітыку, што на падставе ліста упраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама суб'ектам гандлю Магілёва даведзены рэкамендацыі пазбягаць продажу палітычных карт і глобусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасць Крыму адрозніваецца ад агульнапрызнанай сусветнай супольнасцю.

Варта адзначыць, што адказ Барысаву хоць і дадзены па-беларуску змяшчае неадпаведныя формы мовы, а то і проста напісаннае па-руску слова. Гэта азначае, што тэкст, напісаны першапачаткова на рускай мове, быў потым перекладзены праз перекладчыцкі інтэрнэт-сэрвіс і не адрэдагаваны.

Раней Магілёўскае ўпраўленне ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама ў адказе Барысаву заявіла аб сваёй ня кампетэнцыі адносна пытанняў знешняй палітыкі. Заяўніку было рэкамендавана звярнуцца ў МЗС.

Адзначым, што глобусы з указаннем Крыма як тэрыторыі Расіі, акрамя Цэнтральнага ўнівермага ў Магілёве, прадаваліся таксама ў магілёўскім гіпермаркеце "Гіпа", дзе ў жніўні 2013 года можна было купіць і школьныя сшыткі з тэкстам гімна Расійскай Федэрацыі. Тады Барысаў звяртаўся да гарадскіх уладаў з пытаннем, чаму дзеці ў Магілёве выхоўваюцца "ў традыцыях расійскай дзяржаўнасці, а не ў рамках беларускай дзяржаўнасці і культуры". У хуткім часе гэтыя сшыткі зніклі з продажу ў гіпермаркеце.