Магілёўскага журналіста Уладзіміра Лапцэвіча выклікалі ў міліцыю

15.06 16:28

Па словах Уладзіміра Лапцэвіча, ён мусіць наведацца ў міліцыю як асоба, у адносінах да якой вядзецца адмінпрацэс.Яго абвінавачваюць у парушэнні артыкула 22.9 КоАП РБ і хочуць прыцягнуць за незаконны выраб прадукцыі СМІ для замежнай прэсы.

Гаворка ідзе пра матэрыялы ў штотыднёвік для беларусаў у Польшчы «Ніва» (Беласток). Уладзімір Лапцэвіч звярнуў увагу на тое, што ён з’яўляецца пазаштатным аўтарам, а не журналістам “Нівы”:

– Пра маю дзейнасць патрэбныя органы, у першую чаргу падатковая інспекцыя, у курсе. Я плачу падаткі, у мяне ўсё празрыста. Я здзіўлены, што міліцыя зацікавілася маімі артыкуламі ў “Ніве”. Тым больш, часопіс выходзіць толькі ў Польшчы, – пракаментаваў цікавасць міліцыі журналіст.

Уладзімір Лапцэвіч распавёў, што позву яму прынеслі ўвечары 14 чэрвеня прама дадому.

– Там было пазначана, што мяне чакаюць 20 чэрвеня. Аднак я ператэлефанаваў маёру Слаўнікаву, да якога мне трэба было з’явіцца, і папрасіў яго перанесці сустрэчу на 15-га, каб хутчэй з усім разабрацца. З яго слоў я зразумеў, што пратакола пакуль яшчэ няма, але справа ўжо ідзе, – заявіў карэспандэнт.

Праваабаронца Барыс Бухель бачыць у гэтым чарговы факт ціску на незалежных журналістаў:

– Відавочна, улады ўзяліся за нязручных журналістаў. Спачатку дзве справы супраць Аліны Скребуновой, цяпер выклікаюць Уладзіміра Лапцэвіча – і ўсё гэта ў кароткі тэрмін. Прычым па артыкуле КаАП, якая наўпрост парушае свабоду слова.