Магілёўскі гарсвет абяцае зрабіць асвятленне паміж «Кварталам» і «Кантынентам»

31.01 07:32

На дадзены момант яно функцыянуе толькі часткова.

 

У лісце за подпісам дырэктара «Гарсвета» А.Пашкевіча, які атрымалі жыхары пр-та Дзімітрава гаворыцца, што аднаўленне асвятлення ад д.64 па пр-ту Дзімітрава па пешаходнай дарожцы да крамы «Квартал» уздоўж дамоў 1,13 і 15 па вуліцы Маўчанскага адбудзецца ў другім квартале 2014 года.

 

Асвятленне ад д.64 да крамы «Кантынент» часткова адноўлена пасля звароту грамадзян.

 

«Вечарам ідзеш у крамы  і не бачыш куды ісці – асвятлення зусім няма. Гэта небяспечна, бо ў цёмны час здзяйсняюцца разнастайныя злачынствы. Гарсвет адпісаўся, што зрабіў асвятлення ад д.64 да гандлёвага цэнтра «Кантынент», аднак гэта праўда толькі напалову. Асвятленне працуе пачынаючы ад сярэдняй школы №36. Ад школы да д.64 яго як не было, так і няма», - кажа жыхарка д.64 па пр-ту Дзімітрава Алена.

 

Трэба адзначыць, што пасля адбыўшыхся злачынстваў у Магілёве і Бабруйску (згвалтавання і забойства) у неасвятлённых месцах усім міліцыянтам загадалі пісаць рапарты на імя сваіх начальнікаў у выпадку, калі ў тых ці іншых месцах горада адсутнічае асвятленне.

 

Якуб Корсак