Магілёўскі сацыял-дэмакрат паскардзіўся у пракуратуру на парушэнне закона аб мовах

04.05 11:47

Магілёўскі сацыял-дэмакрат Дзмітрый Люнтоў убачыў парушэнне закона аб мовах у рускамоўным адказе дырэктара ААТ “Стужка” Сяргея Пятрова на свой беларускамоўны зварот.

 

Нагадаем, у сакавіку старшыня Ленінскай арганізацыі БСДП (Грамада) Дзмітрый Люнтоў (на фота) звярнуўся да кіраўніцтва ААТ “Стужка” з просьбай “устрымацца ад выпуску правакацыйнай і неадназначна ўспрымаемай у Беларусі “георгіеўскай стужкі”. Гендырэктар прадпрыемства Сяргей Пятроў, адказваючы на беларускамоўны зварот Люнтова па-руску, адзначыў, што арганізацыя не будзе перарываць пастаўкі данай стужкі нашым пакупнікам, бо не лічыць, што вытворчасць “георгіеўскай стужкі” абражае гонар і памяць нашых продкаў, прымаўшых удзел у Вялікай Айчыннай вайне.

 

Дзмітрый Люнтоў лічыць, што С.Пятроў і той, хто рыхтаваў адказ, парушылі беларускае заканадаўства, бо далі яго па-руску, а не па-беларуску, як таго патрабуе Закон “Аб мовах у Рэспублікі Беларусь”, а менавіта ч.3 арт.5 “Гарантыі правоў грамадзян пры звароце ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі”, які адназначна і без усялякіх агаворак і выключэнняў ўсталяваў, што адказ на зварот афармляецца на мове звароту.

 

Сацыял-дэмакрат просіць гарадскую пракуратуру прыцягнуць да адказанасці С.Пятрова і таго чалавека, які рыхтаваў яго адказ, а таксама, у прыватнасці, правесці ў кароткія тэрміны праверку кіраўнікоў ААТ “Стужка” і іх сакратароў на прадмет валодання імі беларускай мовай у аб’ёме, неабходным для выканання службовых абавязкаў.