Магілёўскія чыноўнікі не спяшаюцца беларусізаваць “Могилев”

13.12 15:34

Намеснік кіраўніка горада Ігар Шардыка лічыць, што рабіць замену дарожнага знака з рускамоўнага на беларускамоўны немэтазгоднай. Такі адказ атрымалі з гарвыканкаму магілёўскія сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).



Нагадаем, што дарожны знак з назвай населенага пункта на рускай мове “Могилев” быў усталяваны на ўездзе ў горад летам гэтага года. Прычыны, паводле якіх гэта было зроблена застаюцца невядомымі.



Лідар Магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў адзначае, што ў адрозненні ад абласных чыноўнікаў гарадскія не ведаюць беларускай мовы, бо адказ ад іх прыйшоў на рускай, а ў назве партыі яны зрабілі аж дзьве памылкі.



“У адказе пазначана некалькі прыкладаў з назвамі беларускамоўных шыльдаў, кшталту крамаў “Світанак”, “Вяснянка”, “Буслік”, аптэкі “Добрыя лекі”, але якое яны маюць значэнне да дарожных шыльдаў мне не зразумела, - гаворыць Ігар Барысаў, - З адказа вынікае, што знак будзе стаяць пакуль не пакрыецца іржой, альбо яго хто-небудзь не пашкодзіць падчас аварыі. І толькі тады рускамоўная шыльда будзе заменена на беларускамоўную. Гэта ў тым выпадку, калі верыць аблвыканкаму, які рэкамендаваў гарвыканкаму гэта зрабіць падчас далейшай устаноўкі новых знакаў, утым ліку пры правядзенні рамонтных работ”.



Ігар Барысаў адзначае, што беларуская мова на дарожных знаках у горадзе, як і ў краіне ў цэлым, з’яўляецца ледзь не апошнім месцам дзе яе можна пабачыць.



Надалей магілёўскія сацыял-дэмакраты збіраюцца прасіць у гарадскіх чыноўнікаў каштарыс выдаткаў для замены гэтага рускамоўнага знака на беларускамоўны. Пасля іх адказу яны маюць намер распачаць збор грашовых сродкаў, якія бы пакрылі выраб і мантаж новага знака, а таксама дэмантаж старога знака.



Вітольд Няўрыда