Магілёўскія дэмакраты пачалі ўдзел у выбарах у “палатку”

24.06 18:50

Структуры апазіцыйных палітычных партый і арганізацый вылучылі сваіх прадстаўнікоў у Магілёўскую абласную і акруговыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Таксама вызначаюцца дэмакраты - прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты.

Як паведаміў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "БНФ "Адраджэньне" Віталь Макаранка, ад аб'яднання і Партыі БНФ у склад абласной камісіі не вылучаны ніхто. "Мы не надаём значнай увагі абласной камісіі", - заявіў апазіцыянер. Паводле яго слоў, сам ён мае намер працаваць у складзе камісіі Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 85. Таксама вылучаныя члены Партыі БНФ і ГА "БНФ "Адраджэньне" ў склад акруговых камісій Магілёва (Магілёўская-Прамысловая акруга № 87), Бабруйска (Бабруйская-Першамайская акруга № 79), Крычава (№ 83) і Шклова (№ 90). На момант напісання матэрыялу дакументы ад партыі і аб'яднання па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў яшчэ не былі пададзеныя ў Магілёўскі аблвыканкам.

На выбарах Партыя БНФ і "БНФ "Адраджэньне" плануюць вылучыць восем чалавек па вобласці. Іх кандыдатуры не будуць узгадняцца з іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі.

Аб'яднаная грамадзянская партыя вылучыла прадстаўнікоў у Магілёўскую абласную выбарчую камісію, а таксама ў акруговыя камісіі №№ 77 (Бабруйск), 85, 86, 87 (Магілёў), расказаў старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі АГП Аляксей Кірыенка. У аблвыбаркам вылучаны Уладзімір Парфёнаў, які ў 2010 годзе працаваў у абласной камісіі па выбарах прэзідэнта.

Паводле Кірыенкі, у вобласці ад АГП маюць намер балатавацца па Магілёўскай сельскай акрузе № 88 старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, па Магілёўскай-Прамысловай акрузе № 87 - Сяргей Смалякоў, па Бабруйскай-Першамайскай № 79 - Алег Жалноў. Сам Кірыенка гатовы вылучыць сваю кандыдатуру па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе № 86. Ён адзначыў, што ўсе кандыдаты ад партыі узгодненыя з арганізацыямі, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкай кааліцыю.

Гэтая кааліцыя рыхтуецца таксама вылучыць кандыдатамі ў дэпутаты ў Магілёве члена руху "За Свабоду" Юрыя Стукалава (акруга № 84), члена аргкамітэта па стварэнні БХД Алега Аксёнава (акруга № 85). Таксама па 84-ай акрузе рыхтуецца вылучыцца прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні арганізацыі "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" Андрэй Бодзілеў.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) вылучыла ў абласную выбарчую камісію Надзею Шкадун, а таксама сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі № 85 і № 86 у Магілёве, паведаміў намеснік старшыні партыі Ігар Барысаў. Ён таксама расказаў, што партыя папярэдне мае намер прадставіць кандыдатамі ў дэпутаты сем чалавек - пяць з іх заявілі пра гатоўнасць балатавацца ў Магілёве, адзін у Бабруйску і адзін у Бялынічах.

Партыя левых "Справядлівы свет" вылучыла ў склад абласной камісіі па выбарах Уладзіміра Заўялава. Таксама актывісты партыі маюць намер працаваць у складзе акруговых камісіі №№ 85, 87, 88 у Магілёве і №№ 78 і 79 у Бабруйску.

Што тычыцца вылучэння кандыдатаў, то гэтае пытанне пакуль абмяркоўваецца. Паводле слоў кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі "Справядлівага свету" Ігара Сарокі, паводле папярэдніх даных, у вобласці будуць балатавацца не менш за пяць членаў партыі.