Магілёўскія эка-актывісты ачышчаюць горад ад смецця

19.04 10:25

У гэтым годзе акцыі па ачыстцы абласнога цэнтра ад смецця адбываліся ўжо двойчы – 9 і 16 красавіка.

Са словаў арганізатара Аляксея Гаўрыленкі акцыі праходзілі пад лозунгам “Зробім!” і з’яўляюцца часткай сусветнай кампаніі «Let’s Do It! — World Clean-up 2016», якая існуе з 2008 года і праводзіцца штогод. Беларусь удзельнічае ў гэтай кампаніі з 2012 года.



Адметнасцю акцыі з’яўляецца тое, што яна адбываецца без загаду зверху, а па ініцыятыве знізу. Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе акцыя “Зробім!” супала з рэспубліканскім суботнікам, гарвыканкам і іншыя дзяржаўныя арганізацыі не маюць да яе ніякага дачынення. Усе прылады для працы (пальчаткі і пакеты для збору смецця) актывісты набываюць за свой кошт.



Апошнім разам месцам для збору смецця стаў Ямніцкі пасёлак. Эка-актывісты анансуюць, што ў наступны раз для збору смецця будзе выбрана іншая мясціна. Брудных зонаў ў горадзе, на жаль, больш чым дастаткова.

-          Сваёй акцыяй мы хочам вынесці рэгіянальныя экалагічныя праблемы на абмеркаванне і знайсці шляхі вырашэння гэтых праблем. Неабходна тлумачыць сябрам і знаёмым важнасць захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Мінакі ж, у асноўным, станоўча рэагуюць, падтрымліваюць нас, - гаворыць Аляксей Гаўрыленка.

Актывіст адзначае, што з кожным годам колькасць жадаючых далучыцца да падобнай акцыі толькі павялічваецца. Інфармацыя аб брудных мясцінах у Беларусі і аб актыўнасці актывістаў можна знайсці на сайце http://letsdoit.by.   



Трэба адзначыць, што акцыя “Зробім!” аб’ядноўвае 112 краін свету, і, разам з тым, каля 14 мільёнаў валанцёраў. Кожны год колькасць цікавых да экалагічных праблем грамадзян павялічваецца.

 

 

Галерэя