Міхась Булавацкі: Спадзяюся, што ў Магілёве з’явяцца два беларускамоўныя класы

15.06 12:55

Магілёў вядомы на ўсю Беларусь, як горад, у якім у беларускамоўным класе навучаецца адна вучаніца - Ялінка Салаўёва. Сёлета дзве школы Магілёва (СШ №1 і СШ №34) адкрылі набор у першыя беларускамоўныя класы. Але пакуль бацькі не бягуць з заявамі, у чым прычына? Гутарым з сябрам ТБМ імя Францыска Скарыны, беларускамоўным выкладчыкам матэматыкі Міхасём Булавацкім.


Як у сучаснай Беларусі развівалася беларускамоўнае навучанне?


На самым пачатку 1990-х гг з набыццём Беларусі незалежнасці людзі сталі адчуваць сабе больш вольнымі. Тады і сталі актыўна ўтварацца беларускамоўныя класы - на стан 1995 года ў Магілёве каля 7% школьнікаў навучалася на беларускай мове. Але прайшоў рэферэндум, які надаў рускай мове роўныя правы з беларускай і колькасць беларускамоўных класаў пачала змяншацца. Пакуль у 2000 годзе ў СШ №5 не закрыўся апошні беларускамоўны клас.

У 2002 годзе Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны прыклала намаганні, каб адкрыць беларускамоўны клас з матэматычным ухілам на базе 7-га класа адной з магілёўскіх гімназій. Мы атрымалі такі дазвол толькі ў чэрвені, калі ўжо ўсе класы былі сфармаванымі. Чатыры чалавекі ўсё ж такі падалі заяўкі ў гэты клас. Аднак чыноўнікі прызналі фінансавую немэтазгоднасць адкрываць клас для такой малой колькасці вучняў, хаця дазвол старшыні аблвыканкама Барыса Батуры быў. Пачалася бюракратычная валакіта, якая доўжылася да 1 верасня. Такім чынам, ініцыятыва адкрыць беларускамоўны клас з матэматычным ухілам правалілася.


Ці можна ўвогуле казаць аб фінансавай мэтазгоднасці, калі размова ідзе аб беларускамоўным навучанні?


Калі дзяржаўны чыноўнік не можа знайсці сродкаў на выкананне Канстытуцыі дзяржавы, якой ён служыць, то такі дзяржаўны чыноўнік павінен саступіць месца другому, які знойдзе гэтыя сродкі.

Не хацелі адчыняць беларускамоўны клас для 4-х вучняў, але ўсё ж такі адчынілі для адной вучаніцы - Ялінка Салаўёва праз гэта стала вядома на ўсю краіну. Як гэта сталася?


Знайшліся такія бацькі, як сям’я Салаўёвых, якія пажадалі і дамагліся, каб іх дзіця навучалася на роднай мове. Разам з імі ў СШ №1 падалі заяўкі на навучанне на беларускай мове яшчэ некалькі сямей, таму нельга сказаць, што клас ствараўся для адной вучаніцы. Але з цягам часу аднакласнікі раз’ехаліся па іншых мясцінах і Ялінка Салаўёва засталася адна.


На маю думку, бацькі дзяўчынкі ад гэтага толькі радыя, бо іх дзіцё атрымоўвае больш увагі, да яе асабісты падыход настаўнікаў. Яны і не дужа шукаюць ёй аднакласнікаў.


Хто павінен шукаць аднакласнікаў для Ялінкі і ўвогуле займацца падтрымкай і развіццём беларускамоўнага навучання ў Беларусі?


Адназначна, гэтая функцыя ляжыць на дзяржаве, якая завецца Беларусь. У Францыі дзяржава займаецца развіццём французскай мовы. Так і ў Беларусі дзяржава павінна займацца развіццём беларускай мовы. А тое, што сёння гэтага не робіцца, гэта значыць, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй, ёю кіруюць людзі, якія не любяць Беларусь і беларускае. Сёння дзяржава не зацікаўлена, каб нашая мова развівалася.

Фармальна існуе шмат праграм па развіцці беларускай мовы, але рэчаіснасць адлюстроўвае стан лепей за любыя паперы: беларускамоўны клас з адзінай вучаніцай таму прыкладам.

Дзякуючы ініцыятыве ТБМ пры падтрымцы ўлады распачаты набор у два беларускамоўныя класы для першакласнікаў: у 1 і 34 школах. Ці атрымаецца ў іх?


Мяне цешыць тое, што гэтым разам пагадзілася адкрыць беларускамоўны клас яшчэ адна школа - СШ № 34. Справа ў тым, што новы дырэктар гэтай школы - мой былы студэнт Ігар Якіменка - хоча вылучыць сваю школу сярод іншых і таму спрыяе беларускамоўнаму навучанню. Зараз шукаюць вучняў, пакуль ім прынеслі толькі адну заяўву, гэтага недастаткова.


Кампанію па адкрыцці беларускамоўнага класа трэба пачынаць яшчэ ўзімку. Не хапае гэтай справе і шырокай піар-акцыі, такой рэкламы, каб паўсюль было чуваць. Але паглядзім, фармальна час яшчэ ёсць.  


Што трэба зрабіць, каб назбіраць заяўкі ў беларускамоўныя класы? У чым справа?


Пакуль у міністэрствах, аддзелах адукацыі, школах сядзяць людзі, якія не ведаюць беларускую мову, якія не зацікаўлены ў яе падтрымцы і развіцці, нічога не зменіцца. Трэба прыцягнуць у гэтую сферу людзей, якім баліць, якія любяць сваю мову і культуру.


Я не аднойчы прапаноўваў адміністрацыі СШ №1 сваю кандыдатуру ў якасці выкладчыка матэматыкі ў беларускамоўным класе. Тады можна было б зрабіць акцэнт на тое, што клас не проста беларускамоўны, а з узмоцненым вывучэннем матэматыкі. Гэта таксама схіліла б бацькоў аддаваць сваіх дзяцей у гэты клас. Я гатовы займацца з дзецьмі бясплатна, але адміністрацыя школы не можа на гэта пайсці. Кажуць, што за бясплатна ў настаўніка не будзе адказнасці, а ўзяць мяне на стаўку не могуць, бо свае кадры цалкам не забяспечаны працай.


Але і на стаўцы адказнасці можа не быць. Па якасці адукацыі Ялінкі я бачу, што ў школе працуюць маладыя, не вельмі дасведчаныя кадры, якія не арыентуюцца ў новых дасягненнях педагогікі і дзіцячай псіхалогіі. Беларускамоўнае навучанне стане запатрабаваным, калі яно будзе прадстаўлена на высокім узроўні. Але пакуль гэтага няма.

Што датычна саміх дзяцей, ці ведаюць яны мову, як да яе ставяцца?


Я працую хатнім настаўнікам, рэпетытарам і з некаторымі вучнямі вяду заняткі па-беларуску (такім даю зніжку ў аплаце). Аніякіх праблем з разуменнем беларускіх тэрмінаў у дзетак не ўзнікае, шмат слоў сугучна на дзвюх мовах: “перпендикуляр” - у нас “перпендыкуляр”, “параллельные прямые” - “паралельныя прамыя”. Так што дзеці мяне добра разумеюць, а вось калі прыходзіць час самім нешта казаць - тут бяда. Дзеці не вінаватыя, канечне, што яны нічога не ведаюць, бо іх проста не навучылі гэтаму ў школе. Сёння беларускую мову вывучаюць, як замежную: лексіку з тэмаў “дом”, “мае заняткі” дзеці ведаюць і на гэтым усё.

Я сам звяртаўся ў міністэрства адукацыі з прапановай, каб у падручнікі асобнай старонкай дадалі руска-беларускі слоўнік, дзе будзе пададзены пераклад асноўных тэрмінаў і паняццяў на родную мову. Але нават гэтага не хочуць рабіць.


Людзі самі робяць гэты выбар у бок расейскай мовы ці нехта ім яго навязвае?

 

Нашыя людзі часта пазбаўлены альтэрнатывы. Яны глядзяць тэлебачанне, чытаюць дзяржаўныя газеты. Шмат гадоў людзям даносілася, што беларуская мова - гэта сродак апазіцыі. Але з прыходам інтэрнету многае стала мяняцца, на жаль, не так хутка, як хацелася б, але рэчаіснасць мяняецца. Мову ўжо не звязваюць з партыяй  БНФ, мову часцей сталі выкарыстоўваць у рэкламе, беларускасць і ўсё звязанае з нацыянальнай самаідэнтычнасцю стала прасоўвацца ў грамадстве. Нарэшце і ў Магілёве з’явілася надзея, што адкрыюцца два першыя беларускамоўныя класы...



Галерэя