Мультфільм «Маленькі прынц» на беларускай мове будуць паказваць у Магілёве яшчэ тыдзень

04.09 15:31

У гэты ўікэнд у Магілёве адбылася прэм'ера анімацыйнага фільма «Маленькі прынц» у беларускай агучцы. Ініцыятыва агучыць мультфільм на беларускую мову і паказаць на вялікім экране належыць праекту «Беларускія ўікэнды» сумесна з velcom і «Атлант Тэлекам».

Паказы адбыліся ў кінатэатры «Космас» 1-3 верасня, пры гэтым усе тры дні мультфільм збіраў поўную залю. З-за высокай цікавасці магілёўцаў было вырашана арганізаваць яшчэ 21 сеанс у кінатэатрах "Радзіма" і "Космас" на працягу тыдня. 

Не меншым поспехам карыстаўся «Маленькі прынц» ў Мінску і Гродна — у абодвух гарадах прыйшлося рабіць дадатковыя паказы, каб усе жадаючыя змаглі паглядзець французскую стужку ў прафесійнай беларускай агучцы. У межах праекта мультфільм паглядзела ўжо больш за 3,3 тыс. гледачоў, а трэйлер да яго ў сацыяльных сетках набраў больш за 600 тыс. праглядаў.

Ідэя перакладаць і пераагучваць сусветнае кіно розных жанраў на беларускую мову і дэманстраваць яго на вялікім экране належыць кіраўніку і заснавальніку праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэю Кіму. Вакол яго ініцыятывы аб’ядналіся сябры і аднадумцы — беларускія акцёры Павел Харланчук, Ганна Хітрык, Алесь Маўчанаў, Уладзімір Глотаў, Сяргей Жбанкоў. Вынікам іх супрацоўніцтва на дадзены момант з’яўляецца больш за 20 замежных кінахітоў у беларускай агучцы.

Новы этап развіцця праекта «Беларускія ўікэнды» пачаўся, калi ў сакавіку 2017 года да праекта далучыліся партнёры ў асобе кампаніі velcom і яго брэнду «Атлант Тэлекам». Ініцыятыва атрымала магчымасць не толькі выйсці за межы Мінска, але і набыць якасна новыя маштабы і ахоп.

«Мы вельмі рады, што наша мара зрабіць праект «Беларускія ўікэнды» нацыянальным не толькі па ідэі, але і па маштабах, дзякуючы падтрымцы нашых партнёраў, нарэшце здзейснілася. Кіно ў прафесійнай беларускай агучцы на вялікім экране ўжо ўбачылі жыхары Мінска, Гродна і Магілёва, і я спадзяюся, што ў хуткім часе такую магчымасць атрымае кожны жыхар Беларусі», — распавёў кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

Паралельна з паказамі мультфільма «Маленькі прынц» арганізатары і партнёры праекта «Беларускія ўікэнды» аддалі належную пашану і яго літаратурнай першакрыніцы. У гонар угодкаў нараджэння Антуана дэ Сэнт-Экзюперы сумеснымі намаганнямі кампаніі velcom і праекта «Беларускія ўікэнды» была перавыдадзена кніга «Маленькі прынц» на беларускай мове. Значная частка тыражу прызначана для перадачы ў бібліятэкі школ.

«Адным з важных напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці velcom і «Атлант Тэлекам» з’яўляецца падтрымка беларускай мовы і культуры. Метавіта таму мы с вялікім задавальненнем пачалі развіваць і маштабаваць праект «Беларускія ўікэнды». Прыемна, што ініцыятыва запатрабавана і карыстаецца папулярнасцю як у Мінску, так і па-за яго межамі. Поўныя залі на паказах «Маленькага прынца» у Магілёве  – лепшае таму пацверджанне», — адзначыла прадстаўнік кампаніі velcom Ірына Карэліна.

У межах супрацоўніцтва velcom і «Атлант Тэлекам» з праектам «Беларускія ўікэнды» у розных гарадах Беларусі ўжо адбылося больш за 20 кінапаказаў на беларускай мове: мультфільмы «Маленькі прынц» і «Таямніца Келза», фільмы «Кніга Илая» і «Пакуль ногi носяць».