“НАШ Магілёў” зноўку раздавалі на вуліцах горада

27.05 13:52

Зладзілі раздачу адзінага мясцовага незалежнага выдання актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

27 траўня ў рукі магілёўцаў у цэнтры горада на пешаходнай вуліцы Ленінскай патрапілі чарговыя нумары газеты “НАШ Магілёў”. Газеты былі прысвечаны тэме карупцыі ў атачэнні магілёўскіх чыноўнікаў. З электроннымі версіямі газет можна азнаёміцца па спасылцы тут.

Былы дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў і сябра БСДП Алесь Сердзюкоў кажа, што распаўсюд незалежнай прэсы ў цэнтры Магілёва становіцца традацыяй:

-          Людзі станоўча рэагуюць на распаўсюд выданняў. Значна лепш, чым распаўсюднікі рэкламы, якія стаялі побач. Людзі бяруць газеты “НАШ Магілёў”, чытаюць і гэта сведчыць пра дэфіцыт інфармацыі. Мясцовая прэса зусім не папулярная, бо яна ні пра што вострае і актуальнае не піша. Для іх старонкі незалежнага выдання раскажуць пра вядомых магілёўскіх чыноўнікаў, якія пагарэлі на карупцыі.

І сапраўды на старонках газеты можна азнаёміцца з партрэтамі мясцовых карупцыянераў і анцікарупцыйнымі прапановамі, якія прапануюцца незалежным экспертам Пятром Мігурскім у розных сферах жыццядзейнасці.

-          Не абышлося і без правакацый. Адзін магілёвец пачаў у мяне выклянчваць грошы, пагражаючы тым, што калі не дам, то здасць мяне ў міліцыю. 10 хвілін прыйшлося ад яго адбівацца. Добра, што ўсё добра скончылася, - кажа актывіст БСДП Мікіта Фартух.

Іна Яўсеева падчас раздачы рабіла стаўку на размову з гараджанамі.

-          Для мяне было важна таксама і паразмаўляць з людзьмі. Шмат хто з іх выказваў мне падтрымку і пытаўся, ці не баюся я гэта рабіць, бо жывем “самі ведаеце ў якой дзяржаве”. А чаго баяцца? Колькі ўжо можна? Ужо даўно ўсе чакаюць зменаў ў лепшы бок, аднак кожны дзень бачаць адно і тое ж. Гэта не стабільнасць – гэта стагнацыя, - кажа сацыял-дэмакратка.

Распаўсюд выданняў доўжыўся крыху больш за гадзіну і прайшоў без канфліктаў і кантактаў з праваахоўнікамі. Агулам падчас вулічнай акцыі было распаўсюджана каля тысячы газет.



Галерэя