Наталія Шкадун: Дэпутаты, якія прымалі змены ў закон аб донарстве, мусяць самі паспрабаваць здаць кроў хоць адзін раз

08.06 15:52

Выратаваць камусьці жыццё - вельмі проста. Дастаткова здаць кроў і яе кампаненты. Напярэдадні Міжнароднага дня донара - 14 чэрвеня - нашая размова з ганаровым донарам Наталіяй Шкадун. Жанчына не толькі мае досьвед шматразовай здачы крыві - яна самым непасрэдным чынам спрычынена да гэтага працэсу, бо з’яўляецца супрацоўніцай Магілёўскай абласной станцыі пералівання крыві.


Як вы сталі донарам крыві?


Донарам я стала ў 18 год, бо навучалася ў медыцынскім інстытуце, дзе нас ніхто не спытваў, жадаем мы ці не жадаем: спаўняецца 18 год - павінен пайсці здаць кроў. Існаваў загад, па якім усе студэнты два разы на год станавіліся донарамі крыві на бязвыплатнай аснове. Але гэта давала і свае плюсы: можна было прапусціць два дні заняткаў, а таксама бясплатна атрымаць сняданак і абед.


Ці памятаеце сваё першае адчуванне пасля здачы крыві?


Ужо ў тым узросце мне было зразумела, навошта гэта робіцца: кроў і яе кампаненты патрэбны заўсёды, а заменнікаў ніякіх не прыдумалі. Здача крыві - адзіны магчымы варыянт, каб уратаваць чалавечае жыццё. Але ўсё ж такі лепей, калі гэтая акцыя праходзіць на дабраахвотнай аснове, чым па прымусу.


У першы раз здаваць кроў было даволі страшна. Супакойвала тое, што страта крыві не такая вялікая - ўпершыню бяруць толькі 250 мл замест 450 мл у дасведчанага донара. Гэтая колькасць аднаўляецца даволі хутка. Грэла душу і тое, што донарам выдавалі месца ў інтэрнаце ў першую чаргу.


Адразу пасля здачы адчула вялікую радасць, што зрабіла гэта. Ад стомленасці пасля забору дапамагае гарачая салодкая гарбата. Яшчэ нейкі час нельга актыўна рухацца, бо на руку, з якой бралі кроў, накладаюць павязку.


Атрымліваецца, што ўсе супрацоўнікі медыцынскіх устаноў з’яўляюцца донарамі?


За ўсіх я не адкажу, але большасць - дакладна донары. Адзін-два разы на год мы абавязаны здаваць кроў на бязвыплатнай аснове. Платна таксама мы можам здаваць, але  бясплатна  - абавязаны. Калі я прыйшла працаваць на Станцыю пералівання крыві, то не здаваць ужо не магла.


Донарства мае дзяржаўнае рэгуляванне, Закон “Аб донарстве крыві і яе кампанентах” быў прыняты ў 2010 годзе, а ў студзені 2015 у яго былі ўнесены змены. У Законе прапісана, што рэгуляванне донарства ажыццяўляе Прэзідэнт РБ, Савет міністраў і іншыя дзяржыўныя ўстановы. А наша Станцыя пералівання крыві ў гэтым спісе самая апошняя, мы толькі выканаўцы ўсіх загадаў, якія сыходзяць з вышэйшых органаў.


У Законе існуе артыкул, які кажа, што прыярытэтны накірунак - гэта бязвыплатнае донарства.



Што змянілі папраўкі ў закон?


Становішча донараў, якія здаюць кроў за дарма пагоршылася. Самае істотнае, што іх пазбавілі аплаты другога дня адпачынку. Змены былі ўспрыняты донарамі негатыўна, але ніякіх дзеянняў з іх боку не выклікалі.


Толькі аднойчы ў Беларусі склалася крытычная сітуацыя, калі актыўныя донары адмаўляліся ад здачы крыві, бо ім доўга не падвышалі за гэта аплату. Тады кроў здавалі толькі медыцынскія супрацоўнікі. Але ўсе разумеюць, што здароўе людзей  - гэта першаснае, таму здача крыві ўзнавілася.


І ўсё ж такі я б хацела запрасіць тых дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, якія прымалі змены ў Закон аб донарстве, каб яны таксама здалі кроў на бязвыплатнай аснове. Яны павінны на сабе паспрабаваць тое, што яны прымаюць у заканадаўчым парадку.


Платнае і бязвыплатнае донарства - як гэта выглядае ў рэчаіснасці?


Асноўная колькасць донараў жадаюць атрымліваць грошы за выкананне донарскай функцыі. Але ўсё роўна першы раз здаеш кроў бясплатна. Калі чалавек прыходзіць у пункт здачы крыві ўпершыню, мы яшчэ нічога аб ім не ведаем як аб донары. Пасля забору крыві мы абследуем яе на інфекцыі, у першую чаргу на ВІЧ, сіфіліс, гепатыты В і С.  Не дазволяць стаць донарам і змены ў біяхімічных аналізах, нізкі гемаглабін, нейкія хранічныя захворванні. Калі ніякіх супрацьпаказанняў не выяўлена, то ў наступны раз донар мае магчымасць прыйсці здаваць кроў на платнай аснове.


Што можна атрымаць за здачу крыві?


Донары, якія здаюць кроў і яе кампаненты на платнай аснове, атрымліваюць два дадатковых дні адпачынку: дзень здачы крыві і любы іншы дзень, абраны донарам; іх аплачвае ўстанова аховы здароўя, у нашым выпадку - Станцыя пералівання крыві. Перад здачай крыві донар атрымлівае сняданак, а пасля - грошы. Напрыклад, за двайны плазмафярэз памер выплаты на сёння складае 1 млн 71 тысяча беларускіх рублёў. Пры сённяшніх эканамічных умовах такая выплата - сур’ёзная дапамога чалавеку.


Калі донар здае кроў бязвыплатна, то дзень забора крыві таксама аплочваецца, але не станцыяй, а ягоным наймадаўцам. Таксама донару прадстаўляецца сняданак і абед ці грашовая кампенсацыя абеда. За бязвыплатную здачу крыві донар мае права на другі дадатковы дзень адпачынку, але ён ужо не аплочваецца.


У нас і так няма людзей, якія б стабільна здавалі кроў на бязвыплатнай аснове, і таму пагаршаць іх становішча ў 2015 годзе было не дужа разумным крокам.  Я разумею, што такім чынам былі сэканомлены дзяржаўныя сродкі, але становішча донараў яны пагоршылі. Сумленныя людзі будуць заўсёды і мы не застанемся без крыві. Матывацыя, што ты прыносіш карысць грамадству, у донараў застаецца, але на адной матывацыі далёка не прасунешся.


Хто ідзе здаваць кроў на бязвыплатнай аснове і навошта?


Хто будзе бязвыплатным донарам вырашаем не мы, а ўлады. На падставе Закону аб донарстве Міністэрства аховы здароўя распрацавала інструкцыю аб рэкрутаванні бязвыплатных донараў. Актыўны ўдзел у донарстве на бязвыплатнай аснове прымаюць супрацоўнікі і навучэнцы МУСа і іншых навучальных устаноў горада, медыцынскія супрацоўнікі. Вялікі дзякуй ім усім.

 

Як стаць ганаровым донарам і што за гэта бывае?


Каб атрымаць званне “Ганаровы донар”, патрэбна прайсці праз 20 бязвыплатных ці 40 платных здач крыві. Я не ведаю ніводнага ганаровага донара ў Рэспубліцы Беларусь, які б стаў ім на бязвыплатнай аснове. Ведаю такіх донараў з часу Савецкага саюза. Ганаровыя донары маюць пасведчанне і могуць разлічваць на даплату да пенсіі па ўзросту каля 40% ад мінімальнай пенсіі. Я не лічу гэту надбаўку значнай, але яна ёсць. Ганаровыя донары  маюць магчымасць без чаргі набываць праяздныя квіткі ў чыгуначных касах, абслугоўвацца ў медустановах.


Што параіце тым людзям, які хочуць прыйсці здаць кроў, але баяцца гэта зрабіць?


Папярэдне трэба ўзяць у свайго тэрапеўта накіраванне на донарства, без яго не прымаюць.


Калі чалавек сапраўды баіцца віда крыві, то лепей яму ўстрымацца ад донарства. Каб пасля яшчэ яму не прыйшлося дапамагаць. Калі псіхалагічна вам цяжка, значыць, гэта не вашае. Але бываюць выпадкі, што чалавек жадае перамагчы свой страх і таму прыходзіць да нас, каб пасля сказаць, што ён таксама можа гэта зрабіць.  


14 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень донара. Медыцынскія супрацоўнікі звычайна самі здаюць кроў у гэты дзень і заахвочваюць іншых. Мы заўсёды рады новым донарам, асабліва калі яны прыходзяць на бязвыплатнай аснове.

Запрашаем усіх жадаючых далучыцца да донарства на бязвыплатнай аснове.


Станцыя пералівання крыві знаходзіцца ў Магілёве па адрасе: вул. Піянерская, 17.

Часы працы: ПН-ПТ з 17:30 -17:00.

Тэлефон: 8 (0222) 25-74-22





Галерэя