Палітвязень Дзядок будзе сядзець у турме

30.04 21:14

Калегія Магілёўскага абласнога суду не задаволіла касацыйную скаргу палітвязьня Мікалая Дзядка. Ён мусіць адседзець яшчэ год у калёніі на дадатак да таго тэрміну, які ўжо адседзеў (чатыры з паловай гады).

У судзе на разглядзе касацыйнай скаргі самога Дзядка не было, быў ягоны адвакат. Хадайніцтва пра тое, каб асуджанага Дзядка прывезьлі ў абласны суд, калегія не задаволіла.

Адвакат Маслаў прасіў калегію абласнога суду адмяніць вынесены ў дачыненьні да Дзядка абвінаваўчы прысуд на той падставе, што абвінавачаньне было вынесенае неаб’ектыўна і несправядліва.

Паводле адваката, правапарушэньні Дзядка не зыходзілі са злоснага намеру і мелі побытавы характар, бо ў камэры, дзе ўтрымліваўся Дзядок, у летні час не было вэнтыляцыі, і ён вымушаны быў хадзіць у спартовым строі і майцы. Ён не заклікаў асуджаных да непадпарадкаваньня адміністрацыі турмы. Паводле адваката, сьведкі, якія былі супрацоўнікамі турмы, давалі супярэчлівыя і непасьлядоўныя паказаньні.

Пракурор, у сваю чаргу, назвала вырак Ленінскага суду справядлівым, а довады абароны неабгрунтаванымі.

На разглядзе касацыйнай скаргі была маці Мікалая Дзядка Валянціна Міхайлаўна Дзядок. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі офісу Эўракамісіі ў Беларусі і швэдзкай амбасады ў Беларусі, ад камэнтароў яны адмовіліся. А Валянцін Стэфановіч, праваабаронца, які таксама прыехаў на разгляд касацыйнай скаргі, зьвязаў прысуд і вынік разгляду касацыйнай скаргі з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі.