Помнікі канфэдэратам зносяць па ўсёй Амэрыцы

18.08 11:00

Помнікі і памятныя табліцы ўдзельнікам Грамадзянскай вайны ў ЗША (1861–1865) на баку Канфэдэрацыі (11 штатаў, якія абвясьцілі аб выхадзе з ЗША пасьля выбару Абрагама Лінкальна прэзыдэнтам) да гэтага часу зьнесьлі ўжо ў дзясятку штатаў.

The New York Times паведамляе, што знос далейшых помнікаў і статуй заплянаваны ўладамі ў дзесяці далейшых штатах.

Прапануем вам пазнаёміцца са сьпісам амэрыканскіх гарадоў, у якім адбыліся такія зносы і дэмантажы пасьля гвалтоўных выступаў ультраправых у горадзе Шарлотсвілі (штат Вірджынія) 12 жніўня, калі ўлады абвясьцілі аб намеры зьнесьці помнік генэралу Робэрту Лі, камандзіру войскаў Канфэдэрацыі (помнік у Шарлотсвілі ў выніку ня быў разабраны).

Балтымар (штат Мэрылэнд) — 4 статуі.

Дэмантаж помніка генэралам Робэрту Лі і Стоўнўалу Джэксану ў Балтымары 16 жніўня 2017

Дэмантаж помніка генэралам Робэрту Лі і Стоўнўалу Джэксану ў Балтымары 16 жніўня 2017

Дарэм (штат Паўночная Караліна) — адзіны горад, дзе помнік канфэдэратам быў зьнесены ня ўладамі, а пратэстоўцамі.

Гэйнсвіл (штат Флорыда) — помнік канфэдэратам з цэнтру гораду перанесены на могілкі за горадам.

Новы Арлеан (штат Люізіяна) — зьнесеныя 4 помнікі.

Остын (штат Тэхас) — статуя прэзыдэнта Канфэдэрацыі Джэфэрсана Дэйвіса перанесеная ў іншае месца яшчэ ў 2015 годзе.

Бруклін (Нью-Ёрк) — дэмантаваныя дзьве табліцы ў гонар Робэрта Лі.

Лёс-Анджэлес (Каліфорнія) — зьняты ўказальнік.

Люізьвіль (штат Кентакі) — зьнесена статуя канфэдэрацкага салдата.

Арланда (штат Флорыда) — статуя канфэдэрацкага салдата перанесеная з публічнага парку на могілкі.

Сан-Дыега (штат Каліфорнія) — дэмантаваная табліца ў гонар Джэфэрсана Дэйвіса.

Сэнт-Люіс (штат Мізуры) — дэмантаваны помнік канфэдэратам у гарадзкім парку.

Сэнт-Пітэрсбург (штат Флорыда) — дэмантаваная табліца ў гонар Стоўнўала Джэксана, генэрала Канфэдэрацыі.