Пра нас

Рэдакцыя газеты “НАШ Магілёў” распачала сваю працу ў лістападзе 2006 года. Першапачаткова яна складалася з актывістаў розных грамадскіх аб’яднанняў горада. Пазней, гэта ўжо былі незалежныя журналісты.

Ад 2006 года калектыў рэдакцыі выдаў 73 папяровых нумары газеты. Два нумары выдання ў канцы 2006 года і пачатку 2007 года былі цалкам канфіскаваныя супрацоўнікамі міліцыі. Рэдактар газеты атрымаў афіцыйнае папярэджанне з пракуратуры.

Падчас распаўсюду выдання на вуліцах горада актывісты неаднаразова затрымліваліся. Газеты, якія былі пры іх, канфіскоўваліся.

У 2007 годзе пабачыў свет першы сайт выдання, які праіснаваў да 2009 года, які пасля тэхнічных няспраўнасцяў (хакерскай атакі) перастаў функцыянаваць.  На той момант сайт стаў альтарнатыўнай інтэрнэт-крыніцай інфармацыі аб падзеях, якія адбываліся ў горадзе. Неаднаразова інфармацыя з сайта перадрукоўвалася іншымі буйным газетамі і сайтамі краіны. Наведнікі актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях.

Калектыў рэдакцыі спрачыніўся да выпуску шэрагу бюлетэняў “Голас Ліфтмаша”, “БУМ”, “Сацыяльная газета”, “СМС”, "Палітвязні", "Цэнтр Імпульс", часопіс “Отражение” і іншых выданняў.

Інфармацыя на старонках сайта і газет уплывала на вырашэнне тых, ці іншых лакальных праблемаў праз іх агучванне і распаўсюд газеты ў "гарачых кропках", так званых праблемных месцах. За дзейнасцю рэдакцыі пільна сачылі чыноўнікі і сілавыя ведамствы.

У канцы 2011 года сайт газеты “НАШ Магілёў” аднавіў сваю працу. 

Летам 2012 года рэдакцыяй газеты была праведзена кампанія "Беларусь без палітвязняў". Падчас кампаніі было надрукавана шмат разнастайных інфармацыйных матэрыялаў, у тым ліку пабачылі свет 6 нумароў бюлетэня "Палітвязні". На сайце з'явілася спецыяльная рубрыка, якая інфармуе грамадзян аб старонках з жыцця палітычна зняволеных актывістаў. 

У пачатку 2014 года стартавала першая ў Магілёве незалежная перадача "Жывая размова". У перадачы грамадскія і палітычныя актывісты, а таксама незалежныя эксперты разважаюць і абмяркоўваюць важныя для горада пытанні. 

У пачатку чэрвеня 2014 года газета "НАШ Магілёў" распачала інфармацыйную кампанію "Захаваем стары Магілёў". Мэта кампаніі - не дапусціць мясцовымі ўладамі руйнаванне архітэктурнай спадчыны Магілёва, а таксама спрыяць аднаўленню архітэктурных аб'ектаў, якія былі знішчаны ў часы савецкай улады. 

Мы ставім перад сабой мэту спрыяць пабудове адкрытага дэмакратычнага грамадства, крытычна і аб’ектыўна асвятляць падзеі, якія адбываюцца ў жыцці нашага горада.

Нашы галоўныя каштоўнасці – гэта свабода слова, верхавенства закона, а таксама безперашкодная рэалізацыя правоў чалавека ў нашай дзяржаве.  

Наш лозунг - “Трымайся праўды!”.