«Проста цярпенне лопнула». Крычаўскі міліцыянт, які напісаў ліст Шуневічу

04.05 12:06

Ініцыятар звароту да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча — крычаўскі міліцыянт Ігар Вусік не выключае, што будзе звольнены з органаў унутраных спраў «па адмоўных матывах». Тое самае, на думку міліцэйскага падпалкоўніка, будзе і зь іншымі падпісантамі. Свае подпісы пад зваротам паставілі 11 супрацоўнікаў раённага аддзелу міліцыі.

У лісьце міліцыянты вінавацілі начальніка райаддзелу Станіслава Чупрына і яго намесьніка Васіля Ціханенку ў незаконных дзеяньнях. Скардзіліся, што кіраўніцтва патрабуе дзяліцца прэміямі, неабгрунтавана пераводзіць на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, зьняважліва паводзіць сябе з падначаленымі.

«Я ведаю, што буду звольнены «па адмоўных матывах». Падвядуць пад нешта, і буду звольнены. Цяпер не праблема звольніць. Тое ж самае будзе і з калектывам. Аднаго ўжо звольнілі (Юрыя Дзюбанава. — РС). За тое, што я яго адпусьціў з працы. Толку ня будзе, я думаю. Ня веру ў гэта», — лічыць Ігар Вусік.

Калі прагноз суразмоўцы спраўдзіцца, то яму ня ўдасца знайсьці працу ў Крычаве і нават у Беларусі.

«Што мне яшчэ давядзецца рабіць? У мяне тры малыя сыны. Крэдыт. Але я нават і на гэта не паглядзеў. Проста цярпеньне лопнула. Я ж не ад сябе пісаў, а ад калектыву. Цяпер прэсінг ідзе ня толькі на мяне як на кіраўніка, але і на ўчастковых супрацоўнікаў міліцыі», — кажа Ігар Вусік.

Міліцыянт ня верыць, што пасьля шырокага розгаласу ў мас-мэдыях адбудуцца пазытыўныя зьмены.

Зь ягоных слоў, раней міліцыянты скардзіліся ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму. Плёну ад гэтага звароту, кажа Ігар Вусік, не было. Тады ў лютым напісалі міністру. Была праведзена праверка, якая ня выявіла падставаў для крымінальнай справы супраць кіраўніцтва РАУС па фактах злоўжываньня ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі.

«Мы нават ня ведаем вынікаў разгляду — толькі на словах. З адказам нас ніхто не азнаёміў. У СМІ мы зьвярнуліся, каб на сытуацыю зьвярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Я нічога лішняга не казаў. Тое, што нехта з дапамогай мяне кішэню набіваў, то я і гэта сказаў. Прыехалі супрацоўнікі апарату МУС — мы і ім далі паказаньні. Мы рэальна казалі праўду пра тое, што грошы ў нас кралі, і з дапамогай нас», — кажа суразмоўца.

«Два з паловай месяцы гэтая праверка доўжыцца. І вынікаў мы ня ведаем, — дадае ён. — А тэрмін службовай праверкі — два месяцы. Калі ў ходзе праверкі выяўляюцца факты супрацьпраўных дзеяньняў, нейкіх злачынстваў, імгненна рэагуюць. А тут усё нармальна».

39-гадовы Ігар Вусік праслужыў у міліцыі больш за 20 гадоў.

«У мяне іншай прафэсіі няма. Я больш за палову жыцьця міліцыянт, то бок, акрамя як «палкай гумовай махаць», больш нічога, па сутнасьці, ня ўмею. Адукацыя ў мяне толькі міліцэйская. Ішоў у міліцыю сьвядома. Прафэсія гэтая падабаецца. Але надышоў момант, і цярпеньне ў мяне лопнула».

Адказ на паўторны зварот крычаўскіх міліцыянтаў падпісаў міністар Шуневіч. У адказе гаворыцца, што падставаў не давяраць вынікам праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі Ўпраўленьня ўласнай бясьпекі па Магілёўскай вобласьці, няма.

Ігар Вусік кіруе аддзелам аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага райаддзелу міліцыі. Пад зваротам да міністра падпісаліся ўчастковыя міліцыянты.

Канфлікт у аддзеле міліцыі выклікаў шырокі грамадзкі водгук у Крычаве. Па словах рэдактара газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, многія спачуваюць міліцыянтам, якія наважыліся паўстаць супраць начальства.

«Лічаць падпісантаў звароту, асабліва Вусіка, мужнымі людзьмі, — кажа пра настроі насельніцтва журналіст. — Ёсьць і іншыя меркаваньні, якія зводзяцца да простай думкі: «Няхай ваўкі грызуцца і надалей».

Паводле Сяргея Няроўнага, стаўленьне журналістаў «Вольнага гораду» да тых, хто напісаў міністру пра парадкі ў мясцовай міліцыі, няпростае. Многія зь іх, кажа ён, удзельнічалі ў перасьледзе журналістаў.

«І нам зразумела, чаму міліцыянты не зьвярнуліся да нас. Мы сочым за сытуацыяй і бачым, што яны пакуль змагаюцца не з сыстэмай, а з начальнікам райаддзелу міліцыі Чупрыным. Хочацца верыць у тое, што яны разумеюць, што насамрэч справа не ў Чупрыну. Бачна, што ў нас сыстэма ўлады такая, што абараніць свае правы ня могуць нават міліцыянты. Што ж тады казаць пра звычайных грамадзян, апазыцыю! Цяпер яны апынуліся ў скуры пакрыўджаных і зьняважаных. Калі палічаць неабходным зьвярнуцца да нас, то журналісты «Вольнага гораду» гатовыя дапамагчы падпісантам звароту да міністра Шуневіча», — кажа Сяргей Няроўны.

На просьбу Свабоды пракамэнтаваць сытуацыю ў Крычаўскім РАУС намесьнік начальніка прэсавай службы, начальнік аддзелу ўзаемадзеяньня з электроннымі СМІ Міністэрства ўнутраных спраў Георгі Яўчар адказаў: «Сачыце за сайтам МУС».

У начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына ўзяць камэнтар пакуль не ўдалося.