Прычыны нашых бедаў у нас саміх

18.07 08:57

16 ліпеня на сайце часопіса ARCHE з’явілася гутарка германіста Яўгена Бяласіна і невядомага мне Марата Краўцова “Моладзь і фашызм”, у якой закранута нямала пытанняў, у тым ліку марксісцкае (назавем яго так) стаўленне да сям’і і пераемнасць паміж марксізмам і нацызмам. 


Марат Краўцоў цытуе адпаведную мясціну з Камуністычнага маніфесту на доказ таго, што камуністы выступалі за агульнасць жонак, а Яўген Бяласін, падтакваючы яму, спасылаецца па бальшавічку Аляксандру Калантай, якая прапаведавала вольнае каханне.


Мне, які трохі вывучаў тэорыю сацыялізму (а камунізм, паводле Карла Маркса, ёсць радыкальная, рэвалюцыйная плынь у сацыялізме), і цікава, і смешнавата чытаць тое, пра што цяпер, здаецца, нават ксяндзы з амбонаў не кажуць.


Я не пра тое, што за саветамі прафкамы і парткамы нямала часу на сваіх паседжаннях прысвячалі так званай бытавой распушчанасці і маральнаму разлажэнню асобных таварышаў. І нават не пра знакамітую фразу савецкай грамадзянкі “У нас сэксу няма”.


Я пра гісторыю марксізму, пра Камуністычны маніфест і тое, што было пасля яго.


У свой час, пішучы для Энцыклапедыі гісторыі Беларусі артыкул “Сацыялізм”, я паказаў, што асноўныя сацыялістычныя/камуністычныя пастулаты былі выпрацаваныя да Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. І словы “сацыялізм” ды “камунізм”, а таксама класавую барацьбу і нават дыктатуру пралетарыяту прыдумалі не яны. Як і сацыялістычныя/камуністычныя пастулаты пра сям’ю і грамадскае выхаванне дзяцей.


Сеўшы размаўляць пра Маркса і Энгельса, пра Камуністычны маніфест, два суразмоўцы маглі б звярнуць увагу на тое, што асноўная частка ІІ раздзелу Маніфесту напісаная ў палемічным ключы. І толькі яго канцоўка ўтрымлівае праграму. У тых 10 пунктах няма ані слова пра агульнасць жонак, але маюцца палажэнні пра грамадскае і бясплатнае выхаванне (і навучанне?) усіх дзяцей, пра ліквідацыю фабрычнай працы дзяцей у яе тагачаснай форме і пра спалучэнне выхавання з матэрыяльнай вытворчасцю (тое, што пазней атрымала назоў палітэхнізацыі школы, працоўнага навучання).


Цікава было б супаставіць пункт 3 гэтай праграмы з “Патрабаваннямі Камуністычнай партыі ў Нямеччыне” (1848). Там ужо гаворыцца не пра скасаванне права спадчыны, а пра яго абмежаванне. Вось такая эвалюцыя. Там ужо гаворыцца не пра бясплатнае грамадскае выхаванне дзяцей, а пра ўсеагульную бясплатную народную адукацыю. Таксама эвалюцыя. І вельмі прагрэсіўная прапанова.


Гэта я вяду да таго, што шаноўным Яўгену Бяласіну ды Марату Краўцову варт было б памятаць і сваім чытачам нагадаць, што ёсць такія паняцці, як ранні марксізм і позні марксізм.


Позні марксізм, як я думаю, пачаўся ў 1870-х гадах. І таму прапаную спадарам Бяласіну і Краўцову пачытаць прадмову Маркса і Энгельса да нямецкага выданння Камуністычнага маніфесту, напісаную ў 1872 г.


Сп. Краўцоў цытаваў мясціну з ІІ раздзелу “Маніфеста Камуністычнай партыі”. А вось што пісалі самі Маркс і Энгельс у 1872 годзе пра Маніфест і пра гэты раздзел:

“В отдельных местах [Манифеста] следовало бы внести кое-какие исправления. Практическое применение… основных положений, как гласит сам «Манифест» будет повсюду и всегда зависеть от существующих исторических условий, и поэтому революционным мероприятиям, предложенным в конце ІІ раздела, отнюдь не придается самодовлеющего значения. В настоящее время это место во многих отношениях звучало бы иначе».

У апошнім абзацы прадмовы 1872 года Маркс і Энгельс кваліфікуюць Маніфест як гістарычны дакумент, г. зн. як дакумент свайго часу, 1840-х гг. І кваліфікуючы яго так, яны нічога ў ім не мянялі, але рабілі агаворку: “Быть может, следующее издание удастся снабдить введением...” Ва ўводзінах меркавалася ўлічыць досвед сацыялістычнага і работніцкага руху, у тым ліку дасягненні сацыялістычнай тэорыі, ад 1847 года. Напісаць жа ўводзіны да выдання 1872 года Маркс і Энгельс не змаглі, бо тое выданне, як пішуць яны самі, «было предпринято настолько неожиданно для нас, что у нас не было времени для этой работы».
Уводзіны да Маніфесту так і не былі напісаныя. Маркс узмоцнена працаваў над “Капіталам”. Энгельс таксама не сядзеў склаўшы рукі.


Наступнае ж нямецкае выданне Маніфесту, да якога была напісана прадмова, выйшла ў 1883 годзе – пасля смерці Маркса. Натуральна, што адзін, без Маркса, Энгельс не ўзяўся пісаць пісаць уводзіны да іх супольнага твора. Прадмову ж да ангельскага выдання (1888) Энгельс завяршыў цытатаю з прадмовы на нямецкага выдання 1872 года. Прадмову 1872 г. Энгельс змясціў і ў нямецкім выданні Маніфесту 1890 года.


Такім чынам, Энгельс зноў і зноў прапаноўваў ставіцца да Маніфесту як да гістарычнага дакумента.


Да пачатку 1890-х гг. марксізм у сваёй эвалюцыі стаў вельмі не падобны да марксізму 1840-х. У свой час я пісаў артыкул “Энгельс Фрыдрых” для Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (потым у скароце ён будзе перадрукаваны ў Беларускай Энцыклапедыі) і рабіў акцэнт на позніх працах гэтага тэарэтыка сацыялізму. Дык вось, Энгельс у ЭГБ (хоць мой артыкул і “падрэдагавалі”) не падобны да таго Энгельса, якога нам прадстаўлялі ў савецкіх выданнях. І не выпадкова, што новае слова ў тэорыі сацыялізму сказалі Энгельсавы памочнікі Эдуард Бернштайн і Карл Каўцкі. Калі ж удумацца, дык яны абодва толькі прадоўжылі справу, пачатую іх настаўнікам. Ды што там Бернштайн і Каўцкі! Нават Вільгельм Лібкнехт, якога Ленін характарызаваў як рэвалюцыянера, “дагаварыўся” да тэорыі мірнага ўрастання капіталізму ў сацыялізм (1891).


Адбылася эвалюцыя марксізму і ў падыходзе да праблемаў жанчын, шлюбу і сям’і.


У 1879 годзе Аўгуст Бебель выдаў кнігу “Жанчына і сацыялізм”. Тое, што гэтая праца на працягу 30 гадоў толькі ў Нямеччыне вытрымала 50 выданняў, пра нешта ды кажа. І нідзе ў той кнізе я не знайшоў словаў пра агульнасць і сацыялізацыю жанчын. Затое знайшоў іншае:

“В выборе любимого человека она [женщина], подобно мужчине, свободна и независима. Она выбирает или ее выбирают, но во всяком случае она заключает союз не из каких других соображений, кроме своей склонности. Этот союз является частным договором без вмешательства должностного лица, подобно тому, как до средних веков брак был частным договором. Социализм здесь не создает ничего нового, он лишь снова поднимает на высшую культурную ступень при новых общественных формах то, что было общепризнано, пока в обществе не наступило господство частной собственности».

Саюз жанчыны і мужчыны – вось што такое сям’я у разуменні марксіста Бебеля. Здаецца, гэты ідэал спакваля рэалізуецца. Праўда, да таго, каб абыходзіцца ў гэтай справе без службовай асобы, грамадства пакуль што не дарасло. Маральна.


То была цытата з 28-й главы. А цяпер мясціна з 25-й главы. Аб грамадскім выхаванні:

“...мы... наталкиваемся на негодование со стороны буржуазных “людей порядка” . Школа обратится в казарму, родители будут лишены всякого влияния на своих детей, восклицают противники. Но об этом не может быть и речи, принимая во внимание, что родители в будущем обществе будут располагать несравненно большим количеством свободного времени, чем его имеется в большинстве случаев в настоящее время... Таким образом, родители смогут уделить своим детям столько времени, сколько они сейчас не могут им посвятить. Кроме того, система воспитания будет зависеть всецело от родителей, так как они будут решать, какие меры и учреждения следует ввести. Тогда общество будет насквозь проникнуто демократическими началами. Педагогические комиссии будут составляться из родителей - мужчин и женщин - и воспитателей. Разве можно предположить, что они будут действовать против своих чувств и интересов? Это имеет место лишь в современном обществе, в котором государство проводит систему воспитания, соответствующую его интересам, но против воли большинства родителей”.

Як бачым, бальшавіцкая і нацысцкая сістэмы выхавання не адпавядалі ўяўленням Бебеля, паплечніка Маркса і Энгельса. Нам, беларусам, трэба толькі ўздыхнуць, бо нам яшчэ далёка да ідэалу, выпрацаванага Бебелем. А на Захадзе ён у немалой ступені рэалізаваўся. У ЗША, напрыклад, бацькоўскія камітэты ў немалой ступені вырашаюць, што будуць вывучаць іхнія дзеці і хто іх будзе вучыць. Але гэта, наколькі мне вядома, у тых кварталах і паселішчах, дзе жывуць людзі сярэдняга і вышэйшага пластоў сярэдняга класа.


Або вось гэтая ідэя чым не выдатная: “Если в будущем на каждые 8-10 учеников будет приходиться по одному учителю, то можно надеяться, что цель [физическое и духовное усовершенствование молодежи] будет вполне достигнута»?


У гісторыі творчы падыход да тэорыі Маркса і Энгельса (ён уласцівы заходняму марксізму, у тым ліку заходняй плыні ў расійскім марксізме) існаваў і існуе паралельна з дактрынёрствам. І нават не віна, а бяда ўсходняй плыні ў расійскім марксізме, што яе правадыр надта ўзіраўся ў літару Маніфесту. Але нават Ленін, калі прыйшоў да ўлады і пачаў рэалізоўваць праграмныя палажэнні ранняга марксізму, не ўводзіў агульнасці жонак, хоць свабоднае каханне ў яго партыі прапаведавала не адна Калантай, а саўдэп ва Уладзіміры нібыта выдаў дэкрэт “аб распрыгоненні жанчыны”, паводле якога кожная дзяўчына, якая дасягнула 18 год, абвяшчалася уласнасцю рэспублікі і падлягала рэгістрацыі ў “Бюро свабоднага кахання”. Не ведаю, як ва Ўладзіміры, а ў Саратаве падобны дэкрэт, лічаць некаторыя гісторыкі, быў фальшыўкаю, якую па ўсёй Расіі і за мяжой шырока растыражавалі правыя. Фальшыўкаю, лічаць некаторыя, быў і падобны дэкрэт, выдадзены ў Кацярынадары. Ленін, да якога дайшлі весткі, што ў адной воласці пачалася рэалізацыя такога “дэкрэту”, загадаў арыштаваць і сурова пакараць мярзотнікаў.


Паступова, па меры таго, як бальшавіцкая сістэма ўмацоўвалася, размовы пра свабоднае каханне сціхлі. Наступіла, як і ў дарэвалюцыйны час, эпоха вонкавай добрапрыстойнасці (праўда, без дамоў цярпімасці, але з прастытуцыяй; у 1960-х – 1970-х хадзілі чуткі, што ў Беларусі выкрылі некалькі падпольных бардэляў).
А цяпер вернемся да радаводу нацызму. Пра падабенства нацызму, фашызму і марксізму правыя пішуць даўно. Сп. Бяласін на доказ цытуе адпаведнае выказванне Гітлера. Скажу больш: калі ж паглядзець у гісторыю еўрапейскай думкі, дык выявіцца, што ў марксізму і нацызму супольныя філасофскія карані. Вядома, што на станаўленне філасофіі марксізму істотна паўплывала гегельянства. Але многія (не толькі савецкія) філосафы лічаць, што гегельянства з яго “духам народаў” паўплывала і на станаўленне нацызму. Праз гегельянства прайшоў філосаф фашызму Джавані Джэнціле (у свой час супрацоўнік і суаўтар будучага антыфашыста Бэнедэто Крочэ). Што, праклянем Гегеля як прадвесніка марксізму, фашызму і нацызму? Ці ягонага папярэдніка Ёгана Готліба Фіхтэ?
Спрошчваць праблему – небяспечна. Таму лічу неабходным адмыслова зацеміць, што Мусаліні і Гітлер пераймалі навуку захопу і ўтрымання ўлады ва ўсходніх марксістаў, у бальшавікоў, якія (і пра гэта спадар Бяласін ведае) былі “на нажах” з марксістамі заходнімі. І гэта неаспрэчны факт, што заходні марксізм не нарадзіў таталітарнай палітычнай сістэмы, а ўсходні марксізм – нарадзіў. Але тут віна Маркса і марксізму, калі яна і ёсць, – самая мінімальная. Бо не толькі заходнімі марксістамі сказана, што бальшавіцкі пераварот у былой Расійскай імперыі адбыўся насуперак Марксу. Прычыны нашай супольнай з Расіяй крывавай драмы, якая доўжыцца вось ужо 95 год, трэба шукаць у нашай гісторыі, у нашай ментальнасці. Пачытайма для пачатку хоць бы “Истоки и смысл русского коммунизма» Мікалая Бярдзяева (праўда, і Бярдзяеў прайшоў праз гегельянства і марксізм). А потым я параю іншыя працы.


Анатоль Сідарэвіч.
18 ліпеня 2012 г.