Рыгор Кастусёў вылучаны на пасаду старшыні партыі БНФ

11.09 13:13

У Магілёве Рыгор Кастусёў вылучаны на пасаду старшыні партыі БНФ. Ягоную кандыдатуру падтрымалі сябры мясцовай партыйнай арганізацыі, паведамляе Радыё Свабода.

На думку партыйцаў Кастусёў — ён цяпер намеснік старшыні партыі — стане лідарам, з якім у партыю прыйдзе арганізацыйная трываласць.

Рыгор Кастусёў у інтэрв'ю Свабодзе адзначыў, што рашэнне вылучыцца на пасаду старшыні партыі далося яму няпроста.

«Цяпер мяне непакояць падзеі вакол Беларусі, якія нясуць пагрозу для незалежнасці краіны, — кажа ён. — Я з'яўляюся прыхільнікам аб’яднання прадэмакратычных і нацыянальна-патрыятычных сілаў. Іхная раз'яднанасць спрыяе павышэнню градусу небяспекі для Беларусі. Гэта тое, што мяне хвалюе найбольш і партыя БНФ будзе накіроўваць свае высілкі ў рэчышчы вырашэньня гэтай праблемы».

Рыгор Кастусёў адзначае, што партыя возьме ўдзел у мясцовых выбарах і збіраецца вылучаць свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе. Пакуль Кастусёў не гатовы казаць, ці паўторыць вылучэнне сябе на прэзыдэнцтва, як гэта было ў 2010 годзе.