Сацыял-дэмакраты патрабуюць дэмаркацыі беларуска-расійскай мяжы

01.03 08:15

Аб дэлімітацыі і дэмаркацыі беларуска-расійскай мяжы

 

Заява

 Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)

 
 Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заклікае ўрад Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама Прэзідэнта ініцыяваць працэс дэлімітацыі і дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй.

 

Мы канстатуем, штопаспяхова скончана дэлімітацыя і дэмакрацыя дзяржаўнай мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай і што цяпер вядзецца працэс дэлімітацыі і дэмакрацыі мяжы з Украінай, але зусім не распачаты з Расійскай Федэрацыяй.

 

Мы лічым, што працяглы час уся Усходняя Беларусь цярпела ад значна вышэйшага ўзроўню злачыннасці, чым іншыя рэгіёны краіны, а таксама наркатрафіку, кантрабанды і гандлю людзьмі. Апошнім часам мы сталі сведкамі незаконнай міграцыі і з’яўлення спантанных лагероў мігрантаў на тэрыторыі Беларусі.


 Мы звяртаем увагу на той факт, што асобным выклікам для Беларусі стала прызнанне Расіяй пашпартоў грамадзян, так званых ДНР і ЛНР. БСДП выказвае занепакоенасць у сувязі з магчымасцю пранікнення на яе тэрыторыю ўзброеных грамадзян з гэтых непрызнаных утварэнняў.


 Мы становімся сведкамі з’яўлення расійскіх мытнікаў і памежнікаў на беларуска-расійскай мяжы. Мы лічым, што іх з’яўленне павінна быць урэгулявана міждзяржаўным пагадненнем. Каб не ўзнікалі пытанні аб правільнасці размяшчэння памежных і мытных пунктаў пропуску, неабходна правесці дэлімітацыю і дэмаркацыю дзяржаўнай мяжы з Расіяй.


 Мы перакананыя, што надышоў час паказаць беларусам і ўсяму свету, што мы на справе, а не толькі дэкларатыўна самастойная незалежная дзяржава, дбаем пра суверэнітэт і думаем пра будучыню свайго народа.


 Мы жадаем, каб далейшае ўзаемадзеянне двух суседніх дзяржаваў, Беларусі і Расіі, развівалася ў ключы ўзаемапавагі, сяброўства і добрасуседства, як гэтае ўзаемадзеянне мы назіраем паміж больш вялікімі і меншымі дзяржавамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.