Суд стаў на бок ваенкамата ў спрэчцы з прызыўніком

30.06 20:52

29 чэрвеня суддзя Алена Дыбленка вынесла рашэнне пакінуць скаргу прызыўніка Буракова на рашэнне аб прызыве яго ў войска без задавальнення, нягледзячы на яго хваробы.

Аляксандр Буракоў прасіў суд адмяніць рашэнне гарадской і абласной прызыўных камісій на прызыў яго на ваенную службу на той падставе, што медыкі з ваенкамата вынеслі неправамернае, на яго думку, рашэнне, а таксама з-за таго, што гарадская прызыўная камісія не праводзілася ўвогуле. У ролі адказчыка у судзе выступіў ваенны камісар Магілёва Уладзімір Белюсь, таксама прысутнічаў галоўны юрысконсульт абласнога ваеннага камісарыята Юрый Коцур.

"Ну, гэта было як мінімум цікава. Суддзя зачытала ўсю маю скаргу, пасля чаго засяродзілася на першай частцы, у якой я сцвярджаў, што гарадзкой прызыўной камісіі не было. Вядома, Белюсь прадаставіў пратакол, графік і ўсе неабходныя паперы, якія пацвярджаюць тое, што гарадская прызыўная камісія была. Шкада толькі, што ваенны камісар не змог узгадаць дакладны час яе правядзення і наогул сказаў, што сябры камісіі і асабістыя справы прызыўнікоў знаходзяцца ўвесь час у руху, таму я, нібыта, мог і не ўсачыць за ўсім гэтым працэсам. Ну ды добра. Датычна медыцынскай частцы, можна сказаць, што суда па ёй фактычна не было. Я падрыхтаваў шэсць лістоў довадаў для таго, каб у мяне не спыталі ні аб адным з іх. Калі я пачынаў казаць пра тое, што вось, даражэнькія, вось жа факты, калі ласка, давайце разбірацца з імі, суддзя пачынала казаць, што я абскарджваю рашэнне гарадской прызыўной камісіі, а не медыцынскай. Тое, што ГПК вынесла вердыкт зыходзячы з тлумнага рашэння медыцынскай, аказалася не важным. Акрамя таго, суддзя некалькі разоў спытала мяне, ці парушаюцца мае правы зараз, што я так за іх змагаюся. Маўляў, я ж не ў войску, з наступнага прызыву усё роўна ўсё пачынаецца спачатку. На жаль, мае словы пра тое, што я прынцыпова незадаволены сітуацыяй, яна, мабыць, не захацела прыняць.

У сваю чаргу ваенкам Белюсь засяродзіў увагу на тым, што я адмовіўся ад прысягі і наогул, спецыяльна сышоў ад прызыву, скарыстаўшыся законам. Пра медкамісію ён увогуле сказаў, што яна ледзь не лепшая ў Рэспубліцы Беларусь, што нараканняў няма і наогул, я проста недзе набраўся медыцынскіх тэрмінаў і не разабраўся. Шкада, што ваенком Белюсь нічым не пацвердзіў свае афіцэрскія словы пра якасць медыкаў у камісіі. Што ж, будзем верыць на слова - наша дзяржава бо гэта любіць. Наконт таго, што я набраўся медыцынскіх тэрмінаў, дык гэта вынік маёй суперздольнасці чытаць словы і супастаўляць іх у двух ці больш дакументах. Абскарджанне рашэння суда будзе ў любым выпадку. І справа будзе доўжыцца да таго часу, пакуль я не даб'юся свайго", - сказаў Буракоў.

Разам з Аляксандрам Буракову прысутнічаў праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў прызыўніку складаць скаргу. З рашэннем суда ён таксама не згодны.

"Пагаджуся з Сашам у тым, што суд не разгледзеў скаргу па факце. Там усё было дастаткова выразна пазначана, распісана, дзе ёсць неадпаведнасць ў раскладзе хвароб. Калі падобную скаргу разглядала абласная прызыўная камісія, яна надала гэтаму ўвагу, выклікала свайго лекара, які хаця б паспрабаваў растлумачыць рашэнне. А суд - не захацеў. Хоць, нягледзячы на такі зыход, пазітыўны вынік у гэтай справе ёсць хаця б таму, што мы адны з першых, мяркуючы па ўсім, прайшлі такую працэдуру і атрымалі дакументы, у якіх змяшчаецца дастаткова важная інфармацыя. Будзем працаваць з гэтым далей", - заявіў праваабаронца.

У дадзены момант Аляксандр Буракоў чакае, калі будзе гатовы пратакол пасяджэння, а таксама рыхтуе заяву на матывавальную частку.