Таццяна Шамбалава: Людзі на вёсцы ўяўляюць пэўнага кшталту “ўмеранае балота” з пэўнай “кашай” у галаве

31.03 14:59

Пры шчыльнай забудове вялікіх гарадоў людзі мараць мець прыгожы домік недзе на адлегласці ад чужых вачэй і вушэй. Часцей сталі з’яўляцца прыклады таго, як маладыя сем’і перабіраюцца жыць на вёску і ўсяму радыя. У адлегласці 20 км ад Магілёва шмат вёсак, выбірай любую. Мы абралі вёску Сенькава і вырашылі пацікавіцца ў мясцовай жыхаркі, грамадзянскай актывісткі і сябра аргкамітэта партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Таццяны Шамбалавай, ці едуць гараджане ў вёску ці ўсё ідзе наадварот.



Што сёння з сябе ўяўляе вашая вёска?


Сенькава мае статус вёскі і заўсёды ёй з’яўлялася, але гэта не перашкаджае людзям рабіць тут сваё лецішча: сёння большасць дамоў па асноўнай – Цэнтральнай – вуліцы, якая расцягнулася прыблізна на 3 км, выключна лецішчы. Камунікацый тут небагата: тэлефанізавалі вёску ў 2005-ым годзе, да гэтага тэлефон быў толькі адзін – на МТФ (малочнатаварная ферма).


Інтэрнэт выбілі боем: “Белтэлекам” запатрабаваў падпісаць заяву, што не будзем мець прэтэнзіяў да якасці паслуг. Бо вялікая адлегласць ад тэлефоннай станцыі (больш за 6 км, яна месціцца ў Княжыцах) і тэхнічныя характарыстыкі лініі вельмі дрэнныя.


Тут нават мабільнаясувязь працуе “з горам напапалам” - часам трэба хадзіць па хаце, ці па двары ў пошуках сігналу.


Адзіная крама на ўсю вёску зачынілася паўтары гады таму. Вадаправод і каналізацыя ёсць толькі ў 10-ці новых, “калгасных” дамах. Газіфікацыю яшчэ чакаюць.



Ці магло Сенькава стаць элітным пасёлкам з катэджнай забудовай?


Мабыць, таму і не стала, што тут ніколі не было нармалёвай дарогі. Ні да вёскі, ні па самой вёсцы. Каму патрэбны круты катэдж, да якога не даехаць? Хоць Магілёў і вельмі блізка -з вакон відаць, а наўпрост па полі - ўсяго 6 км.


Нядаўна дазналіся, што, аказваецца, у лістападзе 2015-га скончыўся капітальны рамонт дарогі “Буйнічы-Цішоўка-Севасцьянавічы- Сенькава-Ільінка”. Пра гэта інфармаваў пашпарт аб’екта каля суседняй вёскі Ільінкі. Там і паклалі асфальт, а ў нас жа, як было бездарожжа, так яно і засталося. Аніякага капрамонту ніхто не бачыў і не разумее, у чым ён заключаўся. 21-га сакавіка падалі скаргу (ў Пракуратуру і Дзяржкантроль), чакаем адказу і будзем далей змагацца за нармалёвую дарогу. Гэта, бадай, галоўная прычына непрэзентабельнасці, “неперспектыўнасці” і пэўнага заняпаду нашай вёскі. Другая – звязаная з ёй, гэта адсутнасць транспартнага спалучэння з Магілёвам (аўтобус ездзіць тры разы на тыдзень, у выходныя).


Газеты пісалі пра адсутнасць дарогі ў Сенькава яшчэ ў сярэдзіне 90-ых гадоў. Пэўная рэакцыя тады была: насыпалі “гравійку” ад фермы да крамы (каля кіламетра) – каб у краму маглі спакойна прывозіць хаця бы хлеб.



Дарога - адзіная праблема для жыхароў Сенькава?


Паўтары гады зачынена крама. Яна была адначасова і адзіным свайго кшталту інфармацыйным, культурніцкім ды рэкрэацыйным цэнтрам: людзі ля крамы сустракаліся, абменьваліся інфармацыяй, чуткамі, радасцямі, горам.


Станцыю абезжалезвання вады будавалі-будавалі… Ды так і бяжыць з калонак вада, часам, колеру яблычнага соку з мякаццю. Праць белыя рэчы немагчыма – ўсё становіцца рудым. А як гэта атручвае арганізм, падрывае здароўе?! Сырую ваду я асабіста – і мая маці таксама – піць проста не мажам і баімся! Толькі кіпячоную.


У мінулым годзе пачалася прыватызацыя колішняга калгаснага жылля. Вось толькі ацэнваюць яго сапраўды неадэкватна сапраўднаму яго стану ды ўзросту, прыватызаваць дазваляюць не ўсім, а пенсіянеры не маюць растэрміноўкі.


Праблема з медычным абслугоўваннем. Зноў жа звязана з дарогай і транспартам. Участковая лякарня знаходзіцца ў Княжыцах. Дабрацца без уласнага аўтатранспарту цяжка здороваму чалавеку, не тое, што хвораму.


Сенькава знаходзіцца ў веданні паліклінікі на вул. Вішнявецкага, на Рабочым пасёлку (якая была раённай, а стала гарадской № 11). Варта было аднесці Сенькава да якой іншай паліклінікі, што бліжэй да Менскай шашы!


Алкагалізм. Многіх сваіх працаўнікоў загадчыца тады яшчэ фермы, цяперака – комплекса асабіста вазіла кадзіравацца, бо іначай не хапала б працоўных рук.


Карацей, праблем шмат, што тут казаць...



Ці з’язджаюць людзі з вёсцы праз вялікія нязручнасці ці іх наадварот, маніць далей ад цывілізацыі?


Цяжка адказаць за ўсіх людзей. Я з бацькамі прыехала ў Сенькава 24 гады таму. Тады тут людзей жыло багата, але ў асноўным старэйшае пакаленне, большасць з якіх на сёння ўжо пакінулі гэты свет, а іх дзеці даўно пераехалі ў горад. Некаторыя пасля выхаду на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскую хату.


Сёння большасць людзей працоўнага ўзросту – не карэнныя жыхары, так бы мовіць, многія прыязджаюць - з’язджаюць (адны з’ехалі, іншыя прыехалі). Тыя, што прыязджаюць, натуральна, прыязджаюць таксама з сельскай мясцовасці, у пошуках большых заробкаў, лепшага жытла.



Ці знаходзяць яны тут гэтае лепшае жыццё?


Пенсіянеры проста жывуць, хто можа - вядзець уласную гаспадарку, садзіць агарод. Людзі працоўнага веку ў асноўным працуюць у СДП “Авангард” (даччыннае прадпрыемства Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі). 31-га студзеня 2013-га года з удзелам тагачаснага “губернатара” Пятра Рудніка і былога старшыні райвыканкама, цяпер – дэпутата Палаты прадстаўнікоў быў ўрачыста адкрыты новы комплекс на тысячу галоў буйной рагатай жывёлы. Дзякуючы яму і жыве вёска.


Як я чула, апошнім часам заробкі ў СДП скараціліся адчувальна. Хаця ў лютым па тэлевізіі казалі, што новы комплекс дае 30 млн чыстага прыбытку штодня. Куды яна ідзе, і чаму перастала става́ць на годныя заробкі тым, хто яго (гэты прыбытак) стварае?!?... Таксама частку заробку кожнаму працаўніку прадпрыемства выдае ўласнай мясной прадукцыяй (ма́е ўласны свінакомплекс і каўбасны цэх). Раней кошт такога “заробка” складаў 500 тысяч беларускіх рублёў на кожнага члена сям’і, што працуе ў “Авангардзе”, цяпер не ведаю. Але на комплексе, нібыта, працоўных рук такі́ не хапа́е. І некаторае жытло прадпрыемства ў вёсцы пустуе.



Як на вёсцы жывецца маладой дзяўчыне?


Жыву на вёсцы з бацькамі, гаспадарку вядуць яны, я трохі дапамагаю, калі магу і калі бываю дома. А так, з заканчэннем сярэдняй школы (яна ў нас у вёсцы Княжыцы), паступленнем у ВНУ ўсё ўласнае жыццё ў мяне перамясцілася ў Магілёў. Там сябры, прыяцелі, знаёмыя. Пачалася грамадска-палітычная дзейнасць, – кола зносінаў пашыралася на межы краіны, навучанне за мяжой – шмат знаёмых і там.



Як людзі рэагуюць на “палітыку”?


Прапаганда, натуральна, робіць сваю справу. Людзі на вёсцы ўяўляюць пэўнага кшталту “ўмеранае балота” з пэўнай “кашай” у галаве. З аднаго боку – незадаволенасьць працай, заробкамі, умовамі на вёсцы, бяздзейнасцю прызначаных дэпутатаў, свавольствам начальнікаў, рэальнай неабароненасцю. З другога – пэўная частка ўсё яшчэ ўсхваляе тога, хто “ў нас адзін такі”, “а хто будзе лепшы?!”, “а хто, калі ня ён?!” і так далей. Сітуацыю пагаршае фактычна закансерваваная савецкая сістэма прымусу-прыгнёту і залежнасці, пабудаваная на страху і запалохванні. Людзі баяцца ўголас выказаць прэтэнзіі ці прапановы начальству, каб не згубіць працу хоць з якім-ніякім, а заробкам. Народ непісьменны юрыдычна, палітычна, не ведае, куды звярнуцца па прафесійную кансультацыю, не ведае, на што мае права і гэтак далей. У такой сітуацыі людзьмі і “грамадскай думкай” сапраўды вельмі лёгка і проста кіраваць.


Калі чуюць пра “апазіцыю”...Тыя, што слухаюць (і глядзяць) толькі БТ, не ведаюць альтэрнатывы. А калі і ведаюць якіх апазіцыянераў, дык лічуць, што ўсе высілкі – марныя. Нават прадстаўнікі казацкага кандыдата ў прэзыдэнты на мінулых выбарах спачатку збіраліся вылучыць сваіх назіральнікаў на ўчасткі, а потым палічылі, што лепш ім гэтага не рабіць, каб лішні раз не дражніць прадстаўнікоў “адзінай улады”.


Ці ёсць у вашай вёсцы перспектыва?


Сенькава, натуральна, праз блізкасць да горада ў будучыні абавязкова  “увальецца” ў склад абласнога цэнтра. Мяркую, не раней, чым праз 40 год. Бо зараз толькі сапраўды пачала разбудоўвацца Казіміраўка і да мяжы горада ўшчыльную “падыйшла” вёска Прысна. Каб далучыць Сенькава спатрэбіцца, як і ў Менску, новая акружная дарога.



Галерэя