У кватэры магілёўскага актывіста апазыцыі правялі вобшук

07.03 16:13

У Магілёве блізу 14 гадзіны да сябра аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча прыйшла міліцыя.

Актывіст пасьпеў паведаміць, што ў міліцыянтаў нібыта пастанова на агляд ягонай кватэры. Паводле Станіслава, яго вінавацяць у распаўсюдзе відэаролікаў у інтэрнэце і настойваюць, каб ён аддаў кампутар.

Цяпер сувязі з актывістам няма. Тэлефон не адключаны, але на званкі ніхто не адказвае.

У 2016 годзе на Станіслава Паўлінковіча заводзілі адміністрацыйную справу за перапост паведамленьня Мікалая Статкевіча з заклікам на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў» 12 верасьня ў Менску. Да суду тую справу не давялі.

Актывіста запісалі ў «дармаеды» і абавязалі сплаціць збор у 360 рублёў паводле дэкрэту № 3. Станіслаў заяўляў, што рабіць гэтага ня будзе. На сваіх старонках у сацыяльных сетках ён зьмяшчаў абвесткі пра акцыі пратэсту супраць дэкрэту «аб дармаедах».