У Магілёве на турніры Баітавай адмовіліся ўрачыста ўносіць украінскі сцяг

07.04 16:51
На адкрыцці турніра па спартыўнай гімнастыцы на прызы Баітавай. 7.04.2016.

Больш за сто маладых спартсменаў з пяці рэспублік былога Савецкага Саюза прымаюць удзел у турніры, які адкрыўся сёння ў магілёўскім Палацы гімнастыкі XVI турніры па спартыўнай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Святланы Баітавай.

У гэты раз у Магілёў з'ехаліся спартсмены ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў з Беларусі, Латвіі, Украіны, Расіі і Туркменіі. Беларуская каманда прадстаўлена гімнастамі з Віцебска, Бабруйска, Гомеля, Мінска, Пінска і Магілёва.

"Перамога ў турніры для некаторых спартсменаў стане пропускам у нацыянальную зборную, а таксама дасць магчымасць удзельнічаць у прэстыжных міжнародных спаборніцтвах", - паведамілі арганізатары турніру.

Адзначым, што на адкрыцці спаборніцтваў усе каманды ішлі пад дзяржаўнымі сцягамі краін, якія яны прадстаўляюць. Выключэнне склалі трое спартсменаў з Данецка, якія афіцыйна прадстаўлялі Украіну. Яны ішлі першымі, але ніякага сцяга перад імі не было. Пры гэтым украінскі сцяг стаяў у зале спаборніцтваў, прыхілены да сцяны. Адразу за спартоўцамі з Данецка ішла каманда Расіі пад дзяржаўным трыкалорам.

Нагадаем, што ў мінулым годзе ў турніры на прызы Святланы Баітавай прынялі ўдзел каля 60 юных гімнастаў.

Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама, кіраванне спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўская гарадская СДЮШАР "Багіма" ім. Алега Мішчанка.

Генеральны партнёр - БРУСП "Белдзяржстрах", паведамляе БелаПАН.