У Магілёве прайшоў Вялікі гарадскі пікнік

29.05 14:39

Некалькі тысяч жыхароў Магілёва і гасцей горада наведалі 28 мая Вялікі гарадскі пікнік на беразе Дняпра непадалёк ад запланаванага парку ў раёне Падніколья.

Планы правядзення Вялікага гарадскога пікніка яго арганізатар - Цэнтр гарадскіх ініцыятыў - паведаміў у канцы красавіка. А першы вопыт такога агульнагарадскога мерапрыемства быў 30 мая 2015 года.

Па даных арганізатараў, сёлета нашмат больш людзей прыйшло, чым летась, - не менш за тры тысячы. Таксама сёлета больш ініцыятываў, больш розных актыўнасцяў. Сёлета кавер-бэнды выступаюць, летась іх не было, больш майстар-класаў. 

Пікнік пачаўся ў 13.00 і доўжыўся 20.00.

Госці свята маглі праявіць сябе ў стральбе з лука, маляванні, рухомых гульнях, дэкараванні і іншых занятках па інтарэсах. Гучалі музыка і спевы.

Сёлета арганізатарам удалося прыцягнуць значна больш валанцёраў, якія дапамагалі гасцям не згубіцца і падтрымлівалі чысціню. Яны адгукнуліся на просьбу аб дапамозе праз сацыяльныя сеткі, СМІ. Дапамог валанцёрамі, як і летась, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання.

Арганізатары лічаць, што праводзячы мерапрыемства непадалёк ад Падніколля, яны прышчапляюць культуру адпачынку на набярэжнай у новым парку.

Сёлета амаль у два разы павялічылася колькасць ініцыятыў і арганізацый, якія паўдзельнічалі ў пікніку. Калі летась іх было прыкладна 20, то сёлета - амаль 40.

Партнёрамі Вялікага гарадскога пікніка выступілі, у прыватнасці, грамадская кампанія "Будзьма беларусамі", кафэ на колах "Велакава", рэкламнае агенцтва "Пластылін", Магілёўскае аддзяленне БелГПП, магілёўскае аб'яднанне рамеснікаў "Шчырая майстэрня", гарадскі тэлеканал, Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, выдавецкі дом "Талака", грамадскі цэнтр "Кола", фітнес-клуб "Спадарожнік" і іншыя.

Арганізатары спадзяюцца, што ў наступным годзе Вялікі гарадскі пікнік збярэ яшчэ больш гасцей, а яго партнёрамі стануць новыя ініцыятывы і арганізацыі.

 

Галерэя