У Магілёве жыхары выступілі супраць будаўніцтва новага гандлёвага цэнтра

20.12 07:39
У Магілёве жыхары шэрагу дамоў па вуліцы Дзімітрава выступілі супраць будаўніцтва ў раёне новага гандлёвага аб'екта ТАА "Санта рытэйл".
 
Пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем не пачынаць будоўлю ўжо падпісаліся 135 чалавек, паведаміла БелаПАН адна з мясцовых жыхарак Святлана Кляцко, актывістка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
 
Магілёўскі гарвыканкам на сваім афіцыйным сайце паведаміў аб правядзенні з 17 снежня 2017 года па 10 студзеня 2018 года грамадскага абмеркавання архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб'екта "Будаўніцтва гандлёвага аб'екта, размешчанага ў квартале шматпавярховай жылой забудовы ў раёне жылых дамоў № 64, 64А, 66, па праспекце Дзімітрава ў Магілёве, з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі".
 
Паводле слоў Святланы Кляцко, многія жыхары супраць будаўніцтва новага магазіна. "У нас у мікрараёне 13 вялікіх крам, апрача маленькіх. Мы лічым будаўніцтва ў гэтым месцы новага гандлёвага аб'екта немэтазгодным", — заявіла актывістка.
 
Як паведаміў БелаПАН першы намеснік старшыні "Грамады" магіляўчанін Ігар Барысаў, у месцы, дзе намячаецца будаўніцтва новага магазіна, цяпер вельмі інтэнсіўны рух аўтатранспарту. "Я ў свой час дамогся таго, каб паставілі знак, які забараніў скразны рух. Там знаходзяцца гімназія № 1, сярэдняя школа № 39, дзіцячы сад № 98. Бацькі на машынах прывозяць сваіх дзяцей, і часта з раніцы і ўвечары адтуль немагчыма выехаць, паколькі ствараюцца заторы. Таму там трэба не гандлёвы цэнтр будаваць, паколькі гэта толькі павялічыць наплыў аўтамабіляў, а ствараць паркоўку, дзе людзі маглі б, калі прыязджаюць, высаджваць сваіх дзяцей і весці іх у навучальныя ўстановы. Там таксама павінна быць месца для дзіцячай пляцоўкі і зялёнай зоны. Цяпер там усё акружана дамамі і няма ніякага сквера", — сказаў Барысаў.
 
Ён нагадаў, што некалькі гадоў таму мясцовыя жыхары збіралі подпісы за стварэнне паркоўкі ў гэтым месцы. "64-ты дом стары, тэрыторыя вакол яго цалкам застаўленая аўтамабілямі, і месца ім не хапае. Тады было сабрана 200 подпісаў грамадзян, каб пабудавалі паркоўку. Яны былі адпраўленыя ў гарвыканкам, прыйшоў адказ, што будзе падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на 50 машынамесцаў. Аднак потым чыноўнікі далі задні ход і пайшлі да людзей, якія падпісаліся за паркоўкі, каб тыя адклікалі свае подпісы. Казалі: калі хочаце паркоўку — плаціце грошы. 50 чалавек на гэтай падставе адмовіліся", — расказаў Барысаў.
 
Паводле слоў Святланы Кляцко, збор подпісаў супраць новага гандлёвага цэнтра будзе працягвацца яшчэ некалькі дзён, пасля чаго яны будуць накіраваны ў Магілёўскі гарвыканкам. Актывісты таксама маюць намер дамагчыся правядзення ў межах грамадскага абмеркавання грамадскіх слуханняў па гэтай праблеме.