Улады не дазволілі актывістам займацца гендэрнымі праблемамі

28.06 16:57

Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама адмовіла ў рэгістрацыі грамадскаму аб'яднанню "Магілёўскі гендарны цэнтр "Ружа".

Дакументы на рэгістрацыю грамадскія актывісты падалі ў маі 2016 года. Пасля месяца разгляду ўпраўленне юстыцыі прыняло рашэнне адмовіць у рэгістрацыі, бо "не ўсе палажэнні статута ГА "МГЦ "Ружа" адпавядалі заканадаўству".

Так, адной з мэтаў, прадугледжаных статутам "Ружы", з'яўляецца выкараненне дыскрымінацыі паводле полу. "Гэтая мэта паказвае на наяўнасць у Рэспубліцы Беларусь дыскрымінацыі па прыкмеце полу, а ГА "МГЦ "Ружа" будзе яе выкараняць. Аднак гэтая мэта не можа адносіцца да кампетэнцыі грамадскага аб'яднання, бо прадугледжаныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гарантыі аб роўнасці правоў грамадзян забяспечваюцца ўпаўнаважанымі на тое дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў", - гаворыцца ў адказе начальніка ўпраўлення Аляксандра Маймусава. Там жа згадваецца, што Канстытуцыяй ў Беларусі гарантаваныя роўныя правы жанчынам і мужчынам.

"Прызнанне ў Рэспубліцы Беларусь дыскрымінацыі па прыкмеце полу не адпавядае нормам права аб роўнасці жанчын і мужчын, замацаваным на заканадаўчым узроўні", - упэўнены кіраўнік магілёўскай юстыцыі.

На яго думку, не адпавядае нормам заканадаўства і пункт статута "Ружы", у якім гаворыцца пра намер яе членаў праводзіць гендарны маніторынг, збор, аналіз "звестак аб сацыяльна-эканамічнай і іншых сферах дзейнасці ў горадзе". "З гэтага палажэння статута у тым ліку бачыцца, што правядзенне абследаванняў для ацэнкі становішча ва ўсіх сферах дзейнасці ў горадзе па гендарных пытаннях знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі ГА "МГЦ "Ружа". Пры гэтым рэалізацыю пытанняў гендарнай палітыкі ажыццяўляюць адпаведныя упаўнаважаныя дзяржаўныя органы", - піша Маймусаў.

Ініцыятар стварэння "Ружы" юрыст Алена Барысава заявіла аб намеры абскардзіць у аблсудзе адмову ў рэгістрацыі. У той жа час актывісты плануюць пачаць сваю дзейнасць у якасці грамадскай ініцыятывы і 1 ліпеня рыхтуюцца адкрыць грамадскую прыёмную "па пытаннях працоўнай дыскрымінацыі і іншых сацыяльных пытаннях".

На думку Барысавай, адказ ўпраўлення юстыцыі сведчыць, што ўлада ў Беларусі намагаецца ўсяляк прыглушыць грамадскую актыўнасць грамадзян, імкнецца не заўважаць і замоўчвае праблемы, якія стаяць перад грамадствам. "У Беларусі існуе дыскрымінацыя, але яна знаходзіцца ў цені. Дзяржаве нявыгадна гэтыя пытанні аддаваць на грамадскае абмеркаванне, вучыць людзей нейкім гендарным пытанням, тлумачыць прычыны і наступствы дыскрымінацыі", - заявіла актывістка.