Уладзімір Майко: з гендырэктара “Фандока” ў “стрэлачнікі” мадэрнізацыі

31.05 10:29

Яшчэ многія помняць аб гучнай кампані, якую абвесціў Аляксандр Лукашэнка, па мадэрнізацыі беларускай дрэваапрацоўкі. З той мадэрнізацыі адрымаўся суцэльны пшык, але беларускі правіцель не даў рады прызнаць уласную памылку. Справы гендырэктароў “Барысаўдрэва” Уладзіміра Мальцава і “Фандока” Уладзіміра Майко - яскравыя прыклады, як лёгка цяперашняя беларуская ўлада знаходзіць вінаватых стрэлачнікаў і асуджае іх па карупцыйных артыкулах.

Яшчэ з дзесятак гадоў таму ААТ “Фандок”, колішні Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, было звычайным беларускім прадпрыемствам з доўгай гісторыяй. І гэтае прадпрыемства функцыянавала больш-менш прыстойна, сведчаннем чаго можна назваць хаця б фірмовыя магазіны “Фандока”, у прыватнасці, у абласным цэнтры. Цяпер іх няма, і, зважаючы на гісторыю прадпрыемства апошніх гадоў, з’явяцца не хутка. Таму адным з найбольш яскравых момантаў у гісторыі “Фандока” можна назваць падзеі звязаныя з гендырэктарам Уладзімірам Майко.

У 2001 годзе Майко ўзначаліў “Фандок”. За некалькі гадоў новы дырэктар наладзіў працу і нават стаў адным з 15 лепшых кіраўнікоў у Беларусі па выніках 2004 году, пра што пісаў Tut.by. Гэты ж партал паведамляў, што ў 2005 годзе Майко дабіўся кантракта з IKEA, угаварыўшы кіраўніка ўсходняга накірунку швецкага мэблевага гіганта прыехаць у Беларусь. Праўда, гэтае супрацоўніцтва скончалася з сыходам дырэктара са сваёй пасады ў снежні 2010 года.

Прычына адстаўкі, як пісаў бабруйскі «Коммерческий курьер», – нездавальняючыя паказчыкі працы прадпрыемства. Акурат за месяц да таго “Советская Белоруссия” надрукавала артыкул са спасылкай на рабочых прадпрыемства, якія скардзіліся на нізкія заробкі і несвоечасовыя іх выплаты.

 

“У 2010 годзе ў яго быў прагнозны план 130%-ны рост аб'ёма вытворчасці. А фактычна выйшла 106%. Гэта стала фармальнай прычынайдля звальнення”, – сцвярджала малодшая дачка Уладзіміра Майко Наталля.

Мадэрнізацыю ў Беларусі запусцілі ў 2007 годзе. Па ўсяму відаць, што каля 2012-2013 гадоў ўлады зразумелі яе правальнасць у межах створаных у Беларусі антырынкавых адносін. Пачаліся пошукі вінаватых, на ролю аднаго з якіх, як нельга лепей, падыходзіў звольнены гендырэктар “Фандока”, пенсіянер Уладзімір Майко.

Цягам 2013-2014 гадоў супраць яго адна за адной узбуджаюцца тры крымінальныя справы. Следчы камітэт вінаваціць Майко ў тым, што ён падпісаў акты прыёмкі-перадачы за фактычна не выкананыя ў поўным аб'ёме працы па мадэрнізацыі і ўводу ў эксплуатацыю лініі сартавання круглага лесу, а таксама аб выкананні шэф-мантажных і пуска-наладачных работ па будаўніцтве міні -ТЭЦ “Фандока”. “Акрамя таго, у перыяд з ліпеня па лістапад 2007 года, дзейнічаючы з іншай асабістай зацікаўленасці, даў указанне падначаленым работнікам на афармленне дакументаў і адгрузку шліфаванай фанеры ў адрас расійскіх фірмаў за цану, значна ніжэй, чым на біржы. У выніку чаго прычыніў шкоду грамадству ў выглядзе розніцы паміж біржавым коштам і коштам пастаўкі ў суме больш за 70 мільёнаў рублёў.

У выніку ўсіх неправамерных дзеянняў генеральнага дырэктара, ААТ «Фандок» нанесены ўрон больш за 770 мільёнаў беларускіх рублёў. Былому кіраўніку прад'яўлена абвінавачанне ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь)”, - распавядалася ў жніўні 2014 года на сайце Следчага камітэта. У тым жа месяцы Майко быў узяты пад варту.

Да гонару Майко і яго сям’і варта адзначыць, што яны як маглі змагаліся за прызнанне яго не вінаватым. Пра гэта сведчаць як адкрытыя звароты да вышэйшых чыноў, так і актыўныя расповяды аб сутнасці справы журналістам.

Асобным момантам у справе былога кіраўніка “Фандока” варта ўзгадаць яго інфаркт, які ён перанес у СІЗА. Праўда, Майко – гэта не паплечніца беларускага прэзідэнта Галіна Жураўкова, якая па стане здароўя магла нават не адбываць пакаранне. Інфаркт бабруйскага пенсіянера і тыдзень у рэанімацыі не сталі прычынай абрання для яго іншай меры стрымання – ён застаўся пад вартай.

Нягледзячы на тое, што былы гендырэктар віну не прызнаў, грошы за ўрон прадпрыемству (амаль 780 млн рублёў) ягоная сям’я выплаціла. А 22 мая 2015 года суд Бабруйска і Бабруйскага раёну прызнаў Майко вінаватым і прыгаварыў да 1 году і 5 месяцаў зняволення, якія ён ужо паспеў да таго часу адсядзець у СІЗА.

З моманту вынясення прысуду мінуў год. Пра тое, што Майко падаў на абскарджванне чуваць не было. З чаго вынікае, што ён, хутчэй за ўсё, змірыўся з роллю стрэлачніка, калі не сказаць больш грэбліва, якую адвяла для яго мадэрнізуючая дрэваапрацоўку ўлада.

Што ж тычыцца “Фандока”, то, паводле гендырэктара Андрэя Парцянкова, рабочых там перавялі на няпоўны працоўны дзень. “Завод зараз функцыянуе ў рэжыме пуску-наладкі, таму не можам забяспечыць поўную рабочую дзейнасць. Сітуацыя застаецца вельмі складанай, таму што высокія тарыфы на электраэнергію, і мы маем запазычанасць. Таксама адбіваецца скарачэнне заказаў у частцы будаўнічых канструкцый, падзенне попыту на фанеру”, - цытаваў гендырэктара ў сакавіку “Бабруйскі рэгіянальны партал”, адзначаючы, што летась на прадпрыемстве скарацілі 20% супрацоўнікаў, а заробак там крыху больш за 2 млн рублёў.