Уладзімір Навасяд: Думаць, што ўлада створыць умовы, пры якіх дэмакраты маршам увойдуць у мясцовыя Саветы - з’яўляецца марай

26.07 15:43

Старшыня аргкамітэта па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса Уладзімір Навасяд адказаў на пытанні прэс-службы кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару-2018”.

Уладзімір Уладзіміравіч, якія ў вас чаканні ад кампаніі ў мясцовыя Саветы 2018 года?

Перш за ўсё чакаем, каб былі вядомые для грамады кандыдаты непасрэдна з акруг тых рэгіёнаў, дзе яны плануюць вылучацца спачатку кандыдатамі ў дэпутаты, а затым актыўна весці свае выбарчыя кампаніі.

Па-другое, каб вылучаліся ў кандыдаты тыя людзі, якія маюць вопыт, у тым ліку назірання за выбарамі, вопыт інфармацыйнай працы.

І трэцяе, каб кандыдаты ведалі паўнамоцтвы мясцовых Саветаў, куды яны балатуюцца, бо па нашай Канстытуцыі мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць больш магчымасцяў і паўнамоцтваў, чым дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэты парадокс шмат хто не разумее, але гэта так.

І што гэта за паўнамоцтвы?

Дэпутаты мясцовых Саветаў прымаюць рашэнні аб прыватызацыі мясцовай уласнасці, ёсць магчымасць заслухоўваць справаздачы мясцовай улады аб выкананні бюджэту, а таксама ўносіць туды папраўкі, маюць магчымасць на мясцовым узроўні ўплываць на прыняцце рашэнняў.

Як вы лічыце, ці дастаткова агучаных вамі функцый дэпутатаў, каб казаць, што гэта і ёсць мясцовае самакіраванне, ці ўсё ж такі нешта трэба мяняць?

Выбары дэмакратычнымі робяць дэмакратычныя кандыдаты. Увогуле, калі мы кажам, што гэтыя людзі абраныя дэмакратычным шляхам, то мы ўжо адразу можам казаць, што гэтыя людзі не такія, як астатнія. Гэтыя людзі разумеюць, што такое самакіраванне, для чаго яно патрэбна, што яны павінны рабіць. Гэта ўжо сам па сабе інструмент уплыву на насельніцтва, магчымасць уплываць на людзей, каб яны мяняліся, а мы ведаем, што ў Беларусі змены ідуць вельмі-вельмі павольна і гэта вельмі складаная праца, без якой немагчыма нешта змяніць у дзяржаве. “Халявы” у развіцці дэмакратыі ў краіне няма і гэта таксама варта разумець.

Ці не зашмат у нас дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў?

У нас яшчэ напрыканцы 80-х гадоў (за часамі БССР) была распрацавана рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, але яна перш за ўсё рабілася не дзеля таго, каб развіваць дэмакратыю, а для таго, каб рацыянальна выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія былі ў краіне на той момант. Гэта актуальна і сёння, бо трохузроўневая сістэма мясцовага самакіравання з’яўляецца рудыментам савецкай сістэмы і такія Саветы, як абласныя, ужо не павінны існаваць. Кампетэнцыя абласнога Савета дэпутатаў павінна быць перададзена Саветам ніжэйшых узроўняў. На дадзены момант у краіне склалася такая сітуацыя, калі функцыі абласных цэнтраў могуць выконваць ужо не 6 гарадоў, а 10-12. Гэтая думка не толькі мая, аднак і нашых экспертаў.

Ці лічыце, што разам з выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў можа адбыцца рэферэндум?

Канечне, улада будзе нешта прыдумляць, бо валодае як адміністрацыйным, так і фінансавым рэсурсам і там працуюць далёка не дурні. У іх галоўная функцыя - захаваць уладу. У лютым 2018 года можа быць усё, што заўгодна. Мы ж у сваю чаргу павінны думаць пра сваю працу, а не толькі думаць пра тое, што будзе рабіць улада. Калі ёсць выбары, то ў іх неабходна прымаць удзел.

Ці будзе ПСП удзельнічаць у выбарах і ў назіранні за выбарамі?

Так, мы будзем актыўна удзельнічаць у гэтай кампаніі ў сілу нашых магчымасцяў і рэсурсаў.

Варта разумець, што ў нашай краіне выбары ў мясцовыя Саветы, парламенцкія і прэзідэнцкія выбары адбываюцца па мажарытарнай сістэме, то бок у нас усе акругі - мажарытарныя. На маю думку, калі добра адпрацаваць на мясцовых выбарах, то можна выйграць і на парламенцкіх, а калі выйграць на парламенцкіх, то варта задумацца і пра магчымасць удзелу ў прэзідэнцкіх. Гэта свайго кшталту “матрошка”. Калі мы хочам атрымаць вынік, то павінны працаваць сістэмна.

У назіранні ПСП таксама прыме актыўны ўдзел у межах кампаніі назірання “Права выбару”. Неўзабаве прымем рашэнне, на якіх акругах будзе адбывацца назіранне ў падтрымку нашых будучых кандыдатаў у дэпутаты.  

Уладзімір Уладзіміравіч, ці лічыце вы, што трэба мяняць выбарчае заканадаўства, каб выбары адбываліся свабодна і справядліва?

Мы зараз знаходзімся ў такой сітуацыі, калі ведаем, што нешта трэба мяняць, але гэтая праца не павінна падмяняць тую практычную працу, аб якой мы зараз з вамі вядзем размову, бо прымусіць змяніць заканадаўства можна толькі пры моцнай дэмакратычнай хвалі. Проста так рабіць змены ў заканадаўстве ніхто не будзе. Думаць, што ўлада створыць умовы, пры якіх дэмакраты маршам увойдуць у мясцовыя Саветы з’яўляецца марай, не больш таго.

Што пажадаеце грамадзянам?

У людзей павінна быць надзея, таму ўсіх грамадзян запрашаю прыняць удзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, шукаць альтарнатыву ўладзе, рабіць тое, што рабілі нашыя продкі - браць свой лёс у свае рукі. Так было заўсёды, бо калі хочаш выжыць, то мусіш аказваць супраціў.