Валадар Цурпанаў: Не трэба выкарыстоўваць 25 сакавіка ў якасці дзіды супраць рэжыму

25.03 09:06

25 сакавіка - свята для пэўнай колькасці беларусаў. Традыцыйна ў гэтую дату нацыянальна-арыентаванае насельніцтва святкуе Дзень Волі. Менавіта 25 сакавіка 1918 года была прынята Трэцяя ўстаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, што па сутнасці азначала аб’яўленне незалежнасці. Якім быў Дзень Волі 20 гадоў таму і які сэнс надаюць яму сёння, нам распавёў адзін з актыўных удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху Валадар Цурпанаў.


Што беларусы святкуюць 25 сакавіка?


Беларусы святкуюць важную для сябе дату, якую лічаць важнай менавіта таму, што ўсведамляюць сябе беларусамі. Па вялікаму рахунку можна казаць, што гэтую дату адзначаюць нацыяналісты без негатыўных сэнсаў гэтага слова. З той гістарычнай падзеі, якая абвесціла незалежнасць беларусаў, мінула амаль сто год, але сэнс і важкасць свята істотна не змяніліся, мянялася толькі форма судакранання і спрычынення пэўных асобаў.



Як змянялася форма правядзення Дня Волі?


Да перабудовы гэтая дата адзначалася вельмі вузкім колам у першую чаргу тых людзей, якія былі спрычынены да яе праз сям’ю, а таксама праз нефармальныя суполкі ды аб’яднанні. Гэтыя людзі былі сапраўднымі дысідэнтамі, бо не баяліся публічна выказваць сваю нязгоду з палітычным ладам.


На пачатку сучаснай беларускай гісторыі 25 сакавіка мела добрую перспектыву  стаць усеагульным нацыянальным святам. На тое былі аб’ектыўныя палітычныя ўмовы: да 1995 -1996 гг палітычны рэжым яшчэ не мог рэзка і хутка змяніць падыходы. Тым больш, што дзяржаўнымі сімваламі сталі бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”, а яны адразу прывязваюць чалавека да 25 сакавіка. Дзень Волі быў дакладна акрэслены бел-чырвона-белым-колерам.


Формамі правядзення Дня Волі ад пачатку сталі шэсці. Калі мы паглядзім здымкі тых часоў, мы пабачым вялікую колькасць удзельнікаў і яшчэ большую колькасць сцягоў. Улады не дужа былі прыхільны да гэтага, але ад пачатку хаця бы нейтральна ставілася. І народ не адчуваў пагрозы, ён мог адкрыта прадэманстраваць сваю прыналежнасць да гэтых бнфаўцаў. Пасля пачалася рэакцыя ўлады і гэтая дата не паспела стаць агульнанацыянальным святам…


Сёння Дзень Волі выключна апазіцыйнае свята ці не?


Дзень волі 1990-ых гг быў сабраны на розных групах насельніцтва: пераважная большасць - гэта людзі, якія не надта задумваліся, ў чым яны бяруць удзел. Бо цягам году праходзілі апазіцыйныя дэманстрацыі, людзі бачылі, што гэта клёва, класна, прыгожа і жадалі далучыцца. Другая па колькасці група - гэта тыя, хто ўжо асэнсаваў значнасць і гатовы стаць палітычным ці то грамадскім актывістам. Самая меньшасная група - гэта самі актывісты.  


Але і тады і зараз гэтая дата і стаўленне да яе з’яўляюцца дакладным і  бездакорным маркерам апазіцыйнасці чалавека.  25 сакавіка - гэта асэнсаваны і асвядомлены выбар, які падзяляе беларусаў. Менавіта ў палітычным канктэксце і хаваецца параза: калі мерапрыемства набывае апазіцыйны кантэкст, яно правакуе. Адэкватнасць дзеянняў і рэакцый - гэта не для дыктатуры, тут жорстка ўсё: спляжыць і задушыць.


З-за чаго свята губляе масаваць?


Паколькі праява спрычыненасці ці прыналежнасці цягнула за сабой пагрозы рэпрэсій, то стала змяншацца колькасць удзельнікаў шэсцяў. Палітычная форма па крысе вымагала нейкіх зменаў. Прынамсі ў Магілёве я ў 2007 годзе ўпершыню прапанаваў правесці гэтае свята ў такім камерным фармаце, надаць яму акадэмічнасці. Мерапрыемства прайшло на пляцоўцы “Кола сяброў”. Мы запрасілі на гэтую сустрэчу ветэранаў апазіцыйнага руху Адраджэння, якія дзяліліся нейкімі сваімі ўспамінамі і думкамі. Мерапрыемства было вельмі ўдалым: людзям было камфортна, ніхто не баяўся, што іх могуць арыштаваць ці аштрафаваць.



Пэўная колькасць беларусаў проста не прызнае Дзень волі?


З 2005 года я прыхільнік падыхода: “Мы - адзіны народ”.  У пэўных рамках і падыходах я падзяляю “нас”, “іх” і “яшчэ нейкіх”, але пры гэтым я ведаю, што разам з імі  мы ўсе - беларусы і нам разам будаваць новую Беларусь.


Я згодны са Святланай Алексіевіч у яе выказванні: “У тым, што ёсць нашая Беларусь, вінаваты кожны з нас”. Я гэта падтрымліваю, у свой час я зрабіў менш, чым, пэўна, мог. Нашая праца ў чым - дапамагчы ўсім прыйсці да такой ступені самавызначэння, каб дома ўздымаць сцягі. Тут вельмі паказальны прыклад амерыканцаў. Таму ўсе, хто жыве тут і вызначае сябе беларусам, яны - нашыя людзі і менавіта з імі нам будуваць новую краіну.


Дата не мусіць быць сродкам размежавання на “нас” ды “іх”, бо мы - такія крутыя, не баімся нікога і выходзім, а вы там сядзіце на кухнях. Гэтым мы самі пабудавалі барыкаду на даце 25 сакавіка. Сапраўдным святам гэты дзень можа стаць, калі не будзе спалучацца з нейкім негатывам, калі кожны беларус будзе яго разумець і ў нас будзе адзінае нешта. Народ мусіць быць чымсьці паяднаны. А мы гэтай датай яго раз’ядноўваем.



Як святкаваў Дзень Волі Магілёў?


У Магілёве былі невялікія мерапрыемствы, бо ўсё праходзіла менавіта ў сталіцы. На сталіцу была стаўка. Пад вялікія акцыі задача была, як мага больш прывезці людзей у Менск. Гэтым мы агалялі астатнюю прастору. Маленькая колькасць удзельнікаў у абласным цэнтры не дазваляла спадзявацца на вялікі поспех, бо рэжым колькасна мог задушыць нас. Мы не маглі прэтэндаваць на тое, каб заняць праезную частку, мы заўсёды рушылі па тратуары. Калі прыходзіла 150 чалавек, гэтага ўжо было дастаткова, каб прайсціся па ходніках, але туды, куды мы самі хацелі. На мітынгі на Савецкай плошчы дазвол ніколі не давалі, але мы збіраліся там і рушылі ў бок цэнтра, ці наадварот.  Аднойчы афіцыйна дазволілі сабрацца ля крыжа па вуліцы Шмітта, што ля Лаўсанаўскіх могілак. Пакуль мы дайшлі датуль, крыжа не стала, кажуць, звезлі самі міліцыянты.



Якая будучыня ў Дня Волі?


Гэта старая нашая бяда: няўменне рабіць працу над памылкамі і хаваць тое, што мёртвае, каб вызваляць месца для нечага новага. Калі людзі з прагай лепшага жыцця правакуюць другі бок і ў выніку ствараюць карцінку трэшавасці для назіральнікаў - а назіральнікі - уся Беларусь, гэта не ёсць добра.


Не трэба выкарыстоўваць 25 сакавіка ў якасці дзіды супраць рэжыму. Нейкія рэчы мы мусім ахоўваць ад бруду. Гэтая дата мусіць сысці з вуліцы. Яна настолькі важкая, што мы не павінны на яе штучна навешваць нейкі негатыў. На кухню немагчыма перанесці святкаванне, бо няма глебы: каб Дню Волі станавіцца сямейным, яшчэ не саспеў час. Затое мы можам выкарыстаць метакамернасць і акадэмічнасць.  



Тое, што адбылося 25 сакавіка 1918 года, яно ўжо даўно ўпісана ў календары. І яно абавязкова набудзе сваё месца ў актуальным календары Беларусі пры змене палітычнага рэжыму.



 

Галерэя