Валянцін Акудовіч: Лепш бы ўлада не звяртала ўвагі на БАТЭ

04.10 10:27

У сучасным свеце спорт ніяк не абыходзіцца без палітыкі. Але не для усіх відаў спорту гэта ідзе на карысць.

Такое меркаванне выказаў філосаф Валянцін Акудовіч у размове з карэспандэнтам Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

Беларускія ўлады даўно выкарыстоўваюць спартыўныя перамогі ў сваіх мэтах. Гэта тычыцца практычна любой галіны спорту. Біятланістка Дар’я Домрачава на суботніку працуе разам з Лукашэнкам, тэнісістка Вікторыя Азаранка дорыць яму сваю ракетку і г.д. Поспехі беларускіх спартоўцаў так ці інакш падаюцца ўладай як свае ўласныя дасягненні.
Футболу ў гэтым плане пашанцавала, адзначае Валянцін Акудовіч, які сам гэтым відам спорту вельмі цікавіцца: “Прынамсі апошнія дзесяць год асабліва буйных дасягненняў у гэтым спорце ў беларускіх каманд не было. Больш за того, улада, ці дакладней Аляксандр Лукашэнка, як вялікі заўзятар хакею, не надаваў асаблівай увагі футболу. Магчыма, каб уся ўвага канцэнтравалася на хакеі: вунь колькі ў краіне лядовых палацаў пабудавана”.

Але днямі БАТЭ зрабіў вялікі падарунак беларускім заўзятарам. Нагадаем, напярэдадні барысаўчане сенсацыйна абыгралі 4-х кратнага пераможцу Лігі чэмпіёнаў і 22-х кратнага чэмпіёна Германіі мюнхенскую "Баварыю" з лікам 3:1.

На думку філосафа, феномен БАТЭ паўстаў па-за ўладным палітычным дыскурсам, гэтым ён і цікавы і патрабуе ўвогуле асообнай гаворкі.

- Феномен БАТЭ нібыта апазіцыянуе ўладзе. Ён паказвае, што без усялякай дапамогі ўлады, але пры дапамозе прыватнага бізнэсу і дзякуючы таленту гульцоў і трэнераў можна стварыць такі цуд, які адбыўся нядаўна. І мне ў гэтым плане вельмі цікава, што будзе адбывацца далей. Я думаю, што ўлада будзе рабіць захады, каб поспех БАТЭ сябе прыўлашчыць, асабліва калі поспехі будуць працягвацца, але якія канкрэтна захады – пакуль не ведаю, - сказаў Валянцін Акудовіч.

Каб футбол выцягнуць на адпаведны ўзровень, калі ён становіцца палітычнай з’явай, патрэбныя гады і гады, не кажучы ўжо пра сродкі, якіх запатрабуецца не менш чым на хакей. Як казаў пра такую сітуацыю О.Генры, Балівар не выцягне дваіх. Таму для БАТЭ такая магчымая ўвага ўлады будзе мінусам, лічыць Акудовіч:

- Адна з прычын захаплення БАТЭ – тое, што яны выраслі самі. Самі сябе зрабілі па-за падтрымкай улады. Але, паколькі з абдымкаў улады ў нас ніхто не выскачыць, то калі ўлада возьмецца за БАТЭ, апошнім давядзецца пагадзіцца. Але думаю, што карысці з гэтага для БАТЭ не будзе, нават калі каманда атрымае нейкія дадатковыя грошы ці нешта накшталт таго. Тут прыгадваюцца словы расійскага класіка: «Минуй нас пуще всех печалей и барский гнев, и барская любовь». Найлепш было б і для БАТЭ, і для беларускага футбола, і для аматараў, каб улада па-ранейшаму не звяртала ўвагі на БАТЭ. Ну, дапамагаюць будаваць новы стадыён каля Барысава, то і добра. Але ж гэты стадыён будуецца не спецыяльна для БАТЭ, а ўвогуле, бо мінскі стадыён “Дынама” пойдзе на рэканструкцыю, а матчы, у тым ліку міжнародныя, трэба ж у Беларусі недзе праводзіць.

Будоўля новых стадыёнаў і ўвогуле падтрымка масавага спорту – пэўны плюс. Сучасны вялікі спорт не можа быць па-за палітыкай. Гэта нават не залежыць ад тыпу ўлады – ці яна дэмакратычная, ці не. Алімпійскія гульні і іншыя спаборніцтвы сусветнага ўзроўню – гэта так ці інакш палітычныя гульні. Таму ідзе змаганне якраз ў палітычным дыскурсе за тое, каб чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусі не адбыўся ў сувязі з тым, што тут груба і сістэмна парушаюцца правы чалавека. Калі ўлада займаецца падтрымкай спорту, асабліва масавага спорту, - гэта добра. Але так не бывае, каб плён гэтай дапамогі ўлада не скарыстоўвала як палітычны аргумент на сваю карысць. 

Паводле http://eurobelarus.info