Валянціна Шчэтнікава: Для беларускіх пенсіянераў жыццё - вялікае выпрабаванне

23.03 07:04

У Беларусі з дня на дзень прымуць закон аб падвышэнні пенсійнага ўзросту для мужчын і жанчын. Як гэтую навіну ўспрымаюць самі пенсіянеры, мы пацікавіліся ў Валянціны Шчэтнікавай. На пенсіі яна не першы год, але без справы не сядзіць - удзельнічае ў жыцці горада. Пры гэтым не баіцца адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, не зусім звычайную для беларускіх пенсіянераў. У мінулым годзе Валянціна актыўна збірала подпісы за прывядзенне ў добры стан Грабянёўскага вадасховішча (Святога возера), а пад час прэзідэнцкіх выбараў уключылася ў назіранне за працай выбарчых камісій.  


Валянціна, навіна пра падвышэнне пенсійнага ўзросту ўскалыхнула беларускую рэчаіснасць? Як да яе паставіліся Вы?


Справа ў тым, што ўсе гэтыя законы, ў тым ліку і аб падвышэнні пенсійнага

ўзросту прымаюцца ў крызісны час. Сёння працы няма не тое, што людзям прадпенсійнага ўзросту, яе і для моладзі таксама няма. Няхай бы спачатку выйшлі з крызіса, а пасля прымалі такія рашэнні. А то ўсе прадпрыемствы стаяць - куды ісці працаваць?



Аніякага шанцу на падтрымку з боку саміх пенсіянераў такой ініцыятывы няма?


Калі карыстацца эканамічнай мэтазгоднасцю, то я вам скажу, што заробак паболей за пенсію будзе. Людзі з задавальнннем бы працавалі да 60 год, дакладна. Я ўпэўнена: лепей працаваць і атрымліваць заробак, чым тыя грашы, што нам сплочваюць на пенсіі. Ва ўсім свеце атрымаў пенсію - і паехаў глядзець свет, і толькі ў Беларусі атрымаў пенсію - і глядзіш у труну. Таму што гэтых грошай не хапае ні на што, асабліва, калі пенсіянер жыве адзін. За кватэру заплаціў, інтэрнет аплаціў, каву набыў, у аптэку схадіў - усё. Жыць няма за што!


Толькі трэба, каб мы былі ўпэўнены, што знойдзем працу ці не будзем выкінутыя на вуліцу за некалькі год да пенсіі. А калі ты сядзіш без працы і табе яшчэ павялічваюць тэрмін пенсіі, гэта проста жах. А пасля што, запішуць у тунеядцы?



Ва ўрадзе разглядалася некалькі варыянтаў падвышэння пенсійнага ўзросту. Які пенсійны ўзрост, на ваш погляд, больш пасуе беларусам?  


Цалкам супраць варыянта, калі мужчыны і жанчыны выходзяць на пенсію ў адзін і той жа ўзрост. Так, сярэдняя працягласць жыцця ў мужчыны меньшая, за жаночую, але гэта не значыць, што яны павінны меней працаваць. На мой погляд, жанчыны мінімум на 3 гады павінны выходзіць на пенсію раней за мужчын. На жанчыне дом і дзеці, ёй цяжэй сумяшчаць гэта з працай, а мужыкі нашыя што - прыйшлі з працы, завяліліся на канапу і ўсё. Можа таму жанчыны і даўжэй жывуць, бо больш адказнасці на іх.


А варыянт, калі абодва выходзяць на пенсію ва ўзросце 65 гадоў - увогуле цуд. Гэта атрымліваецца, што жанчыне накідаюць 15, а мужчыне толькі 10 год.


Ці павінны змены пенсійнага ўзросту ўтрымліваць нейкія выключэнні?


Тыя грамадзяне, якія сёння выходзяць на пенсію ў 45 год - такіх выключэнняў быць не павінна. Няхай гэтыя людзі будуць, як усе. Ну скончылася вашая дзяржслужба, дык вы проста зарабілі сабе нейкую частку пенсіі, а далей ідзіце працаваць, як усе.


Выключэнні павінны быць толькі для хворых людзей, ды тых, хто працуе на шкодных прадпрыемствах.


Якія змены вы б самі прапанавалі?


Трэба накласці абавязак на працадаўцу не чапаць людзей, якім засталося 5 год да пенсіі. Бо сёння - гэта паднявольныя людзі. Яны гатовы сцярпець усе парушэнні сваіх правоў. Не сплочваюць заробкі - маўчым, парушаецца працоўная дысцыпліна - маўчым. Яны гатовы на ўсё, каб толькі дагадзіць працадаўцу, а гэта патрэбна, каб пацягнуць да пенсіі, дапрацаваць. Бо кожны ведае, што ў сталым узросце цяжка засвоіць новую прафесію, не пойдзеш вучыцца і цябе ніхто не жадае браць на працу. Трэба стварыць сацпакет, каб усе за некалькі год да пенсіі былі недатыкальнымі, каб людзі не баяліся згубіць працу.


Ну а самі вы працавалі да пенсіі ці можа працавалі апасля?


За тры гады да надыходу пенсіі я звольнілася, каб даглядаць хворага на рак бацьку. Апасля са стажу мне выкрэслілі 6 год навучання і дагляда за дзецьмі, я нічога не змагла зрабіць і прыйшлося браць тое, што даюць, а на сёняшні дзень гэта 2 380 000 беларускіх рублёў.



Але ж пенсія - гэта не толькі выплаты, гэта пэўны адрэзак жыцця? Аб чым бы трэба было ў гэтым сэнсе паклапаціцца дзяржаве ці вас усё задавальняе?


Ад няма чаго рабіць старыя людзі збіраюцца на вуліцы на лаўцы. Каб пазбегнуць гэтага, я вырашыла займацца грамадзянскай дзейнасцю, стала сябрам БНФ. Тут дакладна кіпіць жыццё, у мяне ёсць магчымасць не толькі мець стасункі з цікавымі людзьмі, увесь час валодаць інфармацыяй, але таксама і нешта рабіць. Ці то гэта збор подпісаў, ці назіранне за выбарамі.


Цалкам выпадкова я даведалася, што ў нас ёсць на ўвесь горад цэлых тры цэнтра для пенсіянераў. Толькі пра гэта мало хто ведае. Трэба на кожным прыпынку, на кожным пад’ездзе распаўсюдзіць інфармацыю пра гэтыя цэнтры.


Вось вы кажаце, ва ўсім свеце пенсіянеры жывуць неяк не так, няўжо гэта праўда?

 

Я была за мяжой, бачыла на ўласныя вочы, як выглядаюць, як паводзяць, ставяць сябе пенсіянеры з іншых краін. Гэта заўсёды вельмі добры выгляд, яркая вопратка, станоўчы настрой. Яны - вольныя, незалежныя. Я гляджу на іх і цешуся, што хоць нехта атрымлівае асалоду на пенсіі. У іх не жыццё, а казка, а для беларускіх пенсіянераў жыццё - вялікае выпрабаванне.



 

Галерэя